Вучні СШ №3 г.Ашмяны наведалі аддзел рамёстваў i традыцыйнай культуры вёскi Паляны

Культура

Каб любіць сваю краіну, трэба знаёміцца з яе гісторыяй. Захапляцца не толькі далёкімі экзатычнымі краінамі, але і бачыць прыгажосць роднай старонкі, ганарыцца яе людзьмі і славутасцямі.

Недалёка ад Ашмян знаходзіцца незвычайнае месца — Паляны, радзіма краязнаўца і пьсьменніка Чэслава Янкоўскага. У гэтую вёску, у аддзел рамёстваў i традыцыйнай культуры вёскi Паляны, мы з вучнямі 2 “Б” класа СШ №3 і накіраваліся.

З цеплынёй нас сустрэла дырэктар аддзела Валянцiна Казiмiраўна Свiрская. Спачатку мы наведалі этнаграфічную музейную кампазіцыю ў выглядзе беларускай хаткі, нават з яе жыхарамі: гаспадаром, гаспадыняй і немаўляткам у калысцы. Падчас экскурсii панавала цiшыня. Вельмі было цікава! Усе вучнi ўважлiва слухалi аб жыцці беларусаў у даўнейшыя часы. На некалькі хвілін дзеці змаглі пабыць ў вобразе жыхароў вясковай хаткі, акунуцца ў яе побыт, даведацца аб прыладах працы, рамёствах, святах і абрадах сваіх продкаў.

Потым вучняў запрасілі падняцца на другі паверх у выставачную залу. Чаго толькі там не было?! Сярод экспанатаў вырабы з ільну, саломкі, гліны, лазы, бавоўны. Прадстаўлены вышыванкі, вязаныя i плеценыя рэчы, прадметы хатняга побыту.

Напрыканцы экскурсіі мы сталі актыўнымі ўдзельнікамі майстар-класа па вырабе саламянай птушкі, якая па вер’і прыносіла дабрабыт і шчасце.

Наведванне музея з’яўляецца адным з крокаў па далучэнні дзяцей да традыцый і каштоўнасцей беларускай спадчыны, што вельмі актуальна падчас арганізацыі мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой Радзімы.

Ганна МАЦЭВIЧ, настаўніца пачатковых класаў СШ №3.