Валанцёрскія атрады завітаюць з падарункамі перад Новым годам да сваіх сяброў

Культура

Ва ўстановах адукацыі раёна поўным ходам ідзе падрыхтоўка да навагодніх свят. Яркае ўбранне набываюць школьныя фасады, рознакаляровымі агеньчыкамі мігцяць вокны кабінетаў. Лясныя прыгажуні перабіраюцца ў класы і холы.  Фантазія настаўнікаў і дзяцей праяўляецца ў вытанчаных сняжынках-выцінанках, што запаланілі аконныя праёмы, ёлачных цацках і гірляндах, карнавальных касцюмах і, канешне, у падарунках. Без іх не абыходзіцца ні адно свята, а тым больш – Новы год.

Адметна тое, што ў творчых казачных майстэрнях працуюць дзеці рознага ўзросту. Валанцёрскія атрады, створаныя ва ўсіх школах раёна і цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, рыхтуюць падарункі для людзей, якія па пэўных прычынах не маюць магчымасці ў поўнай меры адчуць асалоду ад свята. Акцыя “На крылах дабра і міласэрнасці” распачнецца 20 снежня. Школьнікі завітаюць у госці да адзінокіх пажылых людзей, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, каб  падарыць ім часцінку сваёй ўвагі і цяпла і павіншаваць з надыходзячымі Калядамі і Новым годам.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

На здымках: кіпіць работа ў творчых майстэрнях СШ №3 і цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.