У школах Ашмянскага раёна рыхтуюцца да сустрэчы з дзятвой лядовыя пляцоўкі

Общество

Вось і прыйшла доўгачаканая зіма. І адразу ж з марозам і снегам. А тут і верш Петруся Броўкі дарэчы ўзгадаўся: “Ой, зіма, зіма, зіма! Весялей цябе няма! Горка, санкі, гоман, смех, сіні вечар, белы снег…”

Дзеці зіму любяць не толькі за навагоднія святы з падарункамі і адчуваннем сапраўднага цуда, але і таму, што яна дорыць магчымасць пакатацца на лыжах і каньках. Калі надвор’е будзе адпавядаць календару, то і ашмянскія хлопчыкі і дзяўчынкі, а з імі і дарослыя змогуць адчуць гэту зімовую радасць.

Па словах начальніка ўпраўлення адукацыі Святланы Баркоўскай, ва ўсіх пятнаццаці ўстановах адукацыі раёна ўжо прыступілі да заліўкі каткоў. А ў СШ №1, школе-інтэрнаце і на гарадской пляцоўцы, што ў квартале Будаўнікоў, можна будзе “скрыжаваць” клюшкі аматарам гульні ў хакей. Лядовыя каробкі рыхтуюцца да сустрэчы з хакейнымі фанатамі.

У гэтыя дні шчыруюць на школьных катках настаўнікі фізічнага выхавання і тэхнічныя работнікі. На дапамогу ім прыйшлі і дзеці, бо вельмі ж хочацца як мага хутчэй разрэзаць канькамі ледзяное люстэрка. Вечарам трамбаваць снег на хакейнай пляцоўцы ў квартале Будаўнікоў будуць работнікі сектара спорту і турызму.

Калі ў вас няма канькоў ці лыжаў, не сумуйце. Іх можна будзе ўзяць напракат ва ўстановах адукацыі. Пракат канькоў розных памераў арганізуе таксама фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.