Загаўліны па-кракоўску

Культура

Закончыліся восеньскія работы, адбыліся дажынкі, адшумелі вяселлі, можна і адпачыць трошкі. Так палічылі ў Кракоўскім аддзеле культуры і вольнага часу і запрасілі да сябе ў госці аднавяскоўцаў на вячоркі.

У гэты час пачынаецца апошні ў годзе пост — Калядны або Піліпаў (у праваслаўных), ці Адвэнт (у католікаў), які працягнецца аж да самага Нараджэння Хрыстова. З дня ўшанавання апостала Піліпа пачыналіся вячоркі: жанчыны доўгімі вечарамі збіраліся, каб заняцца рукадзеллем, паспяваць, а дзяўчаты рыхтавалі сабе пасаг: ткалі, шылі, вышывалі і пры гэтым, вядома, таксама спявалі песні, танцавалі, удзельнічалі ў гульнях, карагодах.

У час сучасных тэхналогій і жыцця, напоўненага інтэрнэт-інфармацыяй, цяжка захаваць народныя традыцыі, аднак заставалася ў народа любоў да песень, танцаў, гульняў, жартаў. Таму і работнікі аддзела культуры аг. Кракоўка вырашылі: будзем вучыцца ў нашых продкаў, якія і ў горы, і ў радасці не забываліся пра свае карані.

А другой палове дня вяскоўцы заспяшаліся у мясцовы клуб на сустрэчу з самадзейнымі артыстамі з Будзёнаўкі, каб разам з імі прыняць удзел у тэатралізаваным абрадзе з народнымі песнямі, забавамі, танцамі і гумарам, паспрабаваць пачастункі, удосталь падсілкавацца, прадэманстраваць асабістыя рэцэпты прыгатавання поснай ежы і весела, па-кракоўску, зацягнуць паясы тужэй і ўвайсці ў пост.

Добры настрой на працягу вячорак стваралі ўдзельнікі творчых аб’яднанняў сельскага клуба в. Будзёнаўка, вакальны ансамбль “Сустрэча” пад кіраўніцтвам Алены Калыбінай, дзіцячы танцавальны гурт AZART аддзела культуры і вольнага часу аг. Кракоўка (кіраўнік – Нэлла Розель), а таксама суседкі-сяброўкі Таццяна Чэрская, Святлана Ганусевіч, Роза Яцуковіч і Ганна Турноўская.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота з архіва аддзела культуры і вольнага часу аг.Кракоўка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *