Гучыць у горадзе “Хава нагіла”. У Ашмянах адбылася гістарычная гасцёўня “Ля вытокаў праўды”

Культура

У краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча адбылася гістарычная гасцёўня пад назвай “Ля вытокаў праўды”. Прысвячалася пасяджэнне аднаму з самых старажытных і загадкавых народаў свету – яўрэям, карані якіх прараслі і на ашмянскай зямлі.

Што звязвае гэты народ з нашым горадам? Перш гісторыя, якая налічвае больша за 300 год. Першая яўрэйская абшчына ў Ашмянах ўзнікла дзесьці ў ХVII стагоддзі. Яўрэяў прыцягвала ў наш край блізкасць да Вільні, што садзейнічала эканамічнаму развіццю рэгіёна, а таксама той факт, што Ашмяны былі горадам, а гэта стварала ўмовы для развіцця гандлю і рамяства. Прадстаўнікі яўрэйскай абшчыны займалі важнейшыя пазіцыі ў эканоміцы горада, валодалі вядучымі прамысловымі прадпрыемствамі. Купцы другой гільдыі Лейба Стругач і Абрам Богад заснавалі вінакурна-дражджавыя заводы. Уладальнікамі гарбарных майстэрань былі Авель Піктушанскі, Лейзер Блох, Іцка і Янкель Саладухі. Завод разынкавага віна належаў Юлію Шміту, тытунёвая фабрыка – Боруху Рышдзінскаму і Шлёме Гершатару.

Шмат цікавых звестак сабралі пра яўрэяў супрацоўнікі музея Ірына Бусловіч і Святлана Чарняк. Аказваецца, яўрэі прымалі актыўны ўдзел у палітычным жыцці горада. Наяўнасць значнай колькасці бедных рабочых і рамеснікаў стварала ўмовы для распаўсюджвання рэвалюцыйных ідэй. Агітацыя вялася на ідышы, рускай і польскай мовах. У выніку на працягу 1896 года ў Ашмянах прайшло больш за 10 забастовак рабочых-гарбарнікаў, якія выступалі за свае правы.

Яўрэі былі неад’емнай часткай сацыяльнага і культурнага ландшафту горада. У Ашмянах на вуліцы Пілсудскага знаходзілася дзяржаўная бальніца на 60 ложкаў. У медыцынскіх установах горада на той час працавала 15 урачоў-яўрэяў. У 1912 годзе ў Ашмянах дзейнічала дабрачыннае яўрэйскае таварыства “Эзра”.

Сёння ў нашым горадзе пражывае толькі некалькі яўрэйскіх сем’яў, аднак яшчэ шмат засталося сведкаў – мясцовых жыхароў, якія жылі з імі побач, не толькі заўважалі, але і пераймалі іх культуру і элементы побыту. Старажылы-ашмянцы ўспамінаюць яўрэяў з сімпатыяй і цеплынёй, і жартам гавораць, што лепш за ўсё было мець справу з яўрэямі, чым з не яўрэямі.

Яўрэйская спадчына стала часткай жыцця ашмянцаў. Гэта пацвердзіла настаўніца матэматыкі СШ №3 Ядзвіга Прасалоўская, якая на працягу некалькіх год самастойна і разам з вучнямі займаецца зборам матэрыялаў пра гэты народ. Пачалося ўсё з удзелу ў беларуска-польскім праекце па вывучэнні яўрэйскай спадчыны. Так узніклі напрацоўкі па тэмах “Халакост у гісторыі сям’і Шацман”, “Дарогай пакаяння” (пра яўрэйскі могільнік у горадзе), “Яўрэйская кухня”.

Частка матэрыялаў, сабраных Ядзвігай Казіміраўнай, грунтуецца на ўспамінах жыхароў горада, якія жылі побач з яўрэямі, разам працавалі, сябравалі сем’ямі. Такім сведкам з’яўляецца і ашмянка Галіна Багдановіч, якая падзялілася ўспамінамі аб трагічнай старонцы з гісторыі яўрэйскага народа – масавым растрэле падчас Вялікай Айчыннай вайны ля Ягелаўшчыны. На жаль, Галіна Пятроўна была яшчэ зусім малой, і ў дзіцячай памяці не захавалася ўспамін пра яўрэйскае гета ў Ашмянах, аднак пра гэтыя страшныя падзеі не раз распавядала дзяўчынцы маці.

Гета было створана ў горадзе ў кастрычніку 1941 года. Знаходзілася яно ў межах вуліц Польнай (Аўдзеева), Віленскай (Чырвонаармейскай) і Савецкай, уключаючы сінагогу. На пачатак мая 1942 года ў гета знаходзілася каля дзвюх тысяч чалавек. У лістападзе больш за 600 яўрэяў было растраляна на хутары Вуглеева, каля Талмінава. Астатніх чакаў лагер смерці Панярай.

Неад’емным элементам культуры яўрэйскага народа служыць сінагога. У міжваенны перыяд у горадзе было тры сінагогі і чатыры малельныя дамы. Пасля вайны сінагога ў Ашмянах была зачынена. У ёй размяшчаліся хлебакамбінат, нарыхтоўчая кантора, склад спажывецкага таварыства…

З архітэктурнымі асаблівасцямі сінагогі прысутных пазнаёміла дырэктар краязнаўчага музея Настасся Навіцкая.

Працягам яе выступлення стала даследаванне дзесяцікласніцы Кальчунской сярэдняй школы Карыны Пяткевіч «Сімвал льва ў іудзейскай культавай архітэктуры». Школьніца разам з аднакласнікамі пад кіраўніцтвам педагога Вольгі Навіцкай выканала макет льва з франтона Ашмянскай сінагогі.

Музычным працягам тэмы стала выступленне педагогаў Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяны Чэрскай і Ірыны Асмольскай, якія выканалі яскравыя яўрэйскія кампазіцыі «Хава нагіла» і «Тум-балалайка».

Падводзячы вынікі пасяджэння, Настасся Навіцкая заўважыла:

— Нягледзячы ні на што габрэйскія спадчына горада жыве: дамы са стогадовай гісторыяй сталі месцам пражывання сучасных ашмянцаў, па-ранейшаму ў Ашмянах працуе дражджавы завод Лейбы Стругача, сінагога— аб’ект наведвання для зацікаўленых турыстаў. Пакуль гэтыя помнікі існуюць — жыве злучальная повязь часоў; страціўшы яе, мы згубім частку аблічча і частку душы нашага горада.


Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *