Міжнародная краязнаўчая гасцёўня “Сустрэчы ў лістападзе” прайшла на Ашмяншчыне

События

Міжнародная краязнаўчая гасцёўня да дня нараджэння знакамітага вучона, урача, філосафа, асветніка, сына беларускага, польскага і літоўскага народаў Енджэя Снядэцкага «Сустрэчы ў лістападзе» ў чарговы раз прайшла на Ашмяншчыне.

Чаго мы чакаем ад восені? Нуднага дажджу. Абрынутага пад ногі неба. Смутку і жальбы па сонечных цёплых днях. У кожнага сваё ўспрыманне гэтай пары годы. Неабыякавыя да гісторыі ашмянцы чакаюць найперш ад восені новых уражанняў і новых сустрэч… «Сустрэч у лістападзе», якія дораць новыя адкрыцці і знаёмствы, цеплыню і шчырасць і адганяюць няўтульнасць восеньскіх азызлых дзён. Не раз задавала сабе пытанне, чаму хочацца прыходзіць на такія сустрэчы зноў і зноў. Менавіта таму, што тут не бывае выпадковых людзей, тут усё натуральнае, сапраўднае: адносіны, пачуцці, уражанні, твары… Аўтар польскамоўнага сайта «Ашмяншчызна» з горада Быдгошч Міхал Буткевіч у адказе на пытанне, як ён адчувае сябе на Ашмяншчыне, прызнаўся, што лічыць гэты куток Беларусі родным і блізкім, бо тут ёсць сябры і аднадумцы, аб’яднаныя жаданнем ведаць гісторыю сваёй зямлі і ганарыцца людзьмі, якія тут жылі і жывуць зараз.

Верагодней за ўсё, і Енджэй Снядэцкі ў аднолькавай меры любіў і Польшчу, дзе нарадзіўся, і Літву, дзе вучыўся і працаваў, і Беларусь, якая стала месцам яго вечнага спачыну.

— Наўрад ці знойдзеш у свеце такую шматгранную постаць, як Енджэй Снядэцкі, — зазначыў доктар біялагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Майсяёнак падчас урачыстага мерапрыемства ў Ашмянах. — Гэта аб’ядноўваючая сіла, якая звязвае вучоных, гісторыкаў, краязнаўцаў. Яго адкрыцці і высновы актуальныя і сёння. Я ганаруся тым, што трымаю ў руках яго працу » Аб фізічным выхаванні дзяцей», выдадзеную на беларускай мове. Шчыра віншую вас, ашмянцы, з гэтай падзеяй!

Вялікае кола вучоных-біяхімікаў з трох краін і зацікаўленых гісторыяй людзей сабрала ў нашым горадзе значная дата: напрыканцы лістапада спаўняецца 250 год з дня нараджэння вучонага. У юбілейны год мерапрыемствы з гэтай нагоды ладзяцца ў Польшчы, Літве, а таксама ў Беларусі. У мінулы чацвер першая беларуска-польска-літоўская навуковая канферэнцыя «Сігналізацыя і метабалізм» прайшла ў Гродне. Затым удзельнікі навуковага форуму, да якіх далучыліся прадстаўнікі адміністрацыі Шальчынінскага раёна Літвы, таварыства «Польшча — Усход» з горада Мінск Мазавецкі (Польшча), дэлегацыі ўстаноў адукацыі Літвы і Польшчы, з якімі ў Кальчунскай СШ наладжаны трывалыя стасункі, наведаліся ў Ашмяны.

Тут адбылася канферэнцыя «Памяці вучонага». Перад гэтым традыцыйна ў Гародніцкай капліцы прайшла імша ў памяць аб знакамітым вучоным, якую адслужыў ксёндз-пробашч касцёла Святога арханёла Міхаіла Ян Пузына, затым удзельнікі мерапрыемства ўсклалі вянкі да магілы Енджэя Снядэцкага і наведалі народны гісторыка-краязнаўчы музей Кальчунскай школы.

Урачыстасць прадоўжылася ў канферэнц-зале райвыканкама. Удзельнікаў навуковай канферэнцыі і шматлікіх гасцей прывітала намеснік старшыні райвыканкама Наталля Станкевіч:

— Асноўная ідэя такіх мерапрыемстваў заключаецца ў захаванні гістарычнай спадчыны нашых народаў. Мы павінны памятаць імёны асоб, якія садзейнічалі развіццю нашай зямлі, плён працы якіх праз стагоддзі дае імпульс да новых адкрыццяў і новых праектаў, становіцца фундаментам ва ўмацаванні эканамічных, культурных і духоўных стасункаў паміж дзяржавамі.

З прывітальным словам звярнуліся да прысутных старшы супрацоўнік аддзела асветы Шальчынінскага самакіравання Генрых Данулевіч, дарэчы, карані якога бяруць пачатак на ашмянскай зямлі, старшыня таварыства «Польшча-Усход» з г. Мінск Мазавецкі Чэслаў Гонгаль, старшыня Літоўскага біяхімічнага таварыства, прафесар універсітэта Вітаўтаса Вялікага з Каўнаса Віда Мілдажэне, прэзідэнт Польскага біяхімічнага таварыства, акадэмік Польскай акадэміі навук прафесар Анджэй Легоцкі.

— Тое, што зрабіў Енджэй Снядэцкі, непадуладна часу, — зазначыў прафесар Легоцкі. — Адукацыя і навука, на шчасце, не маюць межаў — яны належаць усім. І гэта мы бачым на прыкладзе вялікага вучонага, гуманіста, хіміка. Ён пакінуў нам гістарычную спадчыну і рэзультаты сваіх навуковых адкрыццяў. Сёння дзякуючы яму мы маем магчымасць сустракацца, дзяліцца сваімі даследаваннямі, абмяркоўваць навуковыя праблемы, з якімі сутыкаемся ў нашых лабараторыях.

Аб значнасці постаці Енджэя Снядэцкага, яго ўнёску ў развіццё хіміі і медыцыны вялі размову прафесар інстытута біяарганічнай хіміі Польскай акадэміі навук Ян Барцішэўскі, супрацоўнік бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук Біруце Райлене, дырэктар музея Яшунскага палаца (Літва) Казіміж Карпіч, доктар біялагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Майсяёнак.

Падчас канферэнцыі прайшла прэзентацыя кнігі Енджэя Снядэцкага «Аб фізічным выхаванні дзяцей», якая дзякуючы намаганням намесніка дэрыктара Кальчунскай школы, ідэйнага натхняльніка і арганізатара традыцыйных «Сустрэч у лістападзе» Таццяны Давідовіч пабачыла свет у перакладзе на беларускую мову, тым самым стала даступнай для ўсіх, асабліва для бацькоў і настаўнікаў, якім у значнай меры і адрасуецца гэта выданне. Да гэтай вартай увагі справы прычыніліся таксама Мечыслаў Яцкевіч, Андрэй Майсяёнак, Яўген Майсяёнак, Тэрэза Івашкевіч, Таццяна Іоніс, Ігар Семяненя.

Творчую нотку ў навуковае мерапрыемства ўнеслі дырэктар музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку Мікалай Гайба і паэт Рычард Бялячыц са Шчучына, якія прачыталі пераклады «Тостаў» Адама Міцкевіча, а таксама ўласныя паэтычныя радкі, прысвечаныя знакамітаму юбіляру. Шыкоўны падарунак да юбілейнай даты зрабілі настаўнікі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў, якія падрыхтавалі канцэртную праграму. Ва ўрачыстасці прыняў удзел творчы дзіцячы калектыў СШ №1. Супрацоўнікі краязнаўчага музея арганізавалі выставу.

Завяршылася канферэнцыя ўручэннем стылізаваных крыштальных кляновых лістоў. Іх Таццяна Ягораўна падарыла гасцям, а таксама арганізатарам юбілейнай урачыстасці, як напамін аб слаўным чалавеку, імя і справу якога непадуладны сцерці гады, пакуль жывуць апантаныя людзі, якія памятаюць аб сваім прызначэнні на гэтай зямлі.

-Я шчыра дзякую ўсім, хто дапамог мне ў падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства, хто быў з намі на працягу ўсіх васьмі сустрэч, і хто далучыўся толькі сёння, хто ўшаноўвае памяць аб нашым земляку праз дапамогу ў рэстаўрацыі помніка на яго магіле, аднаўленні абраза ў Гародніцкай капліцы, падлогі і крыпты ў гэтым святым месцы, — зазначыла Таццяна Ягораўна. — Я ўдзячна вучням і іх бацькам, настаўнікам і адміністрацыі Кальчунскай школы за сумесную працу па стварэнні і дзейнасці школьнага музея. Сённяшнія «Сустрэчы ў лістападзе» адбыліся дзякуючы падтрымцы старшыні райвыканкама Міраслава Сарасека, яго намесніка Наталлі Станкевіч, начальніка ўпраўлення адукацыі Святланы Баркоўскай, дырэктара ААТ «Ашмянскі мясакамбінат» Івана Лупіша, дырэктара раённага краязнаўчага музея Настассі Навіцкай, дырэктара Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Жанны Мажэйкі, настаўнікаў і вучняў нашай школы. Вялікі дзякуй хочацца сказаць і ашмянцам, што прысутнічаюць у гэтай зале, за памяць і жаданне ведаць свае карані.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *