У Ашмянах прайшла творчая сустрэча з паэтэсай Валянцінай Гіруць-Русакевіч

Культура

Шэрая восень, якая сумна пазірае на нас з-за шыбаў, якая пранізлівым ветрам і халодным калючым дажджом імкнецца забрацца за каўнер, была б невыноснай, каб не цёплыя сустрэчы, што дорыць нам жыццё. Для іх, на шчасце, няма дрэннага надвор’я. Яны разганяюць хмары, разгладжваюць маршчынкі, на нябачных крылах пераносяць нас у маладосць, у бесклапотнае дзяцінства, выклікаюць на тварах усмешкі…

Менавіта такой стала чарговая сустрэча з таленавітай зямлячкай, паэтэсай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянцінай Гіруць-Русакевіч. Творчая вечарына «Зямлі маёй і землякам» прайшла ў раённай цэнтральнай бібліятэцы акурат праз пяць гадоў пасля мінулай імпрэзы і супала з асабістым юбілеем творцы.


Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, уладальнік дыплома ІІ ступені «Лепшы твор 2011 года» рэспубліканскага літаратурнага конкурсу ў галіне песеннага жанру, лаўрэат Мінскай абласной прэміі ў галіне літаратуры ў намінацыі «Паэзія» і ў намінацыі «Дзіцячая і падлеткавая літаратура». Узнагароджана медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру». Прысвоена званне «Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі».


З асаблівай цікавасцю слухалі ўдзельнікі літаратурнага клуба «Сустрэча» Валянціну Францаўну, яе шчырыя радкі, прысвечаныя роднай старонцы, маці, дзяцінству, каханню і знаходзілі ў іх… сябе, сугучныя ўспаміны, уласныя пачуцці і перажыванні. Паэтэса быццам абагуліла ў сваіх вершах усё тое, што блізка кожнаму з нас. Яна піша мовай сэрца — нездарма так называецца адзін з яе зборнікаў, — таму яе творы такія зразумелыя і душэўныя.

Дзяўчынку з Міхайлоўшчыны лёс даўно закінуў на Валожыншчыну, аднак яна і сёння з непрыхаваным хваляваннем успамінае родную вёску, празрыстае люстэрка Клявы, у якой лавілі рыбу, знаёмыя да дробязяў лясныя абшары, што адорвалі маленькіх ягаднікаў-грыбнікоў.

Між зямель Валожынскай і Іўеўскай

Ёсць куток, які заўжды прытуліць,

Што мне стаў вытокам і калыскаю —

Вёска Міхайлоўшчына-матуля.

У лугавыя травы ўплятаецца

Каснічок ракі, Клявой завецца,

Вербы з вольхамі над ёй схіляюцца,

Нібы ў люстэрка паглядзецца.

Радзіме Валянціна Францаўна ўдзячна не толькі за светлыя ўспаміны, але і за крылы творчасці, за цудоўную беларускую мову, без якіх немагчыма ўявіць паэзію Гіруць — Русакевіч.

Дарэчы, і першыя творчыя крокі Валянціна зрабіла менавіта на Ашмяншчыне. Пяцьдзясят гадоў таму ў раённай газеце «Красное знамя» быў надрукаваны яе першы верш. Тут, у раёнцы, яна праходзіла практыку, калі была студэнткай факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пасля заканчэння БДУ Валянціна Францаўна працавала ў рэдакцыі валожынскай раённай газеты «Працоўная слава», на раённым радыё, загадчыкам аддзела інфармацыі Валожынскага раённага выканаўчага камітэта. На Валожыншчыне, якая стала для паэтэсы другой радзімай, склалася яе сямейнае шчасце. Лёс наканаваў ёй галоўную сустрэчу ў жыцці — сустрэчу з Рыгорам Мікалаевічам Русакевічам, падарыў двух сыноў і пяцёра ўнукаў.

Тут набіраўся моцы, сталеў яе паэтычны талент. У 1996 годзе пабачыў свет першы зборнік Валянціны Гіруць — Русакевіч «Я адкрываю вам душу». З яго пачаўся шлях паэтэсы ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Зараз чытачы могуць пазнаёміцца з яе кнігамі «Пад зоркаю лёсу», «Мовай сэрца», «Каляровыя вятры», зборнікам, які выйшаў сёлета і які Валянціна Францаўна прэзентавала падчас сустрэчы «На нітцы часу». Выстава з аднайменнай назвай была зладжана ў раённай бібліятэцы.

Асобнай старонкай у творчасці Валянціны Францаўны стала паэзія для дзяцей, якой, відаць, пасадзейнічала з’яўленне ўнукаў. У вершаванай форме знаёміць паэтэса хлопчыкаў і дзяўчынак з прадстаўнікамі фауны Беларусі ў кніжцы «А ці ведаеце вы?»

Шмат вершаў Гіруць — Русакевіч пакладзены на музыку. Некалькі песняў са зборніка вакальных твораў «Беларусанька», кампазітарам дзе выступіў Уладзімір Гаркуша, змаглі паслухаць і ўдзельнікі клуба «Сустрэча». Хвіліны сапраўднай асалоды падарылі аматарам вершаванага радка салісты Валожынскага раённага цэнтра культуры Аляксандр Шаўчэнка і Вольга Дзядуль.

Талент прыцягвае талент — да такой высновы нельга не прыйсці, калі сустракаешся з неардынарным чалавекам, такім, напрыклад, як Валянціна Францаўна. На працягу шэрагу гадоў яна з’яўляецца кіраўніком народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь». У яго ўваходзяць мастакі слова, выканаўцы, кампазітары. Сем «рунеўцаў» — члены Саюза пісьменнікаў. Аб’яднанне выдае калектыўныя зборнікі, дапамагае маладым талентам, ладзіць сустрэчы і канцэрты. Дарэчы, некалькі год таму творчая імпрэза адбылася ў Мураванай Ашмянцы, а крыху раней «рунеўцы» прымалі гасцей з нашага раёна — мясцовых паэтаў — на валожынскай зямлі.

Як з добрымі знаёмымі, з наведвальнікамі раённай бібліятэкі вяла размову Валянціна Францаўна і ў гэты раз:

Вось і сталася наша сустрэча,

Дарагія мае землякі!

Дня вам добрага!

Добры вам вечар!

Для мяне вы ўсе — сваякі.

Як ціхаплынная рака, што спакойна нясе свае воды, цякла гутарка падчас сустрэчы. Валянціна Францаўна ахвотна адказвала на пытанні, чытала вершы на тэмы, што падказвалі ўдзячныя слухачы, дзялілася самым патаемным. І здавалася, няма ніякай дыстанцыі паміж прыхільнікамі паэтычнага радка і уганараванай творцай, бо яднае іх адна зямля, імя якой Ашмяншчына.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *