Сям’я з Ашмян выхоўвае 11 дзяцей

Общество

Сакрэт шчасця, паспяховасці, душэўнай раўнавагі, упэўненасці ў сабе, адкрытасці свету і людзям, як не дзіўна, не ў колькасці аўтамабіляў ці кватэр, не ў памеры банкаўскага рахунку, не ў ганаровых званнях і высокіх пратэкцыях…

Гэты сакрэт у бясхмарным дзяцінстве, у гарманічнай сям’і, дзе пануюць любоў і згода, дзе тата і мама дораць клопат і ласку і з’яўляюцца тым прыкладам, на які заўсёды раўняюцца дзеці.

Сагрэтыя пад бацькоўскім крылом, быццам тыя птушаняты, з часам вылятаюць дзеці з роднага гнязда, аднак светлыя ўспаміны аб утульным доме, аб блізкіх людзях даюць сілы на працягу ўсяго жыцця, падтрымліваюць у самыя складаныя моманты. Штодзённыя сумесныя вячэры, радасныя дні нараджэння з няхай сабе невялікімі, але такімі прыемнымі падарункамі, сямейны прагляд кінафільма з далейшым абмеркаваннем сюжэту, паход або экскурсія і нават праца на агародзе — вось тыя цаглінкі, з якіх складаецца шчаслівае дзяцінства. Менавіта туды хочацца вярнуцца нават праз дзесяцігоддзі, бо дома ты заўсёды жаданы госць, бо для маці ты і дарослы застанешся дзіцём.

А што, калі такога надзейнага прытулку няма і ніколі не было? Калі ніхто цябе не чакае дома? Калі табе, яшчэ немаўляці ці «зялёнаму» падлетку, здрадзілі самыя блізкія людзі?! Каму пасля гэтага верыць?

Лякарства ад здрады

Кажуць, час усё лечыць. Кажуць, дзеці, якія ў дашкольным узросце пабывалі ў сацыяльным прытулку ці інтэрнаце, хутка пра ўсё забудуцца. Кажуць тыя, хто не гадаваў такіх «падбітых птушанят».

Алена Аляксандраўна і Мікалай Уладзіміравіч Паповы не першы год лечаць параненыя дзіцячыя сэрцы, вяртаюць малечы ўсмешкі, вучаць радавацца жыццю і не трымаць зла, дапамагаць і дараваць.

Пяты год працуюць яны бацькамі-выхавацелямі ў доме сямейнага тыпу ў Ашмянах. Зараз у іх трое сваіх і васьмёра прыёмных дзяцей, якіх яны таксама лічаць сваімі.

— Нашы дзеці ніколі не бываюць у прытулку, — адзначае Алена Аляксандраўна. — Нават падчас законнага адпачынку. Яны ж дамашнія, яны не пражывуць там.

Прывыкнуць да новай сям’і, да новых мамы і таты дзецям дапамагаюць любоў і давер. Менавіта іх Алена Аляксандраўна і Мікалай Уладзіміравіч лічаць галоўнымі ў адаптацыі. Давяраюць самі і заваёўваюць давер у дзяцей. Адныя «адтайваюць» хутчэй, іншым трэба больш часу. Напрыклад, Віка, якую пасля разам з сястрычкай усынавілі, прызнала новых бацькоў, калі яны забралі паўтарагадовую Дашу і не дазволілі разлучыць сясцёр.

Першае знаёмства

Сустрэчы з выхаванцамі дома сямейнага тыпу заўсёды хвалюючыя. А ці захочуць дзеці размаўляць? Ці раскажуць пра сябе, свае захапленні і мары? Ці атрымаецца «намаляваць» хоць кароценькі партрэт кожнага? Ведаеце, гэтыя страхі рассейваюцца пасля першага прывітання. Абавязкова знаходзяцца лідары, няўрымслівыя хлапчукі або дзяўчаты, якія папярэдзяць усе пытанні і выдадуць усе сакрэты.

На гэты раз знаёмства пачалі з малодшых, бо менавіта яны прыцягвалі ўсеагульную ўвагу. Валерыя і Ілья забаўляліся на дыване сярод пакоя і, па праўдзе кажучы, іх мала непакоілі госці. Праўда, трохгадовы хлопчык расказаў, што хутка збіраецца да мамы — у лістападзе ён у чарговы раз вернецца дамоў. Хочацца верыць, што назаўсёды.

Другакласніца Святлана таксама не асабліва прыслухоўвалася да дарослых. Праўда, з ахвотай дэманстравала свае вакальныя здольнасці. У СШ №1 яна наведвае заняткі ў Мікалая Паўлавіча Федарэнкі і ўжо паспела трапіць на сцэну. Зрэшты, спяваць любяць і Надзя, і Дзіяна, і Данііл. Што называецца, хто першы дарвецца да мікрафона, той і саліруе.

Назар і Надзя — пагодкі, яны з адной сям’і, аднак знаходзяць агульную мову не толькі паміж сабой, але і з астатнімі дзецьмі. Дарэчы, родныя таксама дзевяцікласнік Глеб і шасцікласніца Дзіяна. Самым гаваркім аказаўся Данііл, ён ахвотней за ўсіх расказваў пра сваю вялікую сям’ю. Бавіць час з хатнімі жывёламі больш за іншых любіць Дзмітрый. Пад яго апекай Белка, Мухтар і Мурзік, які, дарэчы, без цяжкасцей, адшукаў свайго юнага гаспадара і забраўся да яго на рукі.

Старэйшыя Павел і Іван вучацца ў аграрна-тэхнічным каледжы, няхай сабе і па-дзіцячы, але ўжо глядзяць у дарослае жыццё, якое зусім хутка запатрабуе самастойнасці.

Вар’яты ці святыя?

А пакуль усе яны пад пільным наглядам Алены Аляксандраўны і Мікалая Уладзіміравіча, якіх адны назавуць вар’ятамі (узяць на сябе адказнасць за столькіх дзяцей!), другія — святымі (не кожны знойдзе ў сабе сілы гадаваць чужых дзяцей). Між іншым, ні адно параўнанне справы не мяняе: гэтыя людзі з вялікім сэрцам дораць любоў і цяпло, ратуюць ад роспачы і адзіноты.

Галоўным дарам яны называюць жыццё і вучаць дзяцей быцьудзячнымі сваім родным матулям за гэты дар. Астатняе склалася так, як склалася…

Алена і Мікалай Паповы ўжо выпусцілі ў дарослае жыццё двух сыноў — блізнят Максіма і Міхаіла, радуюць бабулю з дзядулем чацвёра ўнукаў. Гэтыя асабістыя абставіны ніколькі не перашкаджаюць Паповым працягваць клапаціцца пра ўзятых пад сваё крыло дзяцей.

Чатыры гады таму Алена і Мікалай пакінулі наседжанае гняздо ў Смаргоні і прыехалі ў Ашмяны. Яшчэ задоўга да таго яны бралі ў інтэрнаце дзяцей на канікулы або выхадныя, дапамагалі мясцоваму сацыяльнаму прытулку. Іх сям’ю ў суседнім райцэнтры даўно ведалі як патранатную. Ведалі і тое, што ім можна даручыць лёсы дзяцей, а таму прапанавалі стаць бацькамі-выхавацелямі.

Лепш за сям’ю можа быць толькі… сям’я

Дзяцей, якія знаходзяцца на выхаванні ў Алены Аляксандраўны і Мікалая Уладзіміравіча, жыццё патрапала. Хтосьці прайшоў праз прытулак і інтэрнат, хтосьці пабываў на судзе і, стоячы за дзвярыма, чуў, як родная маці адмаўляецца ад бацькоўскіх правоў, некаму «пашчасціла» абысціся прытулкам… Усе яны добра ведаюць, што лепш за ўсё ім тут.

На пытанне, ці строгія бацькі, свавольнік Дзіма здзіўлена паглядзеў і шчыра адзначыў, што мама і тата — хутчэй добрыя сябры. Алена Аляксандраўна і Мікалай Уладзіміравіч выхоўваюць у дзяцей пачуццё сям’і, у якой няма строгага падзелу ў абавязках — ёсць неабходнасць дапамагаць.

Мяркуйце самі: у сям’і Паповых галоўны кухар — тата! Мама таксама часам кулінарыць, але ў яе выкананні больш карыстаецца попытам слодыч. Добра ўпраўляецца з чарпаком і Іван, які атрымлівае прафесію повара. Па чарзе дзяжураць па кухні ўсе дзеці, аднак калі ў дзяжурнага няма часу, кожны прыбірае за сабой.

Глеб і Данііл, якім лягчэй даецца вучоба, правяраюць у малодшых урокі. Старэйшыя дапамагаюць малечы сабрацца ў школу, штосьці папрасаваць, заплесці дзяўчатам косы. Той, хто мае свабодны час, корміць курэй, качак, індыкоў, рыбак у акварыуме. Разам з бацькамі шчыруюць дзеці і на агародзе, разам прыбіраюць дома. Усёй сям’ёй збіраюцца вечарамі ля блакітнага экрана, каб паглядзець цікавую кінастужку, дружна рыхтуюцца да свят — дзён нараджэння, Новага года, 8 Сакавіка, Раства Хрыстова.

Мама, будзь заўсёды побач!

Поўным саставам адправіліся Паповы і на фінальны этап конкурсу прафесійнага майстэрства прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавацеляў «Планета дзяцінства», які праходзіў у Гродне. Нават маленькіх Ілью і Валерыю ўзялі з сабою. Магчыма, таму і атрымалі другое месца, што падышлі да творчага выпрабавання як сапраўдная сям’я. Пакарыла журы ў першую чаргу шчырасць і дружнасць Паповых, а таксама песня, прысвечаная матулі. У ёй дзеці прасілі, каб маці заўсёды была побач з імі. Сапраўды, што яшчэ трэба, каб свяціліся шчасцем маленькія вачаняты?!

І хаця самае галоўнае — сям’я і дом — у іх зараз ёсць, Алена Аляксандраўна і Мікалай Уладзіміравіч стараюцца, каб дзеці не адчувалі недахопу ні ў цацках, ні ў забавах, ні ва ўражаннях. Як добрыя чараўнікі, дапамагаюць спраўджвацца маленькім дзіцячым марам. Так у юных артыстаў з’явіўся мікрафон, пад Новы год рознакаляровымі агеньчыкамі заззяла «зорнае неба», прынцэса Дзі (так часам называюць модніцу Дзіяну) атрымала заплечнік-хамелеон, а дамашняя калекцыя бонсцікаў «абрасла» пяццю серыямі…

Дарыць дзецям невялікія радасці, рабіць ім сюрпрызы дапамагаюць як пастаянныя шэфы — супрацоўнікі Беларусбанка, сябры-італьянцы, якія прымаюць дзяцей у сябе і прызджаюць самі ў Беларусь, так і часовыя спонсары. Да прыкладу, сёлетні Дзень маці адзначала не толькі Алена Аляксандраўна, якой дзеці падарылі кветкі і цукеркі, але і яе хлопчыкі і дзяўчынкі. Дзіцячы забаўляльны цэнтр «Джунглі» па просьбе жанчыны прыняў іх на адпачынак. Старэйшыя гулялі ў PlayStation, малеча ж з задавальненнем бавіла час на спартыўным батуце, у сухім басейне, з казачнымі аніматарамі. Супрацоўнікі цэнтра знайшлі магчымасць, каб пачаставаць гасцей слодыччу.

…З такіх дробных пазлаў дзеці разам з Аленай Аляксандраўнай і Мікалаем Уладзіміравічам складаюць карціну свайго жыцця: шукаюць патрэбны элемент і стараюцца падабраць яму адпаведнае месца. Якім атрымаецца гэты малюнак, пакажа час.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *