«Дзяўчынка і кракадзіл». Пісьменнік Павел Гушынец прэзентаваў у Ашмянах сваю першую кнігу

Культура

На мінулым тыдні ў чарговы раз раённая дзіцячая бібліятэка запрасіла нас, вучняў IV «Г» класа сярэдняй школы № 3,  да сябе ў госці.  На сустрэчу прыехаў малазнаёмы нам малады беларускі дзіцячы пісьменнік Павел Гушынец.

Аўтар прывёз з сабою і прэзентаваў сваю першую кнігу «Дзяўчынка і кракадзіл» . Ён расказаў чытачам  пра гісторыю напісання кнігі, пазнаёміў з яе галоўнымі героямі —  дзяўчынкай  Соней  (яна дачка пісьменніка) і кракадзілам Мурзікам. Дзеці даведаліся, як пасяліўся кракадзіл пад ложкам, і што ён там рабіў, чаму Соне стала шкада павукоў,  ці бываюць ружовыя бегемоты, чаго баяцца дзяўчынкі і нават некаторыя хлопчыкі.

Дзеці з захапленнем слухалі добрыя і займальныя апавяданні, якія вучаць дружбе, спагадлівасці, узаемадапамозе і любові да малой радзімы.

Затым аўтар расказаў пра сябе. Ён мае медыцынскую адукацыю, працаваў ваенным урачом-эпідэміёлагам. Зараз займаецца пастаўкамі і абслугоўваннем медтэхнікі для дыябетыкаў. Але асноўная  дзейнасць ніколі не замінала займацца любімай справай.

У пятнаццаць гадоў сур’ёзна захапіўся літаратурай, пачаў пісаць фантастычныя апавяданні. Калі іх назапасіўся цэлы сшытак, вырашыў аднесці галоўнаму рэдактару гарадской газеты ў Наваполацку: там аўтар жыў разам з бацькамі.

На цяперашні час напісана  каля шасцісот апавяданняў для дзяцей і дарослых, сорак аповесцей і пяць раманаў. Агульнай колькасцю каля дваццаці кніг. Самая вялікая кніга пра экспедыцыю ў Чарнобыльскую зону.

Зараз пісьменнік працуе над дзіцячым апавяданнем «Бука-злюка», якое  пабачыць свет ужо  ў наступным годзе.

На пытанне «А што падштурхнула стаць дзіцячым пісьменнікам?» адказаў, што з дзяцінства вельмі любіць чытаць. Што тычыцца дзіцячых твораў, то яны «пасыпаліся», калі нарадзілася  дачка Соня. Фэнтэзі чытаць ёй было яшчэ рана, таму трэба было прыдумаць нешта падыходзячае для яе ўзросту. Так з’явілася кніга апавяданняў «Дзяўчынка і кракадзіл». Смешныя моманты, манера паводзін, страхі дачкі — усё гэта легла ў аснову зборніка. Да прыкладу, калі дзіця баялася цемры, то аўтар  адразу ж пісаў казку, пасля якой гэты страх павінен быў знікнуць.

Затым  дзяцей зацікавіла, колькі часу патрэбна  на стварэнне тэксту? У адказ пачулі, што па-рознаму: ад пяці хвілін да некалькіх гадоў.

— Бывае, едзеш у камандзіроўку, і ў дарозе з’яўляецца цікавая думка. Спыняеш машыну і пішаш. Шмат што залежыць ад настрою. На дзіцячыя апавяданні, перш за ўсё, натхняе дачка, — адзначыў Павел Гушынец.

Вучні з цікавасцю слухалі пісьменніка і задавалі мноства пытанняў, на якія атрымалі змястоўныя адказы.

Затым дзецям было прапанавана  намаляваць  свой варыянт тых істот, якія жывуць у іх пад ложкамі. Па выніках работы  калектыўна абралі лепшы малюнак. Пераможца (Вікторыя Місюкевіч) атрымала ад аўтара кнігу  «Дзяўчынка і кракадзіл» з дароўным надпісам. Астатнія малюнкі пісьменнік узяў з сабою на памяць. Магчыма, некаторыя з іх упрыгожаць яго наступныя творы.

Гэта вялікі цуд для дзяцей — убачыць пісьменніка , пачуць яго голас, заглянуць яму ў вочы, дакрануцца да яго рукі.

Кожны тыдзень адбываюцца сустрэчы пісьменніка з маленькімі чытачамі нашай Радзімы. Ён сказаў, што гэтыя гутаркі павучальныя і пазнавальныя. Для яго яны і карысныя, бо дораць добры настрой і зарад бадзёрасці. Дзеці ўмеюць правільна рэагаваць на жарты, што вельмі дапамагае любому прамоўцу.

Вялікі дзякуй  работнікам раённай дзіцячай бібліятэкі і яе загадчыцы Г.Ф. Гардзей за гэтае свята. Незабыўнае адбылося  спатканне.  Спадзяёмся, што яно было не апошняе.

Тэрэса АСІНСКАЯ,

класны кіраўнік IV «Г» класа СШ № 3 .

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *