Бераставіца — край руплівай вавёркі

Культура

У краі, дзе жыве твая душа, заўсёды міла і ўтульна. Таму ты абавязкова знойдзеш прычыну, і не адну, каб падзяліцца з другімі сваімі пачуццямі, расказаць пра багатую гісторыю і людзей, якія сталі трывалым падмуркам і гонарам гэтай зямлі. І нават калі другім амаль нічога невядома пра твой сціплы невялічкі край, для цябе ён цэлы Сусвет.

Менавіта такое адчуванне было пасля наведвання Бераставіцкага раёна, што знаходзіцца на паўднёвым захадзе Гродзеншчыны, на мяжы з Польшчай. Для многіх гэты куток Прынёманскага краю падасца чымсьці загадкавым: адразу і не ўзгадаеш, чым ён адметны, не прыпомніш імён і падзей, звязаных з гэтай зямлёй. Прызнацца, няшмат інфармацыі было і ў мяне: хіба што музей вавёркі ды сельскагаспадарчае прадпрыемства «Алекшыцы», вядомае далёка за межамі Гродзеншчыны.

Як аказалася, не толькі «Алекшыцы», але і ў цэлым раён мае высокія паказчыкі ў сельскагаспадарчай галіне.

— Гэта адзін з высокаразвітых раёнаў Гродзенскай вобласці. У агульным аб’ёме вытворчасці ўдзельная вага валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі складае 84,5 працэнта, — адзначыў у прывітальным слове да журналістаў старшыня райвыканкама Антон Кулісевіч.- Па выніках работы за 9 месяцаў раён займае 2 месца ў вобласці па продажы малака на карову, трэцяе — па прывагах буйной рагатай жывёлы. Аднак сёння мы не будзем вам паказваць фермы і палі. Мы пазнаёмім вас з нашай гісторыяй, сацыяльнай сферай і турыстычным патэнцыялам.

«Дрэва жыцця» прарасло каранямі ў плошчу

Знаёмства з Вялікай Бераставіцай пачалося з пешай экскурсіі па пасёлку, якую правёў навуковы супрацоўнік музея вавёркі Мікалай Пацэнка. Гісторыя населенага пункта пачынаецца з Ратушнай плошчы, вакол якой размясціліся важнейшыя гарадскія ўстановы. Свой пачатак вядзе яна з 1754 года, калі ў Бераставіцы была пабудавана ратуша. Праўда, да сённяшніх дзён яе будынак не захаваўся. Нейкі час цэнтральная частка гарадскога пасёлка наогул не мела назвы. Кожны называў плошчу так, як падабалася. Адносна нядаўна пры падтрымцы раённай газеты мясцовая ўлада разам з краязнаўцамі вырашыла правесці апытанне. Жыхары далі ёй назву «Ратушная».

Ганаровае месца на плошчы займае скульптурная кампазіцыя «Дрэва жыцця». Усталявана яна была да 500-гадовага юбілею Вялікай Бераставіцы і сімвалізуе адзінства роду, повязь з родным краем людзей розных пакаленняў.

Упрыгожвае Бераставіцу фантан на гарадскім вадаёме. У гэтым месцы любяць гуляць мамы з каляскамі і людзі старэйшага ўзросту.

Дом, дзе жывуць рамёствы

А вось юныя жыхары пасёлка любяць бавіць час у невялікай хатцы з шыльдай «Дом рамёстваў». І яе гаспадыня была не супраць бачыць заезджых гасцей — гасцінна адчыніла дзверы і запрасіла паглядзець, чым тут займаюцца дзеці і дарослыя. Загадчыца аддзела рамёстваў Тамара Касьян прадэманстравала вырабы, якія робяць супрацоўнікі цэнтра культуры і народнай творчасці разам з дзецьмі: сувеніры з саломкі і гліны, ільну і бісеру. Нядаўна работнікі цэнтра аднавілі мужчынскі і жаночы строі, характэрныя для Бераставіцкага раёна. Тут захоўваюцца традыцыйныя беларускія рушнікі, аўтэнтычныя саматканыя посцілкі і паясы.

Ганарацца бераставічане святам «Бераст-фэст», якое праводзіцца з вялікім размахам і ўжо стала традыцыйным. Журналістаў на яго таксама запрасілі.

Другое жыццё палаца

У адным з гістарычных будынкаў палаца Касакоўскіх размясцілася цэнтральная раённая бальніца. Аднак пра гісторыю тут нагадваюць хіба толькі захаваная брама і музей, які адчыніўся зусім нядаўна. У 2014 годзе бальнічны гарадок адметна змяніўся. Праведзены капітальны рамонт бальнічнай установы дазволіў і лячыць, і лячыцца ў сучасных умовах. На час нашага наведвання людзей у паліклініцы было няшмат, бо ў сетку медустаноў раёна, акрамя раённай бальніцы і паліклінікі, уваходзяць пяць амбулаторый у аграгарадках, сем фапаў, маецца таксама бальніца сястрынскага догляду ў Вялікіх Эйсмантах.

Установа аховы здароўя беражліва захоўвае традыцыі сваіх папярэднікаў.  Пацвярджэнне таму — музей гісторыі медыцынскага абслугоўвання насельніцтва Бераставіччыны. У музеі захоўваюцца ўнікальныя здымкі роду Касакоўскіх, выявы пакояў палаца, архіўныя дакументы, сярод экспанатаў — медыцынскі інструментарый былых часоў.

Музей вавёркі

Гэта адзіны музей не толькі ў нашай краіне, але і на ўсёй прасторы СНД, прысвечаны рыжай прыгажуні. Чаму музей вавёркі? Гэты звярок прапісаўся на гербе Вялікай Бераставіцы з 1754 года. Сустракае наведвальнікаў музея жывая вавёрка Юзя. Праўда, яна не мясцовая жыхарка, а чылійская. На жаль, нашы вавёркі не хочуць жыць у няволі.

У музеі расказваюць не толькі пра вавёрку. Тут можна пазнаёміцца з матэрыяламі раскопак, якія праходзілі на Бераставіччыне, імёнамі знакамітых асоб, з якімі звязана бераставіцкая зямля, гісторыяй Першай і Другой сусветных войнаў, сучаснымі дасягненнямі рэгіёна.

Бераставіччына агратурыстычная

— У нас няма замкаў, падобных Мірскаму, няма запаведных пушчаў, як у іншых раёнах Беларусі, затое ёсць працавітыя, адданыя сваёй радзіме людзі, — падкрэсліў старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч. Менавіта такімі людзьмі з’яўляюцца гаспадары аграсядзіб «Ціхія сажалкі» і «Ляўшова» Дзмітрый Гетнер і Сяргей Зешут.

Гісторыя «Ціхіх сажалак» пачалася ў 2001 годзе, калі Дзмітрый Гетнер сярод лесу, ля крыніцы з гаючай вадой пабудаваў дом. З кожным годам сядзіба прырастала будынкамі, потым з’явіліся сажалкі, яблыневы сад, пасека, жывёла і птушка. Адпачынак у ціхім месцы, удалечыні ад шумнага горада, магчымасць парыбачыць, а потым згатаваць на абед злоўленага карпа прываблівае не толькі беларусаў, але і турыстаў з іншых краін.

Аграсядзіба «Ляўшова» працуе толькі другі год і разлічана больш на правядзенне карпаратываў, вяселляў і іншых мерапрыемстваў. Але і тут усё спрыяе добраму адпачынку: добраўпарадкаваная тэрыторыя, абсталяванае месца для дзіцячых забаў, альтанкі, драўляныя арэлі.

Як у першай, так і ў другой аграсядзібе вам прапануюць традыцыйныя для гэтай мясцовасці стравы і напоі і абавязкова раскажуць пра гісторыю гэтых мясцін, пра людзей, якія ствараюць дабрабыт гэтага прыгожага краю.

Аліна САНЮК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *