Дзень маці — кожны дзень. Наталля Акушка з мужам Генадзем выхоўваюць шасцёра дзяцей!

Культура

Cёння, гэтаксама як і ўчора, пазаўчора, як і тыдзень, месяц, як і дваццаць гадоў таму, у Наталлі Чаславаўны Акушкі — Дзень маці. Ён ніяк не абмяжоўваецца штучна ўстаноўленай датай — 14 кастрычніка, ён — штодня. У гэтай нязменнай ролі Наталля з таго моманту, як адчула пад сваім сэрцам ледзь чутныя штуршкі, як узяла на рукі свайго першынца Сяргея, як зразумела бязмерную адказнасць за жыцці сваіх крывіначак — Сяргея, Алёны, Ганны, Вадзіма, Андрэя і Евы. Так, Наталля Акушка з мужам Генадзем выхоўваюць шасцёра дзяцей!

Наталля Акушка з мужам Генадзем

Знаёмцеся, Сяргей, Алёна, Ганна, Вадзім, Андрэй і Ева!

…Нядзельная раніца Акушкаў, як заўсёды, пачнецца са смачнага сняданка, са звону дзіцячых галасоў, з абмеркавання планаў, тэлефонных званкоў старэйшым Сяргею, Алёне і Ганне. А можа, у гэты святочны дзень яны зноў апярэдзяць маці, каб сказаць ёй самыя цёплыя і шчырыя словы, каб падзякаваць за любоў і клопат.

Сяргей і Ева

Старэйшыя зараз у сталіцы. Сын заканчвае Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Алёна працуе ў аддзеле прымусовага выканання Заводскага раёна і завочна вучыцца ў БДУ. Ганна толькі-толькі паступіла ў Мінскі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання. Зараз збірацца ўсім разам дома атрымліваецца хіба што па вялікіх святах — у кожнага свой графік, рытм, расклад.

Гэтыя дарослыя клопаты пакуль што ніколькі не турбуюць шасцікласніка Вадзіма, другакласніка Андрэя, тым больш — маленькую матуліну радасць Еву. Згадзіцеся, у адзін год яшчэ можна быць цалкам упэўненым, што увесь сусвет створаны толькі для цябе. Асабліва, калі вакол столькі родных людзей, столькі ўсмешак, столькі «свабодных рук», якія гатовы гушкаць цябе і падкідаць да зор!

Бог даў

Сям’ю Акушкаў па сённяшніх мерках можна лічыць двойчы шматдзетнай. Наталля Чаславаўна і сама ніколі не думала, што яна будзе такой вялікай. У дзяцінстве дзяўчынка заўсёды прасіла бацькоў «купіць» ёй малодшага браціка ці сястрычку — са старэйшым на дзевяць гадоў Андрэем ёй было нецікава. Відаць, дзіцячая мара Наталлі дайшла да Бога толькі цяпер.

Алёна

Яе дзецям не будзе сумна і адзінока. Гэта адчуваецца ўжо зараз. Ім пашчасціла быць трывалым астраўком, якому пад сілу пераадолець усе перашкоды, бо яны — разам.

Лёс, на жаль, не падарыў ім любові бабуль і дзядуляў — яны рана пайшлі з жыцця, аднак ён (ці бацькі?!) навучыў іх быць стараннымі, мэтанакіраванымі, добрымі і дружнымі. Клопат адзін пра аднаго — дэвіз іх сям’і.

Шасцярым дзецям Акушкаў не выпала шанцу быць распешчанымі, купацца ў лішках і фарсіць найноўшымі мадэлямі «айфонаў». Гэта вучыць іх здавольвацца тым, што ёсць, цаніць кожнае намаганне бацькоў, якія стараюцца не толькі апрануць-накарміць, але і даць добрую адукацыю сваім сынам і дачушкам. Праўда, і дзеці разумеюць, што многае залежыць ад іх адказнасці і самастойнасці. Яны не прывыклі разлічваць на рэпетытараў і спадзявацца на платную адукацыю. Яны паступаюць на бюджэт і жывуць у інтэрнатах, бо ведаюць, што дома падрастаюць малодшыя.

Сэнс жыцця

З усмешкай успрымае Наталля Чаславаўна звыклыя скаргі маладых матуль, якія гадуюць аднаго-двух дзетак. Яна раствараецца ў дзецях, у паўсядзённых клопатах і не заўважае, цяжка гэта ці лёгка. Гэта — сэнс яе жыцця. А без яго, скажыце, куды і навошта?

Вадзім і Андрэй

Зразумела, ва ўсім дапамагаюць Наталлі муж і дзеці. На кухні гаспадыню падмяняюць Генадзь Генрыхавіч і, калі прыязджаюць, старэйшыя дзяўчаты. Тата любіць смажыць бульбу, мяса і рыбу, якую, дарэчы, сам ловіць. Вадзім і Андрэй і смецце вынесуць, і ў магазін збегаюць, і за малодшай сястрыч кай прыгледзяць. Дарэчы, Ева — усеагульная любіміца. Ёй — максімум увагі, абдымкаў і пацалункаў. Хочаш — ідзі на ручкі да таты, хочаш — да Сяргея, па выхадных з радасцю нянчаць малую Алёна з Ганнай.

Усе разам даглядаюць Акушкі і агарод. Штогод садзяць ля бацькоўскай хаты пяць сотак бульбы, морквы, буракоў, цыбулі, агуркоў і іншай гародніны.

Ганна

— Сёлета Ганна так выпалала градкі, што трава баялася паказвацца, — жартуе Наталля Чаславаўна.

— А я паліваў агуркі, — сціпла зазначае маўклівы Вадзім, які ўважліва слухае нашу размову.

Сумеснымі намаганнямі ўдалося сабраць добры ўраджай, назапасіць «марынадаў».

Хто — рыбак, а хто — артыст

А вось Андрэю не церпіцца падзяліцца сваімі ўражаннямі за дзень. Ён расказвае пра сваю настаўніцу Таццяну Казіміраўну Лугін, пра любімыя прадметы, сярод якіх матэматыка і руская мова, пра школьных сяброў і, канешне, свае захапленні.

Знаёмыя сям’і называюць Андрэя артыстам. Ён і спявае, і танцуе, і дэкламаваць згодны. Здольнасці хлапчука заўважылі і ў школе — ён ходзіць на заняткі музыкай да Мікалая Паўлавіча Федарэнкі. Разам з Вадзімам наведвае таксама гурток па лепцы ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. А вось да футбольнай секцыі, у якой займаецца старэйшы брат, пакуль што, відаць, не дарос.

Сярод захапленняў сям’і Акушкі ў адзін голас называюць татаву рыбалку. Генадзь Генрыхавіч, які працуе ў будаўнічай брыгадзе ААТ «Ашмянскі мясакамбінат», знаходзіць час на любімае хобі. У арсенале Генадзя — неабходныя рыбалоўныя снасці, вопыт і патрэбны ў гэтай справе азарт. Відаць, гэтыя складнікі і дапамаглі яму некалькі год таму перамагчы на чэмпіянаце Беларусі па лоўлі спінінгам з лодкі.

— Я ўвогуле за любыя добрыя захапленні, — падкрэслівае Наталля Чаславаўна, якая не толькі падтрымлівае мужа, але і заахвочвае дзяцей шукаць справу для душы.

Твая чарга дзявятая

Дзявятае, але не апошняе месца ў сям’і займае Барселона. Некалькі гадоў таму Наталля Чаславаўна прынесла яе ад суседзяў, лічы, выратавала з рук дзіцяці, якое вось-вось задушыла б мяккі камячок.

З таго часу котка стала паўнапраўнай гаспадыняй. Яна першая вітае гасцей, яна, калі трэба, забаўляе і нават абараняе дзяцей. Аднойчы Барсе нават удалося адбіць напад сабакі.

Ева з Барселонай

Ці дабаўляе яна клопатаў Наталлі Чаславаўне? Здагадайцеся самі. Але ж гэта частка сям’і. Да таго ж, разумная і цярплівая Барса ведае, што яе чарга снедаць, ісці на вуліцу або прасіць увагі дзявятая. Відаць, таму падчас нашага візіту шэры клубок на канапе не падаваў ніякіх прыкмет сваёй прысутнасці.

Пра ордэн даведалася з раёнкі

Учора Наталля Чаславаўна вярнулася з Гродна. На прыёме ў губернатара за нараджэнне і выхаванне шасцярых дзяцей ёй быў уручаны Ордэн маці. Адпаведны загад быў прыняты Прэзідэнтам яшчэ ў пачатку верасня. Добрую навіну Наталля Акушка прачытала ў газеце «Ашмянскі веснік» і, канешне, расчулілася. Атрымаўся сапраўдны сюрпрыз да Дня маці.

І хаця дзяцей Наталля Чаславаўна нараджала для сябе, увага дзяржавы, безумоўна, прыемная, як і віншаванні ад сяброў і калег. Нягледзячы на тое, што Наталля Акушка зараз знаходзіцца ў адпачынку, эканаміста раённага філіяла абласнога спажывецкага таварыства на рабоце не забываюць.

Праўда, найгалоўнейшай узнагародай у яе жыцці застаюцца дзеці. Іх шчасцем шчаслівая і Наталля Чаславаўна.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і з сямейнага архіва.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *