Жыхару Ашмянскага раёна мясцовая гаспадарка ўжо два месяцы абяцае зжаць жыта

Общество

Жыхар вёскі Труханы Уладзімір Федаровіч каб знаў тую нядолю, што жыта прастаіць у коласе да кастрычніка, адказаўся б ад задумы яго сеяць яшчэ мінулай восенню. Але ж у гаспадарцы так: заўсёды хочацца, каб было  лепш. Вось і надумаў мужчына палоску жыта пусціць на корм жывёле. Для свіней змалоць на муку ці проста курам у выглядзе зерня пасыпаць. Усё ж лепш, чым купляць. Такога меркавання Уладзімір Валянцінавіч прытрымліваецца ва ўсім. У яго невялікай гаспадарцы амаль усё сваё. І малако казінае, і мяса, і яйкі. Свая садавіна, агародніна, бульба. У гэтым годзе добра гарбузы ўрадзілі. Вялікую гару ў хаце насыпалі. Цэлы пакой для гэтай аранжавай «ягады» адвялі. Будзе і казе пачастунак, і самім каша, і семкі карысныя можна будзе палузгаць доўгімі зімовымі вечарамі.

У гэты прыгожы і ціхі куток Ашмяншчыны ён прыехаў больш за дваццаць пяць год таму з Вільнюса. Прыехаў на радзіму жончыных дзядоў, так і прырос да гэтых мясцін. На Случчыну, адкуль родам, ехаць не захацелася. Тут у Літву рукой падаць. Пасля таго як пайшла на пенсію па інваліднасці, асела ў гэтых мясцінах і жонка Валянціна. У Вільнюсе Федаровічы бываюць штомесяц. Там у іх засталася кватэра. Аднак у той жа дзень вяртаюцца назад, бо дома чакаюць каза, свінні, куры, сабака і два каты.

Уладзімір Валянцінавіч агарод ужо прыбраў. Вось толькі соткі не даюць гаспадару спакою. Не спіцца яму, бо зіма на падыходзе, а на полі яшчэ «расце» жыта. Вядома ж, яно ўжо ўчарнела, зерне амаль што высыпалася, сцябліны пагнуліся і паламаліся. Гэты ўчастак патрэбна на добры толк ужо заворваць,  перад гэтым гной вывезці. Але мужчына ўсё яшчэ спадзяецца, што з мясцовай гаспадаркі «Ашмянская Ясная Паляна» прыйдзе камбайн і сажне гэтую гаротную збажыну.

Сваю просьбу Уладзімір Федаровіч насіў па розных інстанцыях ажно са жніўня. Звяртаўся і ў сельсавет, і да старшыні гаспадаркі асабіста хадзіў, і па тэлефоне ў дыспетчарскую званіў. Аднак чалавека там так і не пачулі.

Ці так яно было на самай справе, мы вырашылі высветліць у Гродзінскім сельвыканкаме, звязаўшыся са старшынёй Васілём Міхнаўцом.

— Уладзімір Валянцінавіч да нас звяртаўся. Мы яго просьбу перадавалі ў праўленне гаспадаркі, дзе нас запэўнілі, што жыта з асабістых палеткаў вяскоўцаў будзе зжата пасля таго, як завершыцца ўборка ў КСУП. Падобная сітуацыя ў нас сёлета склалася ў Сухадолах. Там, праўда, мы дамовіліся з фермерам, які за пэўную плату зжаў вяскоўцам іх палеткі. У Труханах узнікла праблема ў тым, што дарога, якая вядзе ў вёску, зарасла хмызняком. Яе трэба было ў некаторых месцах прасякаць, каб змог прайсці камбайн, — адзначыў старшыня сельвыканкама.

У сельсавеце ведаюць, што Уладзімір Федаровіч гэту работу зрабіў. Ён некалькі дзён высякаў кусты на ўчастку ад Вяжаў да Труханаў, аднак камбайн так і не з’явіўся.

Старшыня гаспадаркі Юрый Хаткевіч пасля нашага званка паабяцаў у мінулы панядзелак прыехаць і зжаць надзел у Труханах. Аднак пакуль газета вярсталася, як ні прыслухоўваўся гаспадар да  гулу камбайна, ён так і не пачуўся ў глухой вёсцы, што патанула ў зарасніку шматгадовай травы і кустоў.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

Присоединяйтесь к нашему каналу https://t.me/belta_telegramm

 



1 комментарий по теме “Жыхару Ашмянскага раёна мясцовая гаспадарка ўжо два месяцы абяцае зжаць жыта

  1. Такое «чудо» первый раз вижу и слышу за всю свою жизнь. Октябрь на дворе , а жито в поле.
    Куда смотрит руководство, места понасиживали и чхать им на это жито.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *