Дзень калектыўнага адпачынку прайшоў у Жупранах. Рэпартаж

Культура События

У прамым і пераносным сэнсе лета — гарачая пара для вяскоўцаў. Сонейка не шкадуе свайго цяпла, а паўсядзённыя сялянскія клопаты не дазваляюць сядзець склаўшы рукі. Адным словам, улетку ў вёсцы работ хапае, аднак сельскія жыхары знаходзяць час, каб разам змястоўна адпачыць. Вось і ў вёсцы Жупраны мясцовыя жахары сабраліся каля сельскага Дома культуры і правялі дзень калектыўнага адпачынку.

Родная вёска… Якая яна? Самая прыгожая, самая гасцінная, самая ветлая і самая светлая. Менавіта такімі словамі і пачалося свята, куды прыйшлі ўсе яе жыхары: і малыя, і старыя, нават прыехалі тыя, хто тут некалі нарадзіўся, а зараз жыве ў другім месцы.

Адкрыла ўрачыстасць дырэктар сельскага Дома культуры Валянціна Горыд. Яна шчыра павіншавала жыхароў вёскі са святам і прапанавала прыняць удзел у святочнай праграме, якую падрыхтавалі самадзейныя артысты. Прыгожа апранутыя вяскоўцы, якія чакалі свята вёскі, шчырымі апладысментамі сустракалі кожнае выступленне. Вясёлымі песнямі парадаваў вяскоўцаў народны ансамбль народнай песні і танца “Крыніцы”. З музыкальнымі падарункамі на імправізаваную пляцоўку ў гэты дзень вышлі салісты Ілья Прэсны, Марына Урыновіч, Аляксей Замара, Вадзім Авіжыч, Дзіна Красевіч, Эдвард і Валянціна Горыды, Валянціна Шаблінская, Васіль Каспяровіч. З вуснаў артыстаў гучала шмат цёплых слоў, сардэчных пажаданняў шчасця, моцнага здароўя, ладу і згоды, светлага кахання ў адрас вяскоўцаў, якія паўсядзённымі справамі пішуць  летапіс вёскі і робяць яе жыццё яркім, багатым і насычаным.

Як зазначыла Валянціна Горыд, вёска багатая сваімі традыцыямі, але галоўнае яе багацце — людзі. Больш за паўтысячы чалавек жыве сёння тут. Шчырай працай, адмысловымі талентамі славяцца жупранцы. Зрэшты, і ў гэты дзень праца апынулася ў цэнтры ўсеагульнай ўвагі. Дакладней, людзі працы. Менавіта ім — руплівым і дбайным гаспадарам – прысвячалася большасць песень.

Падчас мерапрыемства кветкаводы-аматары маглі палюбавацца работамі мясцовых гаспадынь: на імправізаванай выставе каля будынка Дома культуры дэманстраваліся кветкавыя кампазыцыі. Лепшай была прызнана кампазіцыя Тэрэсы Беражной. За фантазію і творчую выдумку жанчына атрымала падарунак.

Атмасфера еднасці і душэўнага ўздыму панавала на свяце. У вачах гледачоў бачыліся задор і ўдзячнасць за падоранае свята. А на заканчэнне былі разыграны конкурсы, віктарыны і гульні для дзетак і дарослых.

Вераніка ВІШНЕЎСКАЯ.

Фото Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *