Прафесія ў спадчыну. Дырэктар Марына Гайдукевіч і настаўнік геаграфіі Ігар Каралевіч

Общество

На  скрыжаванні жыццёвых дарог мы выбіраем свой шлях… Шукаем, забываем, ізноў шукаем. Нібы пілігрымы, блукаем па дарогах і сцежках, каб знайсці сваю. А бывае, што дарогі выбіраюць нас. Так было і ў сям’і Каралевічаў. Азіраючыся на дзясяткі гадоў таму, дырэктар Гальшанскай сярэдняй школы Марына Гайдукевіч і настаўнік геаграфіі і фізічнай культуры Ігар Каралевіч заўважаюць, што педагогіка — асаблівая дарога, паспяхова ісці па якой могуць толькі зацікаўленыя  і апантаныя людзі.

Ад бацькоўскага парога да школы

Першыя старонкі працоўнай біяграфіі настаўніца пачатковых класаў Марына Віктараўна амаль трыццаць гадоў таму пачала запаўняць у Доргішскай базавай школе. Учарашняя студэнтка Купалаўскага ўніверсітэта з першых дзіцячых галасоў, з першых усмешак і першых зацікаўленых позіркаў маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак зразумела, што педагогіка — яе  прызванне. Маладой настаўніцы адразу ж спадабаліся паслухмяныя, творчыя і неабыякавыя першакласнікі, з якімі яна адразу знайшла «агульную мову». Акрамя выкладання вучэбных дысцыплін, Марына Віктараўна занялася ўпрыгожваннем кабінетаў, дызайнерска-творчыя знаходкі знайшлі станоўчыя водгукі не толькі ў калектыве школы, але і ў кіраўніцтва раёна. Старую школьную мэблю яна разам з такімі ж энтузіястамі крэатыўна рэканструявала — другое жыццё ў выглядзе домікаў, замкаў і казачных дэкарацый атрымалі шафы і парты.

Напэўна, праўду кажуць, што прафесія перадаецца ў спадчыну. Бацька Марыны і Ігара Віктар Іванавіч Каралевіч амаль усё жыццё выкладаў у Доргішскай базавай школе замежную мову і гісторыю. Маленькая Марына любіла бегаць да яго на працу, з цікаўнасцю заглядвала ў кабінет, дзе ішлі заняткі, любіла перакладваць і разглядаць сшыткі, якія правяраў бацька. Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, Марына, не вагаючыся, вырашыла, што будзе настаўнікам.

У 2010 годзе Доргішскую базавую школу зачынілі, Марына Гайдукевіч перайшла на працу намеснікам дырэктара ў Гальшаны, а ў мінулым годзе ўзначаліла навучальную ўстанову. На адказнай пасадзе спатрэбіліся педагагічныя веды і назапашаны вопыт, уменне разумець людзей, а таксама разбірацца ў гаспадарчых пытаннях. Марына Віктараўна расказвае, што працягвае справу сваіх папярэднікаў, якія правялі вялікую работу па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы і добраўпарадкаванні як самаго будынка, так і прылеглай тэрыторыі.

Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што ў Гальшанскай сярэдняй школе ўсюды бачна рука новага кіраўніка — ужо нямала зроблена ў плане добраўпарадкавання прышкольнай тэрыторыі — вясной тут заклалі парк адпачынку, плануюць пасадзіць сад і разбіць новыя кветнікі. Дырэктар упэўнена, што галоўнае ў рабоце — зрабіць так, каб у школе было цікава і ўтульна дзецям і іх бацькам, а настаўнікам хацелася б творча працаваць, атрымліваючы асалоду ад сваёй работы.

Марына Віктараўна адзначае, што немагчыма нічога зрабіць аднаму чалавеку, таму  ў гэтым заслуга не толькі дырэктара школы, але і педагагічнага калектыву. Марына Віктараўна рада, што лёс звёў яе з працавітымі, мэтанакіраванымі і творчымі людзьмі. Кожны з педагогаў з камп’ютарнымі тэхналогіямі на «ты», кожны стараецца прымяніць цікавыя падыходы і метады ў навучанні, рэалізаваць грунтоўныя напрацоўкі, падрыхтаваць вучняў да алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый.

— На кожнага з настаўнікаў можна смела разлічваць ва ўсіх адказных справах, — дзеліцца дырэктар школы. — Наш калектыў сфарміраваны і дружны.

Звычайны дзень дырэктара школы пачынаецца прыкладна з васьмі гадзін, а можа скончыцца позна вечарам, бо кожны дзень дыктуе новыя задачы, якія трэба выконваць хутка і якасна. Марына Віктараўна заўсёды цікавіцца працай сваіх калег і навучаннем дзяцей, таму кожны дзень хоць на некалькі хвілін абавязкова заходзіць у класы, каб паразмаўляць з дзецьмі і даведацца апошнія навіны ў настаўнікаў.

У арсенале дырэктара шмат дыпломаў і грамат за плённую працу і высокія дасягненні ў сферы адукацыі.  Канешне, гэтыя дасягненні іграюць важную ролю, але не менш Марына Віктараўна ганарыцца поспехамі сённяшніх вучняў і выпускнікоў. Многія з іх даўно дарослыя і паспяховыя людзі, якія прыводзяць на першую лінейку сваіх дзетак. Напэўна, гэты давер для дырэктара —  самая лепшая ўзнагарода. З радасцю і асаблівым хваляваннем яна штогод чакае традыцыйны вечар сустрэчы з выпускнікамі, дзе збіраюцца дарослыя вучні і з падзякай успамінаюць школьны час і сваіх настаўнікаў.

Размаўляючы з Марынай Віктараўнай, разумееш, што яна вельмі любіць сваю работу. Яна і сама прызнаецца, што ні разу за гэты час не пашкадавала аб выбары прафесіі. Кожны дзень яна ідзе на працу з задавальненнем, прыносіць  дзецям бязмежную любоў, калегам — паразуменне і новыя ідэі. Яна ўпэўнена, што ў гэтым няма нічога дзіўнага — проста трэба любіць справу, якой займаешся. А як цяжка прыйсці дадому і не думаць аб школьных пытаннях і праблемах! Аднойчы, рыхтуючыся да турыстычнага злёту, увесь дзень у галаве «круціліся» радкі з песні, але яны ніяк «не клаліся на паперу» — творчае натхненне да дырэктара прыйшло сярод ночы.

У вольны час Марына Віктараўна займаецца вырошчваннем кветак на сваім участку. Падчас летняга адпачынку разам з мужам Віктарам Францавічам любіць падарожнічаць і займацца спортам. Любоў да падарожжаў і актыўнага адпачынку яны змаглі прывіць сваім дзецям  Наталлі і Дзмітрыю. Сёння за сямейным сталом яны стараюцца збірацца разам амаль кожныя выхадныя дні і святы. Дачка разам з мужам Генадзіем і дачкой Ульянай спяшаюцца ў родную вёску з Гродна, а сын Дзмітрый ужо некалькі месяцаў служыць і чакае, калі прыедзе наведаць родных.

У вялікай і дружнай сям’і Каралевічаў сваё прызванне ў педагогіцы знайшлі і дачка Марыны Віктараўны Наталля — яна выкладае замежную мову ў адной са школ у Гродне, дачка Ігара Віктаравіча Галіна працуе ў школе мастацтваў у Гальшанах. Сваё жыццё з настаўніцтвам звязала цёця Соф’я Іванаўна Сазонава і яе дачка Валянціна Паўлаўна Сянкевіч, якая зараз працуе намеснікам дырэктара ў Граўжышкоўскім ВПК, а таксама стрыечныя сёстры Вольга і Людміла.

«Кліч сямейнай дынастыі і душы»

Менавіта так адказаў на пытанне аб выбары прафесіі і дарозе ў педагогіку настаўнік геаграфіі і фізічнай культуры Ігар Віктаравіч Каралевіч. Першая адукацыя, якую атрымаў мужчына, была далёкай ад настаўніцтва. Дзевяць гадоў Ігар Віктаравіч працаваў у сельскагаспадарчай галіне аграномам.

Былы дырэктар школы Міхаіл Крот выкладаў у класе Ігара Каралевіча літаратуру і прапанаваў юнаку паступаць ва ўніверсітэт імя Максіма Танка, тады Ігар Віктаравіч запярэчыў і адказаў, што яму «хапіла» бацькоўскага прыкладу. Але лёсам было наканавана інакш — Ігар Віктаравіч усё ж стаў педагогам і ўжо больш за  дваццаць гадоў не здраджвае настаўніцкаму шляху. Ён пачаўся ў Доргішскай базавай школе, дзе Ігар Каралевіч выкладаў некалькі дысцыплін — фізічную культуру, геаграфію і біялогію,  заўсёды меў класнае кіраўніцтва. Калі зачынілі базавую школу, Ігар Віктаравіч год працаваў у Барунах, а пасля перайшоў у Гальшанскую сярэднюю школу.

— Я лічу, калі адчуваеш, што займаешся не той справай у жыцці і яна не прыносіць задавальнення, трэба мяняць усё кардынальна і не звяртаць увагі на ўзрост, — расказвае Ігар Віктаравіч. — Гэта з часам прынясе здабыткі табе і тваёй сям’і.

Прафесіяналізм, старанне, працавітасць, акуратнасць ва ўсім, уменне зацікавіць, спагадлівасць і гатоўнасць дапамагчы людзям — гэта толькі невялікі спіс якасцей, якія характэрны для настаўніка і прафсаюзнага лідара Ігара Каралевіча. Шэсць дзён на тыдзень Ігар Віктаравіч спяшаецца на працу ў школу. Шмат часу займае і прафсаюзная дзейнасць, арганізацыя спартыўных мерапрыемстваў і турыстычных злётаў.

Каб кожны дзень, кожная чвэрць, кожны навучальны год сталі асаблівымі, напоўненымі яркімі падзеямі і цікавымі здабыткамі, Ігар Віктаравіч для вучняў і калег арганізоўвае велапрабегі, экскурсіі, распрацоўвае цікавыя маршруты, выкладае факультатывы і заняткі па інтарэсах для юных інспектараў руху, спартсменаў і аматараў геаграфіі. Дзякуючы ініцыятыве Ігара Каралевіча школа прыняла ўдзел у міжнародным праекце і атрымала веласіпеды для развіцця турызму. Цікавымі і насычанымі заўсёды атрымліваюцца змены ў гісторыка-краязнаўчым летніку «Кентаўры», дырэктарам якога некалькі год з’яўляецца Ігар Віктаравіч.

Цікавасць да велатурызму ў настаўніка з’явілася падчас навучання ва ўніверсітэце. Разам з аднагрупнікамі яны на двухколавым транспарце аб’ездзілі Каўказ, Крым, Прыбалтыку, Карпаты… Вельмі запомнілася доўгае падарожжа на веласіпедзе па Ваенна-Грузінскай дарозе, якое расцягнулася на некалькі тыдняў. Дзякуючы гэтаму захапленню Ігар Віктаравіч сустрэў сваю жонку Веру Барысаўну, якая нязменна тры дзясяткі гадоў працуе загадчыцай Гальшанскай амбулаторыі.

Сваімі захапленнямі спортам і падарожжамі Ігар Каралевіч дзеліцца з вучнямі. Фізічную культуру Ігар Каралевіч выкладае ў самых маленькіх школьнікаў, менавіта на яго занятках дзеці пазнаюць свет, спрабуюць свае сілы, развіваюцца, растуць і дасягаюць выдатных вынікаў.

Вядома, кожнаму настаўніку прыемна, калі яго вучні дасягаюць поспехаў. У гэтым плане Каралевічу ёсць чым ганарыцца — яго выпускнікі прыйшлі на працу ў Гальшанскую сярэднюю школу. Сярод іх — настаўніца замежнай мовы Ганна Ляўковіч, настаўніца біялогіі Алена Паршутовіч, а выпускнік Мікіта Касцючэнка — будучы геаэколаг.

…Мяняецца час, мяняецца школа, мяняюцца і самі дзеці. Каб вучням было цікава хадзіць на ўрокі, настаўніку неабходна пастаянна спазнаваць для сябе новае, каб па-новаму, у нагу з часам, выкладаць свае прадметы і весці выхаваўчую работу. І ўсё гэта, вядома, дзеля сваіх вучняў.

Кацярына РУДЗІК.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *