Кірмаш у Гальшанах

Год малой родины Культура

Нехта можа сказаць, что жыццё ў вёсцы сумнае і аднастайнае. Там няма месцаў адпачыку і забаў, якія можа прапанаваць горад. У адказ можна запярэчыць, бо сельскія будні даюць нешта большае. Прыгажосць лясоў і палеткаў, цішыню і спакой,  а таксама дары зямлі, якія мясцовыя гаспадыні вырасцілі на сваім гародзе і ў садзе.  І няпраўда, што людзі, якія жывуць тут, не ўмеюць адпачываць і весела бавіць час. Шэраг традыцыйных святаў і дні вёскі, якія праходзяць у кожным куточку Ашмяншчыны – яркае пацверджанне гэтаму.

У апошні вераснёўскі дзень другі год запар “Гальшанскі кірмаш” збірае месцічаў разам. Нездарма гэта восеньскае свята атрымала такую назву, бо ў мінулым стагоддзі ў мястэчку некалькі разоў на год праводзіліся буйныя гальшанскія кірмашы, вядомыя на ўсю краіну. Спецыфічным заняткам местачкоўцаў было вязанне рукавіц, панчох і “гальшанскіх каптаноў”. Сёння ўвагу гальшанцаў прыцягнулі вырабы сучасных народных майстроў і гандлёвыя рады, дзе кожны змог выбраць ласунак ці рэч на свой густ, паўдзельнічаць у конкурсах і віктарынах. Дзеці маглі паласавацца папкорнам і салодкай ватай.

Таксама для дзяцей і дарослых работнікі Ашмянскага РГС ПУ “Смаргоньгаз”  правялі цікавыя заняткі па бяспечным карыстанні газам. Дзеці з задавальненнем размалёўвалі тэматычныя карціны, складалі пазлы і малявалі. На пляцоўцы таксама былі выстаўлены ўзоры газавых пліт, газавых партатыўных балонаў і сігналізатараў загазаванасці.

Цікавае свята для аднавяскоўцаў падрыхтавалі работнікі аддзела культуры і вольнага часу, самадзейныя артысты і госці з Кракоўкі і Ашмян – народны ансамбль “Жытніца” і народны тэатр танца і песні “Імпульс”. Несумненна, кожны з іх уклаў у сваё выступленне часцінку душы, а гледачы, не шкадуючы апладысментаў, дзякавалі за душэўнае свята.

Кацярына РУДЗІК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *