Чароўны свет Меланіі Музалёвай з вёскі Карабы Ашмянскага раёна

У жыцці не бывае лёгкіх дарог… Праз гады чалавек праносіць шчаслівыя і поўныя смутку імгненні, хвіліны ўзлётаў і падзенняў, гадзіны сямейнага шчасця, кахання, мар і роспачы… Жыццё Меланіі Валяр’янаўны Музалёвай немагчыма назваць простым і бесклапотным. На шляху гэтай спагадлівай і цікавай жанчыны было шмат выпрабаванняў, а лёс, як назло, няспынна прыносіў непрыемныя сюрпрызы і хваробы.

Жыццё — дзіўны дар. Пражыўшы на свеце больш за восем дзясяткаў год, Меланія Музалёва дакладна ведае яго сапраўдную каштоўнасць і, як бы цяжка не даводзілася, прымае яго такім, якое яно ёсць. Жанчына добра памятае мінулыя гады і дзеліцца ўспамінамі, якія назаўжды запалі ў душу. Падчас гутаркі светлая ўсмешка асвятляла яе лагодны твар, а вочы-крыніцы зіхацелі дабрынёй і спагадай. Толькі маршчынкі на твары і натруджаныя вясковым жыццём рукі яскрава дэманстравалі, якое нялёгкае жыццё было ў Меланіі Валяр’янаўны. Яна заўсёды дапамагала людзям, для ўсіх без выключэння ў яе знаходзілася парада і добрае слова. Месца ў яе вялікім сэрцы хапіла і прыёмным дзецям Уладзіміру і Аляксандру, якія, нягледзячы на дарослы ўзрост, усё роўна называлі яе мамай, і роднаму сыну Валерыю.

Калі я зайшла ў пакой, погляд адразу спыніўся на куточку з абразамі праваслаўных святых. На твары Меланіі Валяр’янаўны з’явілася ледзьве прыкметная ўсмешка, калі я запытала аб іх. У шуфлядзе стала — Біблія і царкоўныя кнігі, некаторыя з іх падарылі святары і знаёмыя. Сярод кніг — сшыткі з загнутымі краямі і пажоўклымі старонкамі, на якіх запісаны ад рукі малітвы. Дзякуючы веры жанчына  змагла перанесці ўсе нягоды, якія пасылалі нябёсы. На жаль, цяпер здароўе не дазваляе хадзіць у царкву, а раней жанчына не прапускала ніводнай нядзельнай і святочнай службы ў храме, спявала ў хоры.

У калгасе імя Леніна Меланія Валяр’янаўна працавала паляводам і звеннявой. Калі дзяўчыне было дваццаць пяць гадоў, яе выбралі дэпутатам раённага Савета. Але на заслужаны адпачынак прыйшлося пайсці раней тэрміну, бо падвяло здароўе.

Усё жыццё жанчына пражыла ў Карабах. Менавіта тут, у бацькоўскім доме, прайшло яе дзяцінства, юнацтва і тут яна сустрэла залаты ўзрост. Любоў да роднага куточка, вуліцы, паабапал якой узвышаюцца дрэвы і месціцца высокі драўляны дом, цячэ ручаёк, які тонкай стужкай пераразае палеткі, спявае галасісты салавей  знайшлі адлюстраванне ў яе вершаваных радках. Нават і цяпер Меланія Музалёва расказвае, што ніколі не здрадзіла б роднай вёсачцы і не пераехала б у горад.

Шмат вершаў вясковая паэтэса прысвяціла Богу, дзяцінству, сям’і, вясне… Амаль усе творы Меланія Валяр’янаўна напісала на рускай мове, вось толькі запісы недзе згубіліся. Вершы жанчына захоўвае ў памяці і час ад часу ўспамінае перад сном ці чытае знаёмым. Некалькі вершаў яна прачытала і нам. У такіх простых словах было столькі сэнсу, столькі радасці і гора, роспачы і надзеі, паражэнняў і перамог.

Сваю першую песню (так, гэта была менавіта песня)  маладая дзяўчына напісала ў Вільнюсе і прысвяціла першаму каханню. З прыгожым, статным хлопцам Эдуардам яны нават думалі аб вяселлі, але ў маладых не атрымалася звіць сямейнае гняздо. Эдуард быў каталіком, а Меланія — праваслаўная, таму і не змаглі вырашыць, як жыць далей, ніхто не змог саступіць…

Творчае жыццё Меланіі віравала — яна выступала сольна, спявала ў дуэце і ансамблі, чытала вершы і байкі. Разам з музыкантамі яна аб’ездзіла не толькі Ашмяншчыну, але і была частай госцяй у Літве. Аднойчы дзяўчыне нават даслалі ліст з Масквы, у якім запрашалі выступаць у расійскай сталіцы. Але звычайная вясковая дзяўчына так і не змагла пакінуць бацькоўскі дом.

Апорай для жанчыны стаў сын Валерый, які дапамагае і падтрымлівае маці ва ўсім. Часты госць і памочнік у доме — сацыяльны работнік Марыя Янкоўская. Жанчына сочыць за парадкам у доме, прыбірае, дапамагае прынесці дроў і вады, а таксама падтрымлівае Меланію Валяр’янаўну добрым словам.

Вольны час Меланія Музалёва любіць бавіць за праглядам праграм і серыялаў. Асабліва ёй падабаюцца музычныя перадачы і канцэрты, бо яна заўсёды падпявае артыстам. Пытаюся ў Меланіі Валяр’янаўны, ці ведае хіты сучаснай эстрады, а яна абурана адказвае: «А чаму ж не ведаю!».

— Раней у вёсцы часта збіраліся  і спявалі, — расказвае жанчына. — Вечарам напрацуешся ў полі, не можаш ні аб чым думаць і ідзеш адпачываць. Аднойчы я спала, забег у хату аднавясковец, падняў мяне з коўдрай з ложка і цягне на вуліцу, кажучы: «Зінка спявае, а яна спаць уляглася!».

Вельмі любіла Меланія Валяр’янаўна ездзіць на гастролі ў літоўскі Шумск, з якім звязана шмат цікавых і смешных гісторый.

Меланія Валяр’янаўна ведае шмат народных прыпевак і песень, яе песні нават надрукаваны ў кнізе «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Гродзенскае Панямонне».

Яшчэ адным вялікім захапленнем у жыцці жанчыны было ткацтва і вышыўка. Дома ў Музалёвых шмат самаробных прасцін, пакрывалаў, абрусоў і ручнікоў. Вышываныя ходнічкі, накідкі на падушкі, навалачкі для падушак-думак, карункавыя ўзоры на сурвэтках   упрыгожваюць пакоі.

З кожным вузялком, з кожным узорам, з кожнай выявай погляду адкрываецца чароўны свет жаночай душы… Канешне, даводзілася ўсяму вучыцца самой, тады не было «інтэрнэтаў», толькі парады маці і друкаваныя дапаможнікі. Таму малюнак адразу з’яўляўся на паперы, а пасля лёгкімі сцяжкамі ніткі пераводзіўся на тканіну. Неяк Меланіі нават давялося вышываць святару падрызнік.

Нягледзячы на пажылы ўзрост, жанчына да ўсяго адносіцца з аптымізмам і гумарам, любіць пажартаваць і пасмяяцца ад душы. У яе арсенале — мноства жартаў і гумарэсак!

— Бывае, выходжу да аўталаўкі за прадуктамі з двума палкамі і жартую, што гэта два мае «ўхажоры», бо без іх ужо ніяк не абысціся!

…Цудоўны кастрычнік дорыць надзею і напаўняе жыццё яркімі фарбамі, як тое жоўтае, чырвонае і бурштынавае лісце. Вось такім яно было заўсёды, вясковае жыццё ў Карабах, напоўненае руплівай працай, шчырымі ўспамінамі і спевамі мясцовых гаспадынь… Такім яго запомніла і Меланія Музалёва.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.

0
Стоит почитать:

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Номер телефона без знака «+», например «79876543210». На указанный номер будет выслан код подтверждения.

*

Генерация пароля