Граўжышкі — сапраўдны жывы этнаграфічны музей

Год малой родины Культура

Мая малая радзіма там, дзе бярэ пачатак рачулка Граўжанка, збіраючы свае воды са шматлікіх крынічак паніжанай забалочанай тэрыторыі і нясе іх аж у Балтыйскае мора. Цячэ яна павольна і цяжка, бо шматлікія хаткі баброў, якія сёння тут упэўнена гаспадараць, перагароджваюць ёй шлях. А яна, сабраўшы свае сілы, імкнецца наперад да Ашмянкі, далей — да Віліі і да бацькі Нёмана.

Часта наведваюць рачулку чародкі дзікіх качак, лебедзі-шыпуны  і хлапчукі-рыбакі, якія стараюцца злавіць  фарэль, пра якую так упэўнена расказваюць старэйшыя людзі, але якую ніхто  ніколі не бачыў.

Мы, будучы школьнікамі, часта бегалі да вытоку ракі, спадзеючыся знайсці сярод шматлікіх крынічак самую галоўную — пачатак ракі. Знаходзілі, ставілі палку -«заметку» і шчаслівыя свайму адкрыццю беглі дадому. Але калі праз некалькі дзён зноў вярталіся сюды, каб пацвердзіць сваё адкрыццё, то аказвалася, што крынічка звярнула ўжо крыху ўбок: тут пахадзіла вясковая жывёла і, напэўна, лясныя жыхары.

Побач — вёска Граўжышкі (сёння гэта аграгарадок) з добрымі і стараннымі людзьмі, якія заўзята працуюць, ствараючы  дабрабыт  сваім  сем’ям  і ўсёй дзяржаве. Канешне, у кожнага чалавека свая жыццёвая дарога, сваё прызначэнне на гэтай Зямлі, але ўсіх аб’ядноўвае адно, самае галоўнае — праца.  Вось, напрыклад, Галіна Аляксееўна Дзямідава — выдатнік народнай асветы СССР, удзельнік  Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.  У 70-х гадах  яна разам з вучнямі праводзіла  шматлікія доследы з сельскагаспадарчымі культурамі  на школьным  агародзе. Вынікі даследаванняў у 1969 годзе  былі прадстаўлены  на ВДНГ. Усе яе ўзнагароды і павага ад людзей — за працу.

Крыху воддаль жыве Марыя Іосіфаўна Нарбут. На яе твары заўсёды лагодная ўсмешка, а ў душы — цікавасць  да жыцця, шчырасць. І хаця гады лічаць ужо дзявяты дзясятак, Марыя Іосіфаўна пастаянна ў працы, у ажыццяўленні сваіх задум і планаў. Так, нядаўна яна з дапамогай дзяцей і ўнукаў абнавіла дызайн свайго дома і зрабіла не толькі прыгожа, але і мудра. Цяпер у доме вялікая гасціная з двух былых пакояў і доўгі шырокі стол, зроблены ўнукам па індывідуальным заказе бабулі. Хіба не шчасце бачыць за адным сталом  усю сям’ю, частавацца і размаўляць, размаўляць…

Сусед Віктар Эдуардавіч Астрамовіч — вадзіцель. Ён выязджае на працу раненька, а вяртаецца тады, калі вёска ўжо прыціхла і людзі рыхтуюцца  да сну. Але трэба бачыць, як іскрацца гонарам і задавальненнем яго вочы, калі ён перавозіць зерне новага ўраджаю. Ён — у ліку лепшых, а часта і пераможца спаборніцтва на ўборачнай.

У нашы вокны глядзяцца дамы сем’яў Іванавічаў — Анатоля Іванавіча Гарбачэўскага і Валерыя Іванавіча Купчалойця. За працай, за шматлікімі клопатамі яны і не заўважылі, як жыццё пасерабрыла іх скроні. Распраўляюць свае крылы  дзеці і вылятаюць з бацькоўскага гнязда, прыбаўляючы памаленьку ўнучкоў. Але ўменне жыць па-суседску ў згодзе, дапамагаць адзін аднаму і людзям, якія да іх звяртаюцца, гэта ўжо, як кажуць, у крыві гэтых суседзяў-сяброў і іх жонак-прыгажунь.

«Выгадавала» вёска сваіх урачоў, юрыстаў, настаўнікаў, інжынераў, будаўнікоў, работнікаў культуры, сельскай гаспадаркі, сувязі… Святлана Валер’еўна Лыскойць, як сапраўдны паліглот, дасканала валодае пяццю мовамі. Таццяна Іванаўна Кляшчонак — даследчыца жыцця, творчасці М.К.Агінскага і перакладчыца твораў з польскай мовы. Старшыня сельскага савета і сакратар — таксама свае.

Амаль у кожным падворку маіх землякоў — аўтамабілі, у дамах — сучасная  тэхніка, але калі добра прыглядзецца, то Граўжышкі — сапраўдны жывы этнаграфічны музей. Тут можна пачуць звон касы, якую клепле гаспадар, і ўбачыць, як ён косіць ёй траву, а пасля запрагае каня і па-гаспадарску складае сена на воз. Не забыта ўменне мясіць у дзяжы цеста, выпякаць хлеб у рускай печы, з авечай воўны вырабляць валёнкі, «біць» у бойцы масла і, канешне ж, спяваць прыпеўкі, якія самі «злятаюць з языка». І, напэўна, зусім не выпадкова зачасціла ў апошні час на маю малую радзіму тэлебачанне. Ёсць, значыць, што паказаць людзям, ёсць чаму павучыцца.

Калі я зараз прыязджаю ў родную вёску, то бачу: гэтак жа, як і дваццаць пяць гадоў таму, спяшаюцца раніцай на працу людзі, чародкамі бягуць у школу дзеці, вітаючыся са мной і лічачы, напэўна, мяне ўжо «старым» чалавекам, а я ўглядаюся ў іх твары, стараючыся знайсці рысы падабенства са сваімі аднакласнікамі  і знаёмымі.

Жыццё ідзе сваёй дарогай. І гэта добра. Няхай жа дарога кожнай сям’і маіх аднавяскоўцаў і ўсіх людзей наогул будзе шчаслівай.

Вольга ДЗЯТЛОВІЧ.

Фота Аляксандра Наумчыка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *