Хто куды, а мы ў… Анкуды! Гісторыя адной вёскі ў Ашмянскім раёне

Год малой родины Культура

Да адпачынкаў і выхадных мы часта прымяркоўваем падарожжы — у іншы горад, краіну, нават на іншы кантынент. Нас вабяць незнаёмыя месцы, новыя далягляды, жыццё розных народаў і культур. Кожны раз пасля сябе яны пакідаюць радасць і захапленне і быццам падштурхоўваюць наперад, да чарговых адкрыццяў. Ды толькі для таго каб іх рабіць, неабавязкова пераадольваць тысячы кіламетраў. Памятаеце? Дзіўнае — побач!

Паглядзіце, як прахалодным вераснёўскім ранкам адліваюць срэбрам шчодрыя росы, як зіхацяць на сонейку празрыстыя начныя кроплі-слёзы — быццам плачуць па апошніх цёплых днях. А якія прыгажуны высыпаліся на ўскрайку лесу: чырвонагаловікі на крамяных ножках так і просяцца ў кошык — бач ты, сумна ім без вясёлай кампаніі баравікоў, лісічак, апенек, што ўжо знайшлі надзейны прытулак у руплівай гаспадыні. Душа пяе, калі за акном аўтамабіля мільгаюць урадлівыя дагледжаныя палі кукурузы, калі ўраджай бульбы — кош на кашы — не дае гаспадарам спуску і адпачынку. З грудзей гатова вырвацца сэрца, калі чуеш шчымлівы крык гусей, што, сабраўшыся шнурам, узялі курс на поўдзень… Дзе, як ні ў роднай вёсачцы, так пахнуць лугавыя травы, так ветліва сустракаюць людзі, так мерна цячэ жыццё-быццё?!

Клопаты свае, вясковыя

Нядзеляй, адклаўшы ўсе тэрміновыя справы і тыя, што ўжо і так трапілі ў доўгую скрыню, мы адправіліся туды, дзе дыхаецца, думаецца і гаворыцца лёгка, дзе час запавольвае свой бег, дзе гарадскія клопаты не маюць аніякага сэнсу.

Жыхароў Анкудаў — вёсачкі ў Жупранскім сельскім Савеце — менш за ўсё турбуе, адкрылася «Санта» ці не, навошта патрэбен святлафор і ў якое кафэ схадзіць суботнім вечарам. У большасці сваёй не абцяжараныя васьмігадзінным рабочым графікам — уладкавацца тут папросту няма дзе, — яны працуюць увесь светлавы дзень. Трэба дагледзець гаспадарку: накарміць-напаіць жывёлу, насенаваць на зіму, нарыхтаваць дроў, прыдумаць, як перапрацаваць і прадаць малако.

У гэтай невялікай вёсачцы ўсяго 34 жыхары, як вы здагадаліся, многія адмералі сёмы, восьмы, дзявяты, а то і дзясяты дзясятак. Тым не менш, на лузе — ажно адзінаццаць рагуль. Здаўна трымаюць у Анкудах і авечак. І калі бараніна — на ўласныя патрэбы, то па дзве каровы ў двары — для заробку, часцяком адзінага. Праўда, скардзіліся наперабой жанчыны, збіраюць малако са зрывамі. І тады хоць плач — вары сыры, тварагі, бі масла і вязі на базар. Два разы на тыдзень, у чацвер і суботу, да Ашмяны — так па-даўнейшаму тут называюць райцэнтр — ходзіць аўтобус. Тады ў бабуль і касцёл, і шопінг, і іншыя справы…

Магазін без цёці Каці

Анкуды я памятаю з дзяцінства. Праз іх пралягаў шлях у суседнюю вёску, да бабулі. Тады тут яшчэ працавала школа, быў магазін, міма якога нельга было прайсці. Мне — купіць цукерак, маме — павітацца з цёцяй Кацяй, даведацца апошнія навіны.

Казіміра Сяргей

Цёця Каця, па пашпарце Казіміра Іосіфаўна Сяргей, — мясцовая магазінерка. За 34 гады ў сферы абслугоўвання пабачыла многае: і скрынку пячэння, якое замест хлеба трэба было падзяліць на ўсю вёску, і бочкі сялёдкі, уздутыя банкі рыбных кансерваў, злепленыя ляндрынкі, якія трэба было прадаць «у нагрузку». Вяскоўцы, якія заўсёды жылі агульнымі турботамі, шкадавалі прадаўшчыцу і куплялі той неліквід.

Да цёці Каці мчаліся на перапынку дзеці, каб купіць пернік ці салодкага пеўня. Аднойчы другакласніку Віцю не хапіла капеек на ласунак. Уручыўшы хлопчыку пеўніка, цёця Каця наказала аддаць грошы заўтра. На наступны дзень Віця зноў прыйшоў па цукерку — новую. Заплаціўшы за сваю немудрагелістую пакупку, дзіця са ўсёй шчырасцю зазначыла: «А чаго плаціць за ўчарашняга пеўніка? Я ж яго ўжо з’еў!»

…Магазін у Анкудах ужо некалькі гадоў зачынены, цёця Каця даўно на пенсіі. Тры разы на тыдзень у вёску прыязджае аўталаўка, тут і атаварваюцца мясцовыя жыхары. Вось і ў гэтую нядзелю дзесьці пасля трох завітаў магазін на колах. Ажыятажу і чэргаў не назіралася. Той-сёй падышоў, каб прыкупіць нешта да наступнага візіту аўталаўкі.

Работы няма, а спраў хапае

Тут жа на лавачцы, ля «помніка былой цывілізацыі» — магазіна, абмеркавалі набалелае. Сваімі клопатамі падзяліліся мясцовыя жыхаркі Валянціна Шынкевіч, Таццяна Урублеўская. Пабедавалі, як збыць бульбу, куды ўладкавацца на працу. Апошняе месца ў Анкудах — ферму — з вясны закрылі.

На некалькі хвілін спынілася Крысціна Францаўна Багдзевіч — прыехаўшы да дачкі, яна часу дарма не губляе, дапамагае па гаспадарцы, ходзіць па грыбы.

Крысціна Багдзевіч

За магазінам — хата Галіны Іванаўны Зянкевіч. Акурат за веснічкамі сустракаем гаспадыню. Яна толькі-толькі выправіла ў дарогу сына і яшчэ пазірае ўслед аўтамабілю, які накіроўваецца ў Гродна. Галіна Іванаўна, як і большасць вяскоўцаў, ахвотна расказвае пра жыццё, пра работу на паляводстве, але не хоча фатаграфавацца. Гэтыя сціплыя людзі ўпэўнены, што іх старасць, хай сабе і ўпрыгожаная нястомнай працай, мудрасцю і вопытам, не павінна трапіць на старонкі газеты.

Галіна Зянкевіч

Сваім жыццём бабуля задаволена. Добрая пенсія, праведваюць дзеці і ўнукі. Аб лепшай долі для іх марыць Галіна Іванаўна. Нягледзячы на ўзрост, яна тры мае кролікаў, курэй, садзіць агарод. Як сама кажа, «для развлечэння». За хатай, якая патанае ў пышных шапках гартэнзіі, — агарод з цяплічкай і велізарны сад. Сто яблынь калісьці пасадзіў муж Галіны Іванаўны — Яўгеній Іосіфавіч. Гаспадарская рука былога брыгадзіра мясцовай гаспадаркі адчуваецца і ля дома.

Дарэчы, пад грузам садоў стогне ўся вёска. Няма каму спажываць столькі яблыкаў, груш. Нават у нарыхтоўку здаць садавіну сілы не хапае. Хіба што дзеці з унукамі вырвуцца на выхадныя, тое-сёе дапамогуць. Вось і для Валянціны Іосіфаўны Сяргей сын «раздабыў» бульбы дзесьці ў суседнім раёне. Яе клопат — перабраць. На дапамогу прыйшла суседка — усё тая ж Галіна Іванаўна Зянкевіч.

Ад школы не засталося і знаку

А раней жыццё ў Анкудах віравала. Няёмка прызнацца, але яшчэ ў 2002 годзе тут было 64 жыхары. Ці трэба казаць, што паўстагоддзя таму вёска была даволі буйным населеным пунктам. У 1956 годзе тут была адкрыта сямігодка, датуль анкудскія дзеці вучыліся ў Працкаўшчыне, Талоцішках, Палянах.

Як успамінаюць колішнія вучні і настаўнікі Анкудскай школы, вучылася тут па 150 — 170 дзяцей. Канешне, не толькі мясцовая малеча, але і дзеці з навакольных вёсак: Галін, Асотнікаў, Ціханоў, Скірсцін, хутароў Кулі, Абессінія… Пасля заканчэння пачатковых школ сюды ж прыходзілі вучні з Працкаўшчыны і Талоцішак. Ву чыліся ў драўляным будынку — былым асабняку шляхціца Хмялеўскага. У 1969 — 1973 гадах школа была дабудавана. У старых памяшканнях размясцілі майстэрню, бібліятэку і сталовую,  а ў новых — класы-кабінеты і спартыўную залу.

Ірына Рамановіч прывучае ўнукаў да работы

І сёння ўспамінаюць выпускнікі імёны настаўнікаў і дырэктараў П.Г. Голяса, М.Б. Супрановіча, Аркадзя Юльянавіча Страха, Васіля Фёдаравіча Іванова, Пятра Валяр’янавіча Шаколы, Вячаслава Казіміравіча Рамановіча, які працуе цяпер у Дакурнішках…

Аркадзь Юльянавіч Страх і зараз жыве ў Анкудах. З цеплынёй узгадвае ён, як пачынаў тут настаўнічаць, як праходзіў навучальны працэс, са скрухай у голасе адзначае, што ад школы не засталося і знаку. Адзінаццаць год таму яе закрылі, а праз пэўны час зруйнавалі і засыпалі. Шасцёра дзяцей, якія жывуць цяпер у Анкудах, ездзяць у Дакурнішкі: пяцёра — у школу, яшчэ адзін — у дзіцячы садок.

Валянціна і Аркадзь Страх

Кожны з былых настаўнікаў пакінуў свой след у вёсцы і памяці вучняў. Ужо дарослыя, яны і цяпер пераносяцца думкамі ў тыя школьныя экскурсіі, якія арганізоўвала школа. У кузаў грузавой машыны кідалі сена, збіралі дзяцей, бацькоў, настаўнікаў і адпраўляліся ў падарожжа — на Курган Славы, у Брэсцкую крэпасць. Ездзілі і на Ашмянскі аэрадром, каб палятаць на «кукурузніку».

А як хацелася малечы трапіць у падземны ход, які, казалі, ішоў ад школы да мясцовых могілкаў. Быццам бы пад чыгунным крыжам, усталяваным на адной з магіл, быў уваход, які дарослыя закідалі. Праверыць дакладнасць гэтых звестак цяжка, але верагоднасць іх у нейкай ступені пацвярджае тое, што драўляны будынак школы быў узведзены ў канцы XIX стагоддзя і належаў шляхціцу.

Жыццё запавольвае бег

Дарэчы, жыхары расказваюць і пра яшчэ аднаго пана — Кукеля, рэшткі маёнтка якога ў выглядзе муроў захаваліся наводшыбе. Як сведчыць кніга «Памяць. Ашмянскі раён», у 1904 годзе ў вёсцы жыло 172 жыхары, агульны надзел якіх складаў 155 дзесяцін (1 дзесяціна — крыху больш за гектар) зямлі. У той жа час у маёнтку Кукеля жыло 14 жыхароў і было 255 дзесяцін зямлі.

Казімір Бернатовіч

У сярэдзіне мінулага стагоддзя ў Анкудах нават быў сельсавет, аб якім жыхары ўжо і не ўзгадваюць. На іх памяць прыпалі сельскі клуб, пошта, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, калгасная майстэрня, канюшня, цялятнік. Тут гадавалася да тысячы быкоў, на навакольных пашах пасвілася паўсотні коней, людна было ў майстэрні.

Кожны руплівы гаспадар садзіў па гектары бульбы, буракі, абавязкова сеяў збожжа. «Соткі» жыхары Анкудаў бяруць і зараз, толькі плошча іх значна скарацілася. Ці ж скарыстаеш столькі на ўласную патрэбу?!

Лічы, у цэнтры, амаль насупраць аўтобуснага прыпынку размяшчаўся фельчарска-акушэрскі пункт — вотчына Валянціны Якаўлеўны Страх. Сорак гадоў яна была сваім «народным доктарам». Яе абход уключаў 11 населеных пунктаў, і ў кожны трэба было дайсці. Летам выручаў веласіпед, цяжэй даводзілася фельчарцы вясной, у паводку, і ўзімку, калі замятала дарогі. Пэўна, адтуль, з пешаходных сцюдзёных будняў, сённяшняя хвароба ног, якая даймае Валянціну Якаўлеўну.

Тры ў адным — так можна было ахарактарызаваць клуб, бібліятэку і пошту, якія размяшчаліся ў адным будынку. Ад іх таксама застаўся толькі ўспамін. Газеты і рэдкую карэспандэнцыю прывозіць мотадастаўка са Станцыі Ашмяны, часам заязджае бібліятэка на колах. Не забываюцца пра вяскоўцаў работнікі культуры з суседняга аграгарадка.

Вось і ў гэты цёплы восеньскі дзень у двары цёці Каці ладзіўся канцэрт. Загадчык сельскага клуба Станцыі Ашмяны Таццяна Лапата разам з удзельніцамі мастацкай самадзейнасці радавалі мясцовых жыхароў знаёмымі матывамі, а на развітанне абяцалі новыя сустрэчы.

Дзясятая вада на кісялі ці першая?

Няшмат іх, жыхароў, якія засталіся вернымі Анкудам, якія не паквапіліся на гарадскія кватэры і выгоды. Самая старэйшая жыхарка — Тэрэса Іосіфаўна Жураўская — адзначыла 92-і год нараджэння. Даганяе яе і Ганна Мікалаеўна Заянчкоўская, якая размяняла дзясяты дзясятак. «Залаты ўзрост» не перашкаджае мясцовым жыхарам радавацца кожнаму дню, чакаць выхадных.

— У суботу і нядзелю ў нас васола, — усміхаюцца бабулі, вымаўляючы некаторыя словы на польскі манер. — Прыязджаюць дзеці, унукі, праўнукі. Можна з’ездзіць у касцёл у Ашмяны, а калі дзеці завязуць, то і ў сваю парафію — у Жупраны.

У Анкудах, як і ў многіх беларускіх вёсачках, шмат сваякоў ці проста аднафамільцаў, людзей, якіх звязвае дзясятая вада на кісялі. Мо, таму і жывуць яны так дружна і мірна, як у адной сям’і.

Мабыць, уважлівае чытацкае вока ўжо выхапіла ў гэтым артыкуле прозвішча Сяргей. Раней Сергяёў тут было яшчэ больш. Ірэна і Аляксандр (дзядзька Олька) Сяргей, Іван і Валянціна Сяргей, Станіслаў і Валянціна Сяргей. А ўлічыце яшчэ іх дзяцей. Сапраўдны клан!

І хаця многія з іх разляцеліся па свеце, родная старонка не-не ды і пакліча да вытокаў. Колькі шчырасці ў вершах мясцовага паэта Эдварда Сяргея, колькі народнага гумару ў яго байках, колькі цёплых успамінаў у кожнага выхадца вёскі!

У Анкудаў ёсць свае аграномы і ўрачы, вадзіцелі і настаўнікі, будаўнікі і паштальёны, радыётэхнікі і прадаўцы… Не ўсе іх дзіцячыя мары спраўдзіліся. У аднаго не атрымалася стварыць ЗаГ накшалт вядомага знішчальніка МіГ, у другога — трапіць у марфлот, у трэцяга — паступіць у інстытут. Лёс павёў іх па іншай дарозе. Кожнага — па сваёй. І ўсе гэтыя дарогі пачынаюцца тут, у родных Анкудах, — маленькай кропцы на карце раёна.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *