Свята грыбніка прайшло ў Крэйванцах

Культура

Восень для грыбніка – залатая пара. Вось калі ён можа ў поўнай меры адчуць сябе шчаслівым і атрымаць асалоду ад наведвання лесу! Зразумець душэўны настрой грыбніка складана, бо сам працэс ціхага палявання для яго больш важны, чым сабраныя трафеі. Як правіла, тое, што трапляе да яго ў кошык з завідным пастаянствам (грыбнік ведае шмат сакрэтаў), адной сям’і спажыць нерэальна. Шчодрыя дары лясоў апраўляюцца не толькі ва ўласныя слоікі і на полкі, але і родным, суседзям, знаёмым, калегам па рабоце.

А колькі страў можна прыгатаваць, выкарыстоўваючы грыбы! Крэйванцаўскія гаспадыні пацвердзілі гэты факт на грыбным свяце ў сваім аграгарадку. Грыбную салянку, піражкі  і бліны з грыбамі, зухаватыя “мухаморы” з таматнымі капелюшамі, піццу з грыбамі, грыбочкі з цеста хацелася тут жа адправіць у рот. Складана было юным дэгустатарам вызначыцца, чыя ж страва смачнейшая. Найперш з талерак зніклі кандытарскія вырабы, а пасля і ўся астатняя ежа, выстаўленая на конкурс грыбных шэдэўраў.

Конкурсаў на мерапрыемстве было шмат: і для дарослых, і для дзяцей. Казачныя персанажы лясных нетраў Баравік і Мухамор, у ролі якіх выступілі Яўген Астрамовіч і Канстанцін Яраш, правялі віктарыну на веданне лясных дароў, а таксама конкурс з заблытанымі літарамі, якія трэба было расставіць так, каб атрымалася назва грыба.

Вучні мясцовага вучэбна-педагагічнага комплекса падрыхтавалі вырабы з дароў прыроды, аб’яднаныя грыбной тэматыкай. Дзіцячыя старанні арганізатары мерапрыемства, работнікі раённага цэнтра культуры, заахвоцілі ласункамі ў выглядзе лісічак і кніжкамі пра аграгарадкі раёна.

Да мерапрыемства дзеці, якія займаюцца ў драматычным гуртку пры вучэбна-педагагічным комплексе, падрыхтавалі сцэнку. І хаця перад вялікай аўдыторыяй Дзяніс Баркоўскі, Інга і Віялета Якаўчык крыху разгубіліся, аднак атрымалі ў падзяку бурныя апладысменты вяскоўцаў.

Цёпла прымалі на грыбным свяце і гасцей: Арцёма Гружэўскага, вакальную жаночую групу “Рабінушка” з аграгарадка Станцыя Ашмяны, народны ансамбль цыганскай песні “Джана Рома” і вядучых Вольгу Барысенка і Валянціну Горыд.

Юныя жыхары аграгарадка з радасцю скакалі на надзіманым атракцыёне, куплялі салодкую вату і папкорн, тоўпіліся ля гандлёвай палаткі майстроў з Маладзечна.

Пасля завяршэння свята іх чакала дзіцячая дыскатэка.

Аліна САНЮК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *