Асаблівасці рынкавых плошчаў Ашмянскага павета

Культура

Кожнае старажытнае і самабытнае мястэчка краю лёгка пазнаць па наяўнасці рынкавага пляца ў цэнтры паселішча. Рынак з’яўляўся адным з галоўных элементаў еўрапейскага горада. На ім адбываўся гандлёвы абмен, абмяркоўваліся важнейшыя падзеі, праводзіліся ўрачыстасці. Утвараліся такія цэнтры на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, на збегу вуліц, каб больш зручнай была камунікацыя і простай арыентацыя ў гарадской прасторы.

Што цікава, у мястэчках Ашмянскага павета, якія размяшчаліся на шляху старога Віленскага паштовага тракта ці побач з ім, ад рынка разыходзілася пяць вуліц, адна з якіх мела назву Віленская. Сёння месцы гэтых былых гандлёва-рамесніцкіх плошчаў у Солах, Жупранах, Ашмянах і Мураванай Ашмянцы можна пазнаць па прыгожых і добраўпарадкаваных скверах у іх цэнтрах. Разам з тым кожная плошча адрознівалася наяўнасцю адметных толькі ёй славутасцей, якія прыцягвалі ўвагу не толькі мясцовых жыхароў, але і шматлікіх гасцей.

У XIX стагоддзі і першай палове мінулага стагоддзя ў Ашмянах нельга было абмінуць і не наведаць разнастайныя крамы гандлёвых радоў рынка. Іх тагачасны выгляд аднавіў П.Кураловіч у сваім цікавым і інфармацыйным краязнаўчым блогу. Звярну ўвагу чытачоў толькі на той факт, што ў міжваенны перыяд у рагах плошчы, бліжэй да прыпынку каля царквы, знаходзіліся дзве аўтазаправачныя калонкі. Напэўна, гэта былі першыя ў павеце грамадскія заправачныя пункты, якія забяспечвалі палівам транспартныя сродкі, садзейнічалі развіццю рэгулярнага аўтобуснага руху.

Калонкі на ашмянскай рынкавай плошчы

Калі ашмянскія калонкі сілкавалі механічны транспарт, то свежай і вельмі чыстай вадой з першай у павеце артэзіянскай свідравіны на рынку ў Солах карысталіся жыхары мястэчка і наведвальнікі кірмашоў. Пабудаваная напрыканцы 30-х гадоў ХХ стагоддзя студня мела глыбіню ў 98 метраў, яе мінеральная вада вылучалася якасцю, і заўсёды каля яе вілася чарга ахвочых прагнаць смагу. Па звестках мясцовага краязнаўца В.Пятрова па сваіх характарыстыках вада была падобна да мінеральных вод Каўказа і перастала існаваць у апошнія дні вайны, калі немцы заглушылі свідравіну.

З публікацыі тыднёвіка Nasz przyjaciel за 22 чэрвеня 1930 года можна часткова даведацца пра гісторыю пляца пасярэдзіне Мураванай Ашмянкі. У міжваенны час тут існавалі баскетбольная, валейбольная і спартыўная пляцоўкі, якімі апекаваўся мясцовы аддзел парамілітарнай арганізацыі «Саюз стральцоў» сумесна з паліцыяй. Аўтар артыкула падаў каштоўную звестку аб тым, што раней узгаданы пляц, на якім рос сад, належаў пану Карэве. Перад Першай сусветнай вайной маёнтак з усёй зямлёй набывае граф Вінцэнт Любенскі і ў пасляваенны час прадае сад мураванаашмянкоўскім гаспадарам для выпасу хатняй жывёлы. Але ўзнікае канфлікт паміж жыхарамі і камендантам мясцовага паліцэйскага ўчастка, які забараняе знаходжанне жывёлы на гэтым месцы і выпісвае значныя штрафы за непадпарадкаванне загаду. Тагачасныя местачкоўцы былі б здзіўлены, калі б даведаліся, што ў XXI стагоддзі многія сусветнавядомыя паркі і скверы пачалі для догляду за газонам разводзіць прыдатных для гэтага жывёл, маючы на мэце не толькі эканомію сродкаў на пакос травы, але і экалагічнае выхаванне насельніцтва такім новаўвядзеннем.

Галоўнай дамінантай рыначнай плошчы ў Жупранах, безумоўна, з’яўляецца нагрудны бронзавы бюст на каменным пастаменце класіка беларускай літаратуры Ф.Багушэвіча. Сёлета спаўняецца 60 год з дня адкрыцця помніка, і варта нагадаць некаторыя моманты з той урачыстасці. З інфармацыі газеты «Знамя свободы» ад 2 снежня 1958 года можна даведацца, што падзея адбылася 30 лістапада 1958 года. На цэнтральнай плошчы Жупран у 12 гадзін дня сабраліся калгаснікі сельскагаспадарчай арцелі імя Багушэвіча, суседніх калгасаў «Рассвет» і імя Чарняхоўскага, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый раённага цэнтра, студэнты навучальных устаноў і школьнікі. Прыйшлі сюды і тыя, хто ў маладыя гады сустракаўся з паэтам. Гэта Зося Баброўская, Яніна Паўлоўская, паэтаў пляменнік Пётр Венцкоўскі. Прысутнічаў на адкрыцці аўтар помніка народны мастак СССР скульптар Заір Азгур, пісьменнік Янка Скрыган, першы сакратар абкама КПБ Сяргей Прытыцкі. Пад гукі дзяржаўных гімнаў СССР і БССР адкрыў помнік першы сакратар Ашмянскага райкама партыі т. Кляцкоў. Перад грамадскасцю выступіла з прамовай настаўніца мясцовай школы Л.Пількоўская, а на заканчэнні мітынгу вучаніца Жупранскай сярэдняй школы Ірына Кардэль прадэкламавала адзін з вершаў Францішка Багушэвіча.

Заўважу адзін цікавы факт. Наш вядомы зямляк пражыў 60 гадоў і амаль праз такі ж самы адрэзак часу ў яго гонар быў узведзены помнік. І вось зноў праз 60 гадоў будзе адзначацца юбілейная дата — ужо ў «жыцці» помніка. Да гэтай памятнай падзеі навакольная тэрыторыя плошчы набыла вельмі прыгожы выгляд. Выкладзена новая брукоўка сцежак, маляўніча глядзяцца кветнікі і радкі туй, з’явіліся лаўкі і інфармацыйны стэнд «Скарбы Жупранскай старонкі». Дапаўняе прастору камень, да якога прымацавана шыльда з трапным выказваннем паэта Леаніда Дранько-Майсюка: «Францішак Багушэвіч адкрыў усяму свету цэлую нацыю, сказаўшы аб тым, што ёсць беларуская мова…». Усе гэтыя памяткі яскрава сведчаць пра моцную повязь сучаснікаў са сваімі папярэднікамі, пра шанаванне сваёй гістарычнай памяці.

Уладзімір ПРЫХАЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *