Акцыя «Збяром дзяцей у школу». Дапамогу да пачатку новага навучальнага года атрымалі 1399 дзяцей

Общество

У мінулую суботу першы школьны званок у чарговы раз паклікаў вучняў Ашмяншчыны за парты. Святочна прыбраныя, з бялюткімі стужкамі, новымі ранцамі і пакуль што чыстымі дзённікамі дзеці сабраліся на першы ўрок, які, дарэчы, сёлета атрымаў назву «Мне выпала шчасце тут нарадзіцца».

Каб 1 верасня стала сапраўднай урачыстасцю для кожнага вучня, пастараліся не толькі бацькі, але і арганізацыі і прадпрыемствы раёна, якія далучыліся да традыцыйнай дабрачыннай акцыі «Збяром дзяцей у школу». Так, сёлета дапамогу да пачатку новага навучальнага года атрымалі 1399 дзяцей. У першую чаргу гэта тыя, хто мае асаблівую патрэбу ў падтрымцы, — сіроты, дзеці-інваліды, шматдзетныя і няпоўныя, прыёмныя і апякунскія сем’і, выхаванцы дамоў сямейнага тыпу, дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Агульная сума дапамогі склала амаль сто тысяч рублёў, прыкладна па 70 рублёў на дзіця. Можа, не так і шмат, аднак для тых, хто лічыць кожную капейку, — нядрэнная «выручалачка».

Пятую частку ад названай сумы выдаткаваў раённы бюджэт, яшчэ каля 12 тысяч на добрую справу знайшло ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Па традыцыі далучыліся да акцыі прадпрыемствы і арганізацыі раёна, якія перш за ўсё аказалі дапамогу сваім работнікам, якія выхоўваюць школьнікаў.

Людміла КОЗЕЛ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *