У Ашмянскі раён прыйшло працаваць 39 маладых настаўнікаў

Культура

Жнівень заўсёды пахне восенню, чаруе новымі здзяйсненнямі, радуе вока яркімі суквеццямі, багатым ураджаем у садзе і на гародзе. Усяго праз некалькі дзён апошні летні месяц перадасць эстафету верасню, які пакліча школьнікаў і студэнтаў за парты. Ён заўсёды прыносіць з сабой свята, напоўненае ўсмешкамі першакласнікаў і слязамі выпускнікоў, якія пераступяць школьны парог у апошні раз. У цудоўнае падарожжа за вялікім і бясцэнным багажом ведаў пакліча апантаны настаўнік…

Традыцыйна напрыканцы жніўня маладым педагогам ўручаюць працоўныя кніжкі. Гэты важны дакумент для ўчарашніх выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў дае новыя магчымасці для прафесійнага росту і адкрывае неверагодны шлях у працоўнае жыццё.

Сустрэча стала традыцыйнай не толькі для сферы адукацыі, але і для раёна, бо так важна пазнаёміць маладых настаўнікаў і выхавацеляў з першым месцам працы, расказаць аб Ашмяншчыне, даць парады і выказаць словы пажаданняў. Маладых калегаў, якія прыехалі працаваць на Ашмяншчыну, віталі прадстаўнікі мясцовай улады, начальнік і супрацоўнікі ўпраўлення адукацыі.

Працоўная біяграфія трыццаці дзевяці маладых настаўнікаў і выхавацеляў  пакуль што змяшчаецца ў некалькіх кароткіх радках. Аднак іх напружаная праца над сабой, жаданне развівацца і вучыцца хутка прынясе першыя поспехі на прафесійным шляху. Маладыя, мэтанакіраваныя, крэатыўныя дзяўчаты і юнакі пад гукі настаўніцкага гімна далучыліся да дружнай сям’і педагогаў. Сярод маладых спецыялістаў – дваццаць шэсць выхадцаў з Ашмянскага раёна, якія вярнуліся на малую радзіму. Большасць з іх прыехалі пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў: Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Баранавічскага дзяржаўнага ўніверсітэта. За плячыма некаторых — навучанне ў Лідскім, Ваўкавыскім і Полацкім педагагічных каледжах.

Віншаванні маладыя спецыялісты прымалі ад намесніка старшыні райвыканкама Наталлі Станкевіч, начальніка ўпраўлення адукацыі Святланы Баркоўскай, старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалая Кунцэвіча, старшага інспектара ўпраўлення адукацыі Ліліі Малашкевіч, начальніка планава-эканамічнага аддзела  Яніны Чумачэнкі, дырэктара СШ № 2 Наталлі Галашэўскай, а таксама вучаніц, якія “ўручылі” гасцям музычныя падарункі.

Несумненна, для любога маладога спецыяліста вельмі важна, каб на працоўным шляху яго падтрымлівалі больш вопытныя педагогі. Раённы камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі заўсёды разумее і падтрымлівае работнікаў сферы. Старшыня прафсаюзнага камітэта Мікалай Кунцэвіч пажадаў маладым калегам поспехаў у працы і падкрэсліў, што яны заўсёды могуць разлічваць на падтрымку арганізацыі. Тым больш, што дзейнасць прафкама насычаная і цікавая. Для настаўнікаў арганізоўваюцца творчыя конкурсы, турыстычныя злёты, спартыўныя спаборніцтвы і іншыя мерапрыемствы.

Важна падтрымаць спецыялістаў і матэрыяльна, тым больш, што некаторыя прыехалі з іншых раёнаў і абласцей. Начальнік планава-эканамічнага аддзела  Яніна Чумачэнка падрабязна расказала аб заработнай плаце, надбаўках, прэміях і “пад’ёмных”, на якія могуць разлічваць настаўнікі.

На памяць аб урачыстым моманце на пачатку прафесійнага жыцця Наталля Станкевіч і Святлана Баркоўская, акрамя працоўнай кніжкі, уручылі маладым настаўнікам ручкі і штотыднёвікі. Таксама маладыя спецыялісты прынялі ўдзел у майстар-класах, якія для іх арганізавалі настаўнікі СШ № 2, і наведалі школьны музей.

Смела аб настаўніцкім хлебе, прафесійным рэцэпце, аб працы і вольным часе разважала малады спецыяліст, педагог-псіхолаг Вікторыя Кавалёнак, якая ўжо год працуе ў СШ № 2. Слова ад маладых трымаў выпускнік гімназіі №1, выпускнік універсітэта фізічнай культуры Арцём Гайко, музычны нумар усім прысутным падарыла выпускніца педагагічнага  ўніверсітэта імя Максіма Танка, наша зямлячка Кацярына Квяткоўская.

Наперадзе ў маладых спецыялістаў нялёгкія самастойныя крокі ў прафесію настаўніка і выхавацеля. Але ўжо сёння дружныя калектывы ўстаноў адукацыі Ашмяншчыны зрабілі ўсё, каб учарашнія студэнты на першым працоўным месцы адчувалі сябе ўпэўнена і камфортна. Тым больш, што менш чым праз два тыдні ім давядзецца правесці першыя ўрокі.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *