Ансамбль народнай песні “Жытніца” выступіў у Літве

Ашмяншчына багата сваімі традыцыямі, гістарычнымі і, канешне, людскімі каштоўнасцямі. Сапраўды, адкрытыя, руплівыя і таленавітыя людзі жывуць тут. Сярод іх — самабытны народны ансамбль народнай песні “Жытніца”, які дзейнічае на базе аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка.

Ансамбль з Ашмяншчыны так палюбіўся слухачам з замежжа, што музыканты сталі частымі гасцямі на канцэртах і фестывалях  у суседніх краінах. У межах пагаднення аб садружнасці і развіцці двухбаковых сувязей у вобласці культуры паміж самакіраваннем Шальчынінкайскага раёна Літоўскай Рэспублікі і Ашмянскім раённым выканаўчым камітэтам народны ансамбль народнай песні “Жытніца” радаваў беларускімі песнямі суседзяў-літоўцаў.

Мілагучным рэхам адгукаліся чароўныя мелодыі скрыпкі і баянаў у мястэчках Дзевянішкас і Шальчынінкай. Выдатны настрой падарылі прысутным ашмянскія артысты, а чароўныя гукі народных песень сваімі нябачнымі крыламі змаглі аб’яднаць людзей розных нацыянальнасцей.

Пад залівістыя гукі баяна ногі самі ішлі, як кажуць, у пляс, а песня “Цячэ вада ў ярок” стала своеасаблівым гімнам сяброўскіх сустрэч і выконвалася сапраўдным беларуска-літоўскім хорам. Як кажуць самі музыкі калектыву: “Калі песня кранае пэўныя струны ў сэрцы і душы чалавека, значыць, мы робім добрую справу і яна недарэмная”.

Кацярына РУДЗІК.

Фота з архіва аддзела культуры і вольнага часу.

 

0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Генерация пароля