Вершы Марты Багдановіч

Нядаўна на старонках раённай газеты выйшла інтэрв’ю з творчай і таленавітай асобай, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры СШ №3 Мартай Багдановіч. Маладая паэтэса расказала аб дэбютным зборніку вершаў “21 грам”, падзялілася творчымі сакрэтамі і планамі на будучае.

Паважаныя чытачы, сёння мы прапаноўваем вашай ўвазе некалькі вершаў Марты Багдановіч. Больш твораў вы зможаце знайсці ў суполцы

 

Грашыш навошта, чалавеча?

Навошта Мне ў твар плюеш?

Навошта ты жыццё калечыш?

Навошта маніш і крадзеш?

Навошта ты зайздросціш, здрадзіш?

Навошта забіваеш, лжэш

І пакланенне чорту ладзіш?

Навошта зло ў свет нясеш?

Навошта крыўдзіш ты ўбогіх?

Навошта дрэннасловіш, п’еш?

Навошта абмаўляеш многіх?

Навошта чыніш ты мяцеж?

Бо дрэннай думкай, дрэнным словам

Ты цвік убіваеш Мне ў труну,

Учынкам дрэнным ты гатовы

Нанесці рану не адну.

Зрабіўшы злое свайму брату,

Ты злое для Мяне зрабіў,

А ранаў у мяне багата,

Сваёй крывёй твой грэх абмыў.

Ты Мне надзеў карону з церняў,

Нявер’ем Мне па целе біў.

Я збавіў толькі Сваёй смерцю

Цябе, Мой сын, бо так любіў.

Хоць паліш абразы і храмы,

Хоць зневажаеш алтары,

Я ведаю, што прыдзе ранне,

Падымеш вочы дагары –

І пройдзе ноч, туман растане…

А ты адчуеш прыгажосць

Святога ранку Змартвыхстання

І зразумееш, што Я ёсць.

 

∗∗∗

А Бог паслаў мяне матулі з татам,

Каб у гэты свет я радасць толькі нёс.

Маё з’яўленне пэўна будзе святам.

Убачу дом у засені бяроз.

Не ведае яшчэ дакладна мама,

Што я пад сэрцам у яе жыву.

Ды будзе рада, тата з ёй таксама.

Закруціць ім ад шчасця галаву.

Мінаюць хутка тыдні і гадзіны,

А я расту, душа ў мяне свая.

Чакаю, калі назавуся сынам

І стане большай нашая сям’я.

А маё цельца хутка падрастае,

Я ўжо крыху і рухацца магу.

Часамі нават роцік адкрываю

І набіраю хутка я вагу.

Нарэшце ведае мая матуля,

Што хутка я прыйду ў гэты свет.

А вечарам мяне яна атуліць.

Так марыць тату расказаць сакрэт.

Я адчуваю, любіць мяне мама,

З прыгожых слоў спляла яна вянок:

— Ты, чалавек маленькі, любы самы,

Чакаю вельмі я цябе, сынок!

Чакай мяне! І буду я старацца

Расці хутчэй, убачыць каб цябе.

І сынам любым каб хутчэй назвацца,

Суцешыць каб у горы і журбе.

Ты мяне, мама, называеш сонцам

І для мяне гатова ўсё аддаць.

Я вырасту і стану абаронцам,

Каб з татам вас заўжды абараняць.

І будзе, мама, у нас свая праграма,

Апору ў жыцці ты будзеш мець.

З табою разам пойдзем мы ў краму,

А з татам будзем мы футбол глядзець.

А я тым часам падрастаю болей,

І ножкамі магу перабіраць.

Растуць пазногці ў мяне паволі,

У рэбры маме стаў я грукатаць.

А мама шчыра вобраз мой стварае

І марыць пад птушыны перазвон.

Старанна мама імя выбірае.

Ды як назваць: Уладзік ці Антон?

А сёння мама тату расказала,

Што будзе большай нашая сям’я,

Што сэрцам сваім шчыра адчувала,

Прыйду ў гэты свет ужо хутка я.

Упэўнен я, узрадуецца тата,

Бо разам нас цікавіць будзе спорт.

Навіна гэта ў хаце будзе святам,

А тата кажа слова дзіўнае — аборт.

Не чуў ніколі гэта слова,

Тата імя пэўна прапанаваў.

Ды толькі мама ўжо расплакацца гатова,

Мабыць, імя не тое ён назваў.

А сёння з мамай крочым у бальніцу.

Відаць, вельмі цікава стала ёй

Ці добра я паспеў ужо развіцца,

А я магу варочаць галавой.

Ды не хвалюйся, мама, я ўжо вялікі,

Жаданне глянуць на мяне спатоль.

Што чую я? Матулі маёй крыкі.

А маё цела агарнуў нясцерпны боль.

Здаецца, доктар ножку вырывае,

Цяпер прыйшла чарга правай рукі.

Адчуў раптоўна, што я паміраю.

За што вы так са мной, мае бацькі?

Патрабаваў ад вас зусім нямнога

І да жыцця рабіў я прагна крок.

Цяпер душа мая ідзе да Бога.

Не назавуць мяне болей «сынок».

 

∗∗∗

Малая дзяўчынка, пяшчотныя вочы

Глядзела ў вітрыну на ляльку адну.

Бацькам зразумела: яе яна хоча.

Хвіліны праз тры ўсім сказала: «Хачу!»

Ну як тут адмовіш любімай дачушцы!?

Прыгожай, адзінай, крывінцы сваёй…

Нясе яна скрыню з чырвонай істужкай

І радасна, хораша, весела ёй.

І вось выпускніца, сур’ёзныя вочы

Прэстыжны знайшла ўжо сабе інстытут.

Бацькам зразумела: студэнткай быць хоча.

Ну як жа адмовіш крывіначцы тут!

Бацькі намаганні сур’ёзна прыклалі,

Каб ластаўцы мілай адкрыць белы свет.

Ідзе прыгажуня ў руках ужо трымае

Навюткі зялёны студэнцкі білет.

Дарослая ледзі, яскравыя вочы…

З няўмольнай хітрынкай глядзяць на бацькоў.

Бацькам зразумела, чаго яна хоча:

Чакае дачушка сабе жаніхоў.

Ці можна адмовіць любімай пястусе?

Ажэняць, і з тым, хто для сэрца ёй люб.

І вось у нябачнай і радаснай скрусе

Вядзе яе бацька ўрачыста на шлюб.

А вось і жанчына, патухлыя вочы…

З надзеяй на бацьку і маці глядзіць.

Адказ зразумелы: кватэру ўжо хоча.

Не век жа на здымнай з сям’ёй трэба жыць.

І як у капрызе дачушцы адмовіць?

Хоць цяжка і ногі ўжо валачы,

Але праз паўгода ўжо паспяхова

Чакалі жанчыну ад дома ключы.

Сівая жанчына, калючыя вочы…

З агідай на бацьку і маці глядзіць.

Відаць, даглядаць іх яна неахвоча.

Адправіць у дом састарэлых іх жыць.

Ніяк не адмовяць дачушцы ў ахвоце.

На ногі крывінцы сваёй далі стаць.

Цяпер жа яны ў святой адзіноце

У дом састарэлых ідуць паміраць…

∗∗∗

Як сотні аднагодкаў не такі,

Да цяжкай долі паступова ён прывык.

У аднагодкаў існуюць бацькі,

А ён у гэтым свеце «толькі адказнік».

Зайздросціць аднагодкам-хлапчукам,

Што цацкі і пакой свой могуць мець,

Паскардзіцца заўжды могуць бацькам,

Абразы не даводзіцца цярпець.

Яго ж няма каму абараніць,

Калі ў след пачуе: » Бедната!»

Ён з гэтым мірыцца і мусіць жыць,

Бо ён у гэтым свеце «толькі сірата».

Гады ідуць. І за плячыма інтэрнат,

А самастойнасць хлопца вабіць манка.

І бачыць хлопец неба шэрае з-за крат.

Ён тэрмін атрымаў за » хуліганку».

А дзе знайсці сябе пасля турмы?

Цяпер жа для людзей ён «толькі зэк».

Няўжо забылі, людзі, усе вы,

Што гэты хлопец » АЖНО ЧАЛАВЕК».

∗∗∗

А часам нам сустрэцца моцна трэба,

Убачыць, памаўчаць, пагаварыць

З тымі людзьмі, якіх забрала неба,

Душу на нейкі момант ім адкрыць.

Яны былі. Іх побач не цанілі.

У сварках, звадках з імі мы жылі.

Цяпер усмешку, голас іх забылі,

За момант з імі ўсё б мы аддалі.

І сэрца забаліць, заныюць грудзі.

Успомняцца раптоўна па вясне

Тыя святыя, велічныя людзі,

Якія прыйдуць зараз толькі ў сне.

Яны не побач. Гэта назаўсёды.

Прайшла пара. Прайшоў жыцця іх час.

З-за воблака са шчырасцю, лагодай

Яны глядзяць і моляцца за нас.

Нясцерпны боль, тугу нашу адчуюць,

Ад сэрца нашага ўсе ў іх ключы.

У горы і нястачы пашкадуюць,

Хоць і не змогуць нам дапамагчы.

Што іх няма, часамі мы забудзем,

Пачуем так знаёмы рып дзвярэй.

Падасца, што прыйшлі зноў тыя людзі,

Што з намі зноў яны як і раней.

У забыцці так часам рэагуем

На кожны гук, на кожны стук і звон.

На нейкі час ў сэрцы пашкадуем,

Што нас не звяжа з імі тэлефон.

Родныя людзі побач, не памерлі.

У нашае жыццё святло нясуць

Да той пары, пакуль іх з памяці не сцерлі,

У сэрцах нашых стомленых жывуць.

∗∗∗

Дваццаць першы век. У космасе ракеты.

Даўно вынайдзены лекі, мікраскоп.

Чалавек таксама верыць у прыметы,

Надзяляе сілай гараскоп.

Забабонаў у чалавека многа,

Пра жыццё па іх ён можа меркаваць.

Чорны кот, што перайшоў дарогу,

Можа дзень удалы сапсаваць.

Напужае сталая жанчына,

Што панесла вёдры без вады.

Нервавацца зноўку ёсць прычына,

Бо прымета гэта да бяды.

Зачасалася рука — да грошай гэта,

У двары сарока — да навінаў ад людзей,

З нажа есці — дрэнная прымета,

Кот прысеў памыцца — да гасцей.

Сапсаваць настрой у дзень самы прыгожы

І змяніць яго на шэры сум і страх

Прачытаны гараскоп адразу зможа,

Бо дыктуе чалавеку яго шлях.

Хоць змяняюцца часы і планы,

Хоць шугае дваццаць першы век,

У пашане ёсць адукаванасць,

Застаецца першабытным чалавек.

∗∗∗

Памірае вёска, памірае…

Хаты аджылі кароткі век.

Уцякае з вёскі, уцякае,

Хутка ўцякае чалавек.

Ад страшэннай дзікай адзіноты

Хаты пачарнелі ўсе ўраз.

Цішыня, маўчанне і маркота.

Павуцінне спавіло абраз.

Мэбля раптам нежывою стала,

Гукаў у хаце болей не чутно.

Цішыня паветра скаланала,

Толькі вецер стукае ў акно.

У кафлянцы не палаюць дровы,

З коміна дым болей не ідзе.

І на пашу не спяшаць каровы,

Гаспадыня не шчыруе на градзе.

Зарастае вёска, зарастае…

Пустазеллем дзікім, быльнягом.

Засынае вёска, засынае

Непрабудным, цяжкім, дзікім сном.

Дзікасць паглынае паступова

Хараство азёр, лясоў і рэк,

Вынішчае крпявід вясковы…

І не жыў тут, быццам, чалавек.

∗∗∗

Прыгажосць хаваецца не ў строі,

Не ў абцасах, золаце, памадзе.

Прыгажосць схавана ў настроі,

Пазітыву моцнага зарадзе.

Прыгажосць — такая рэдкасць сёння.

Гэта чысціня жывой натуры.

Не знайсці прывабнасць у салоне,

Прыгажосць не створаць працэдуры.

Прыгажосць далёка не стандарты,

Не параметры вагі пэўнай і росту.

Прыгажосць не ведае пагарды,

Бо прыгожы чалавек заўсёды просты.

Прыгажосць схавана ва ўсмешках,

Што зіяюць быццам прамяні.

Прыгажосць хаваецца нарэшце

У звычайнай чалавечай дабрыні.

∗∗∗

Бог стварыў калісьці чалавека,

Каб у свеце жыў адважна, смела

Да свайго адмеранага веку.

Чалавека надзяліў душой і целам.

Вечная душа ў неба рвецца,

Вабіць яе іншае жыццё.

Цела ж пасля смерці застанецца,

Знікне яно колісь ў небыццё.

Чалавек у сумненнях патанае,

У думках, планах неспакой заўсёды.

Боскай чысціні душа жадае,

Цела ўсё шукае асалоды.

Справядлівасці і веры душа прагне,

Хочацца ёй Бога сузіраць.

Да граху заўсёды цела цягне,

Усё роўна будзе паміраць.

Цемры ўвесь час цела шукае,

А душа імкнецца да святла.

Цела сваю грэшнасць адчувае,

А душа сябе аберагла.

Чалавек жыццё сваё стварае.

На шляху і гора ёсць, і смех.

Кожны дзень сумленна выбірае —

Святым быць або пайсці на грэх.

∗∗∗

Зайздрасць чалавеку сэрца ахінае,

Ён няздольны болей да пахвал.

Пра суседа скажа, які дом стварае:

«Гэтак любы можа! Быў бы матэрыял!»

Пра калегу скажа, што гатуе смачна,

У доме якой сыта і ўтульна:

«Кожны гэтак можа накарміць гарачым,

Якасныя важна мець каструлі!»

Сталая жанчына шые добра, вяжа,

Вышывае трапна і нябрыдка.

Пра яе зайздросны зноў скептычна скажа:

«Змог бы гэтак я, каб былі бы ніткі!»

Пра мастачку скажа, што малюе лоўка,

Падуладны ёй любы партрэт:

«Намалюе кожны! Справа ў алоўках!

У паперы, фарбах крыецца сакрэт!»

Пра ўрача зазначыць, што ратуе жыцці,

Змог здароўе моцнае многім людзям даць:

«Інструмент хірурга вы мне пакажыце,

Дык і я змагу жыцці ратаваць!»

Зайздрасць чалавеку не дае развіцца,

Будзе ўвесь час ён наракаць,

Не жадае болей новаму вучыцца,

Адзін талент мае — языком часаць.

∗∗∗

Вуліца зусім звычайнай вёскі.

Дом стары з пакошанай сцяной.

Тонкія прыгожыя бярозкі

Распусціліся лагоднаю вясной.

Занядбаная старая гэта хата,

Бо няма рукі гаспадара.

Спіць у хаце нецвярозы тата,

Не турбуе яго быт і дзетвара.

Не турбуецца аб дзецях мама,

Галава аб справах не баліць.

Разам з бацькам і яна таксама

Нецвярозая ў пакоі спіць.

Трое дзетак стала галадаюць

І з бацькамі не жадаюць спаць.

Усе каструлі шчыра адкрываюць,

Каб хоць нешта з’есці адшукаць.

Ды нічога не знаходзяць дзеці.

Як нясцерпны голад спаталіць?

Толькі часам добрыя суседзі

Могуць дзетак крыху падкарміць.

Ды не зносяць з дзетвары галоднай здзека.

Ад суседзяў скарга на бацькоў.

На парозе зноў міліцыя, апека.

Дзетак у інтэрнат забраць гатоў.

Плачуць дзеці, просяцца застацца,

Хоць зусім не вабіць быт такі.

Толькі не спяшаюцца змагацца

За дзяцей счарсцвелыя бацькі.

Дзеці моцна любяць тату з мамай,

У сэрцах іх маленькіх сум і боль.

А ў бацькоўскіх сэрцах заглушае

Усе пачуцці ненавісны алкаголь.

∗∗∗

Настаўнік. Ён аўтарытэтны,

Ён ідэал, ён эталон.

Дакладны ён, заўжды канкрэтны.

Казалі так вякоў спакон.

На словы гэты павялася,

Высакароднасць паманіла,

У педагагічны падалася

І новы свет сабе адкрыла.

Цяпер хаджу заўжды з журналам,

Заўжды са мною метадычкі.

У дальні кут я пахавала

Усе кароткія спаднічкі.

Калі ўбяруся, кепска будзе.

“Настаўніца ўжо схібіла, –

Так дружна скажуць добры людзі, —

Вунь гэтак ногі агаліла!”

Я не хаджу на дыскатэкі

І дзейнічаю вельмі мудра,

Бо скажуць, калі заўважаць:

“Наша настаўніца – лахудра!”

Усе фотаздымкі з фэйсбука

Я хутка так павыдаляла,

Бо скажуць: “Якая там навука!

Толькі сябе фатаграфавала!”

Цяпер мне толькі застаецца

Сядзець у хаце, пісаць планы,

Аднак мне часам падаецца,

Што я старэю вельмі рана.

Я доўга думала, гадала…

Каб усе закончылась дабром,

Лепш не настаўнікам я стала,

А штукатурам-маляром!!!

∗∗∗

Не трэба жыць днём учарашнім,

У думках, крыўдах патанаць,

А толькі мужна і адважна

У новае жыццё ступаць.

Узыдзе новая Аўрора,

Былое скончана, як цень.

І завяршылася ўчора.

Цяпер вітаем новы дзень.

Няхай усе крыўды застануцца

Ва ўчарашнім сумным дні,

Бо нельга ўжо туды вярнуцца

І штосьці важнае змяніць.

Не трэба крыўдаў, помсты, злосці.

Час – найлепшы ўсім суддзя.

А новы дзень для весялосці,

Для радасці і для жыцця!

 

0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Генерация пароля