Як у Граўжышках мёдам частавалі

Салодкае свята ў Граўжышках ізноў прыйшлося на дождж. Мядовы кірмаш праводзіцца ў аграгарадку ў другі раз, і ў другі раз суправаджаецца ападкамі.

— Можна сказаць, што гэта з’ява стала добрай прыкметай, — жартам зазначыў старшыня Граўжышкоўскага сельвыканкама Пётр Чаплінскі, вітаючы аднавяскоўцаў і гасцей мерапрыемства. – Дождж заўсёды ідзе на шчасце. Сённяшні кірмаш – гэта ўшанаванне не толькі пчаляроў, але і ўсіх руплівых людзей, якія праяўляюць працавітасць у розных прафесіях і розных галінах, якія ствараюць не толькі ўласны дабрабыт, але і клапоцяцца аб росквіце краю.

Арганізатары святочнага мерапрыемства – работнікі мясцовага Дома культуры паклапаціліся аб тым, каб цікава на свяце было людзям рознай узроставай катэгорыі. Малышы скакалі на надзіманым атракцыёне і ласаваліся салодкай ватай, моладзь стаяла ў чаканні дыскатэкі, а людзі старэйшага ўзросту былі ў захапленні ад канцэртнай праграмы, у якой прынялі ўдзел як мясцовыя самадзейныя артысты, так і госці з Ашмян, а таксама народны ансамбль народнай песні “Жытніца” з Кракоўкі.

Граўжышкоўская старонка багата людзьмі, якія займаюцца пчалярскай справай. Вядучыя Алена Сальмановіч і Эдуард Булкевіч запрасілі на сцэну Франца Чаплінскага, Паўла Буйко і Вацлава і Ірыну Сінкевічаў, якія прынялі ўдзелу незвычайнай віктарыне на веданне сакрэтаў пчалярства. За правільныя адказы яны атрымлівалі салодкія прызы, а калі адказ не знаходзіўся, то на дапамогу прыходзілі гледачы. Франц Іванавіч выканаў “Гімн пчаляра”, які быў напісаны ў суаўтарстве з сястрой, а сямейны дуэт Сінкевічаў пачаставаў мёдам дзяцей.

У гэты дзень у Граўжышках можна было атрымаць асалоду не толькі ад песень і жартаў, але і ад карыснага прадукта, які пчаляры прывезлі на продаж: гэта і мёд розных гатункаў, і прадукты пчалярства.

На пытанне аб тым, які мёд самы смачны, Вацлаў Антонавіч Сінкевіч, ураджэнец в. Доржы, пчаляр з 35-гадовым стажам, заўважыў, што смак залежыць ад колькасці раслін:

— Чым больш розных кветак абляціць пчала, тым смачнейшы атрымліваецца мёд. У мёда шмат сакрэтаў. Ён здаўна быў і застаецца лепшым лякарствам. Калісьці пяць вулляў мне падарыла на дзень нараджэнне жонка. З таго часу мёд штодня на нашым стале. Гэта справа нялёгкая, аднак яна варта таго, каб ёй займаліся. Сёння я магу шмат даць парад сваім калегам. Вось і мой настаўнік Франц Іванавіч Чаплінскі не раз да мяне звяртаўся, я заўсёды гатовы дапамагчы і падказаць, як весці “салодкую гаспадарку”.

На свяце мёд можна было не толькі купіць, але і выйграць пры адказе на пытанні віктарыны. Спонсарамі салодкіх прызоў стала сям’я Сінкевічаў.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

Стоит почитать:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *