Cвята “Радасць сустрэчы пад пакровам Святога Ільі” прайшло ў Міхайлоўшчыне

Культура

У другі жнівеньскі дзень праваслаўныя вернікі адзначаюць дзень Прарока Ільі. Традыцыйна жыхары вёскі Міхайлоўшчына збіраюцца разам з суседзямі на добрым свяце “Радасць сустрэчы пад пакровам Святога Ільі”.


Мілагучным рэхам на кожным падворку адгукалася музыка царкоўных званоў, якія абвяшчалі пачатак свята. На ўрачыстую службу ў царкву Святога Прарока Ільі разам з вернікамі завітаў епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. Падчас літургіі ён павіншаваў прысутных са святам і даў божае блаславенне вернікам і святарам. Пасля шматлікія вернікі прайшлі крыжовым ходам вакол храма.


Пасля абеду жыхары і госці Міхайлоўшчыны адправіліся ў мясцовы клуб-бібліятэку, дзе іх чакала святочная праграма. Як заўсёды, у канцэртнай зале сабраліся жыхары, а таксама тыя, хто тут нарадзіўся, а зараз жыве далёка ад роднага дома, тыя, хто калісьці прыехалі сюды і засталіся назаўсёды.


У цёплай сяброўскай атмасферы вучаніца Гальшанскай СШ Кацярына Кулак прачытала пранікнёны верш зямлячкі – паэтэсы Валянціны Гіруць-Русакевіч, прысвечаны роднай вёсачцы. Упрыгожылі свята артысты Канстанцін Яраш, Віялета Суравец, Вацлаў Сідаровіч, Эдуард Булкевіч і Вераніка Свідрыцкая. Усіх прысутных на свяце вяскоўцаў павіншаваў настаяцель царквы Святога Прарока Ільі і царквы Святога Георгія Уладзімір Семяняка.


Шмат добрых слоў і віншаванняў было сказана ў адрас маладых мамаў, моладзі, пажылых людзей, якія пражылі большую частку свайго жыцця ў вёсцы. У гэты дзень прысутныя павіншавалі сваіх аднавяскоўцаў–юбіляраў Тарэзу Данілевіч, Рамуальда Мацэвіча і Яніну Стэфаноўскую; сям’ю Наталлі і Леаніда Шельвянаў, у якіх у студзені нарадзілася дзяўчынка. Гучнымі апладысментамі сустракалі шматдзетную сям’ю Вольгі і Міхаіла Швайкоўскіх.


Самых маленькіх жыхароў вёсачкі паклікалі да сябе гандлёвыя рады з салодкай ватай і папкорнам, а таксама надуўны атракцыён. Дарослым цікава было паглядзець выставу народных майстроў Міхайлоўшчыны, а таксама незвычайную калекцыю старадаўніх царкоўных кніг.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *