Старажытныя артэфакты знойдзены ў Гальшанах

Культура

Археалагічныя раскопкі, чыстае паветра, маляўнічыя пейзажы, веласіпедныя маршруты і аўтобусныя экскурсіі, спартыўныя і творчыя спаборніцтвы, дыскатэкі – усё гэта гісторыка-археалагічны летнік з кругласутачным знаходжаннем “Кентаўры”. Летнік на працягу некалькіх гадоў не перастае здзіўляць вучняў Гальшанскай сярэдняй школы, дазваляе дзецям выдатна адпачыць, даведацца шмат новага і цікавага, а таксама набрацца сіл для новага навучальнага года.

Для юных гісторыкаў гэты год не стаў выключэннем, а дзевяць дзён праляцелі незаўважна хутка. Самай цікавай і доўгачаканай падзеяй для наведвальнікаў летніка сталі археалагічныя раскопкі непадалёк ад гальшанскага гарадзішча.Дваццаць вучняў пятых –восьмых класаў Гальшанскай СШ пад кіраўніцтвам навуковых супрацоўнікаў інстытута гісторыі НАН Беларусі Паўла Кенькі і Яўгена Уласаўца не толькі сачылі за працэсам, але і самі змаглі прыняць удзел у раскопках, дакрануцца да даўніны і адчуць подых легендаў аб родным мястэчку.

Навукоўцы на працягу некалькіх гадоў займаюцца раскопкамі на гальшанскім селішчы. Сёлета інтарэс выклікалі  знойдзеныя часткі падмурка дома і печ з глінянымі гаршкамі, а таксама скрабок каменнага веку, жаночыя ўпрыгожванні – падвеска (13 стагоддзе), кальцо (7 ст.), фібула (10-13 ст.), спражка (13 ст.), старадаўнія манеты…

— Акрамя працы на гальшанскім селішчы, школьнікі актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемствах, якія праходзілі пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў, — расказвае дырэктар летніка Ігар Каралевіч. — Спадзяюся, што паходы і экскурсіі,спартландыі і гульні на стадыёне, творчыя конкурсы — запомняцца дзецям надоўга.

Школьнікам  даспадобы экскурсіі па Ашмяншчыне, турыстычныя паходы на на возера Свіцязь і на Блакітныя азёры, паездкі да пагранічнікаў… Дарэчы, сёлета гальшанскія “кентаўры” наведалі Лідскі замак і цэнтр бяспекі Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС.

Кацярына РУДЗІК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *