Творчая сустрэча ў Гальшанах

Культура

Напрыканцы ліпеня ў аддзеле культуры і вольнага часу аграгарадка Гальшаны ў межах раённага агляду-конкурсу канцэртных праграм “Зямля бацькоў-мая зямля” адбыўся канцэрт-справаздача “О, Беларусь краiна родная”. Да гэтага мерапрыемства ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці рыхтаваліся на працягу года, напоўненага яркімі падзеямі і творчасцю.

Сёння да ўвагі гледачоў былі прадстаўлены лепшыя нумары. Канцэрт адкрылі вядучыя Юлія Адашкевіч і Анастасія Акулевіч. На працягу вечара творчыя калектывы аддзела культуры i вольнага часу прадэманстравалі лепшыя песні, прадставілі яркія танцы і падарылі добры настрой.

На працягу канцэрта гальшанцы і госці аграгарадка гучнымі апладысментамі сустракалі Марыну Гайдановіч, Анастасію Супрановіч, Вольгу Сінькевіч, Валерыю Вісцяж, Марыяну Кісліцкую, Любоў Шчарбакову, Мікалая Матузевіча, Віктара Трота, Аляксандра Ката, вакальныя групы “Заранiчкi” і “Рамонак”. З лепшымі харэаграфічнымі нумарамі выступілі калектывы “Фіеста” і “Мэры Попінс”.

Шмат песень і танцавальных нумароў было прысвечана роднаму мястэчку, а таксама 73-й гадавіне Вялікай Перамогі. Сваёй творчасцю артысты аддзела культуры “расказалі” пра родны край і аб тым, як у мірнае, шчаслівае жыццё ўварвалася вайна…

Завяршыўся канцэрт песняй “Да новай сустрэчы”, якую выканалі ўсе ўдзельнікі канцэрту. Гучныя апладысменты, шчырыя ўсмешкі і словы ўдзячнасці казалі пра тое, што творчыя здольнасці і таленты вяскоўцаў знайшлі водгук у сэрцах маленькіх і дарослых гальшанцаў.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *