Прыдарожная каплічка на “пагорках Марыі” ў Ашмянскім раёне

Год малой родины Культура

Месцазнаходжанне кожнай прыдарожнай каплічкі ахутана завесай таямнічасці.  Пры знаёмстве з такімі архітэктурнымі помнікамі ўзнікае натуральнае жаданне даведацца як мага больш аб тым, з якой нагоды і кім была ўзнесена тая ці іншая хрысціянская святыня. Асабліва, калі каплічка размешчана ў маладаступным месцы, каля неіснуючага населенага пункта і пра яе гісторыю ўжо не змогуць расказаць мясцовыя жыхары. Разгадка з’яўлення помніка займае не адзін год, але ў выніку карпатлівага пошуку раскрываецца цікавая гісторыя з нашай мінуўшчыны.

На палове шляху паміж Жупранамі і Кушлянамі, на мяжы Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў, раскінуўся лясны масіў з незвычайнай назвай Марымонты. Такую назву ён атрымаў ад аднайменнага населенага пункта, які існаваў тут у мінулым ХХ стагоддзі. Сама ж назва паселішча, па адной з версій, утварылася на французскі манер і ў перакладзе азначае “Пагоркі Марыі”. Цалкам верагодна, што былы ўладальнік маёнтка Кушляны Сулістроўскі такім чынам адзначыў маляўнічасць тутэйшых пагоркаў, злучыўшы іх з памяццю аб сваёй дачцэ Марыі.

Месца Марымонтскай каплічкі на польскай карце 1938 года

Па дадзеных І.Гашкевіча за 1905 год фальварак Марымонты Сулістроўскага налічваў 29 жыхароў, меў 126 дзесяцін зямлі і ўваходзіў у Сольскую воласць. Землі вакол Марымонтаў пасля Першай сусветнай вайны пераходзяць у валоданне новаму ўладальніку і належаць графу Гутэн-Чапскаму з Навасёлак. Па мясцовай пагалосцы адзін з уладальнікаў маёнтка Кушляны прайграў іх у карты. У сувязі з парцэляцыяй зямель граф Чапскі прадае ў 1921 годзе дзяржаве неўжытковыя і пустуючыя марымонскія надзелы, а польскі ўрад асаджвае тут перасяленцаў-земляробаў з цэнтральнай Польшчы, з-пад Кельцаў. Па звестках за 1931 год асада Марымонты складалася з 17 жылых будынкаў і 93 жыхароў, адносілася да жупранскай парафіі.

Менавіта ў гэтым годзе намаганнямі мясцовых жыхароў, у першую чаргу моладзі, паўстала ў разгалінаванні дарог каплічка ў гонар Сэрца Ісуса і Марыі. Грамадска-палітычны тыднёвік “Наш прыяцель” у нумары за 30 жніўня 1931 года змясціў паведамленне аб “надзвычай прыгожай і незабыўнай ўрачыстасці”, якая адбылася ў Марымонтах. У прысутнасці ксяндза-дэкана П.Пякарскага, ксяндза-прэфекта У. Рушніцкага, пані графіні Я.Чапскай з Навасёлак, настаўніцтва з Жупранаў, бацькоў, дзяцей і шматлікіх гасцей з ваколіц тут у нядзелю, 7 чэрвеня, адбылося асвячэнне каплічкі. Пасля прамовы ксяндза-дзекана і набажэнства побач з каплічкай было наладжана прадстаўленне. Школьная дзятва паказала некалькі тэатральных пастановак, а так як усе дзеі адбываліся ў лесе, то прайшлі яны вельмі ўрачыста. Для моладзі ў гэты дзень была арганізавана маёўка і вечарына.

Адным з галоўных натхняльнікаў пабудовы каплічкі стала настаўніца мясцовай школы Гэлена Чаплінская. Яшчэ раней, у 1928 годзе яна прычынілася да ўзнясення магутнага памятнага крыжа ў Шчопанах. Адзначу, што школа ў Марымонтах з чатырохгадовым тэрмінам навучання падпарадкоўвалася кіраўніку паўшэхнай школы ў Жупранах.

У далейшым незайздросны лёс чакаў большую частку жыхароў гэтага паселішча, а потым напаткаў і саму каплічку. Па ўспамінах жыхара в.Рачкяны Хадановіча І.С., 1931 года нараджэння, марымонтскія гаспадары жылі бедна, з цяжкай уласнай працы. Запаў у памяць сведкі факт, што у многіх з іх не было аброці для каня, таму яны вілі вяроўкі з крапівы. Аднак гаротнае становішча не ўратавала асаднікаў ад высылкі, якая была праведзена ў ноч на 10 лютага 1940 года. У далейшым выгнаннікі выехалі ў Польшчу, а Марымонты паступова поўнасцю апусцелі. Сёння аб былым жыцці ў гэтым месцы нагадваюць толькі здзічэлыя паасобныя садовыя дрэвы сярод лесу. Не стала жыхароў, безабаронная каплічка прыцягнула ўвагу злодзеяў, якія разбурылі дашчэнту святое месца ў пошуках скарбу. На яе месцы цяпер знаходзіцца толькі некалькі камянёў падмурку.

На такім сумным выніку не хацелася завяршаць аповед. Атрымаўшы некалькі тыдняў таму інфармацыю пра недалёкую ад Марымонтаў каплічку каля в. Гудзеняты, неадкладна вырашыў наведаць мясціну і даследаваць сучасны стан помніка. Размешчана мураваная святыня пры дарозе з Гудзенят у Наздрачуны, недалёка ад ўскрайку лесу. Складзена з палявых каменняў, знешне атынкавана і завершана цэментовым крыжом. У адной з фасадных ніш удалося прачытаць дату яе пабудовы — 26 верасня 1938 года. На жаль, час таксама не пашкадаваў каплічку, адламана частка крыжа, ёсць пашкоджанні ў асноўным аб’ёме. Але будзем спадзявацца, што ў жупранскай парафіі знойдуцца шчырыя і шчодрыя вернікі, якія змогуць адрамантаваць каплічку да яе 80-гадовага юбілею і раскрыюць таямніцу ўзнясення святыні.

Уладзімір ПРЫХАЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *