Геадэзічныя рэперы на Ашмяншчыне

Культура

Сучаснага чалавека ў паўсядзённым жыцці атачаюць разнастайныя сеткі – камунікацыйныя, транспартныя, камунальныя, геадэзічныя… Некаторыя з іх доўгі час заставаліся забытымі, маючы пры гэтым значную навуковую і гістарычную каштоўнасць. Зацікаўленыя мясцовыя рупліўцы толькі з 2005 года пачалі ўзнаўляць, вывучаць і ўшаноўваць памяць пра трыангуляцыйную сетку, якая ў ХIХ стагоддзі пралягла праз наш край. Сёння помнік сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЭСКА Дуга Струвэ з’яўляецца адным з турыстычных брэндаў раёна.

Па-новаму зірнуць на навакольную прастору дазваляе яшчэ адна малавядомая для большасці краязнаўцаў сетка. Гаворка пойдзе пра нівелірную сетку, якая служыць для дакладнага вымярэння вышыні пунктаў зямной паверхні адносна ўзроўню мора. Выкарыстоўваецца яна пры выкананні розных інжынерных і будаўнічых работ, для тапаграфічных здымкаў мясцовасці і складаецца з уцэментаваных у сцены будынкаў металічных знакаў, якія называюцца геадэзічнымі рэперамі.

На пачатку вясны аматары гісторыі з Брэсцкага рэгіёну прапанавалі пашукаць на тэрыторыі былога Ашмянскага павета захаваныя рэперы з міжваеннага перыяду мінулага стагоддзя і злучыць сумесныя знаходкі разам. Нечаканая прапанова стала займальным і адначасова захапляльным заняткам апошняга часу. У выніку даследвання былі ўзноўлены наступныя знакі.

Рэпер на сцяне Ашмянскага касцёла

Першы знойдзены рэпер знаходзіцца на сцяне ашмянскага кацёла св. Міхаіла Архангела, недалёка ад уваходных дзвярэй святыні. Вонкавая частка гэтага знака прадстаўляе сабой металічны дыск дыяметрам 7 см з паўкруглым выступам зверху, на які мацуецца нівелірная рэйка пры правядзенні вымяральных работ. На паверхні балта, такую назву таксама мае гэты знак у польскамоўных крыніцах, размешчаны тагачасны дзяржаўны гербавы арол і надпіс “Znakwysokosci. M.R.P.”, што ў перакладзе азначае “Знак вышыні. Міністэрства грамадскіх работ”.

Аналагічны рэпер прымацаваны да паўночнай сцяны гальшанскага касцёла св. Яна Хрысціцеля. Выдадзены ў 1932 годзе “Каталог трыангуляцыйных пунктаў на абшарах Рэчы Паспалітай” падае звесткі, што такія нівелірныя знакі таксама знаходзіліся на “асновах крыжа”, гэта значыць на падмурках званічных вежаў, касцёлаў ў Барунах, Граўжышках і Жупранах. Па розных прычынах сёння рэперы адсутнічаюць на сценах узгаданых касцёлаў. Магу адзначыць толькі той факт, што ў 2007 годзе мне пашчасціла апісаць прымацаваны да падмурка жупранскай святыні падобны знак, але пры сёлетнім паўторным аглядзе ён не быў выяўлены. Замест гэтага на адным з вуглоў касцёла быў заўважаны рэперны знак савецкага перыяду, які таксама з’яўляецца каштоўнай гістарычнай памяткай недалёкага мінулага.

З публікацыі “У справе нівелірных знакаў”, якая была змешчана ў “Ведамасцях Віленскай архідэацэзіі” 25 сакавіка 1929 года, стаў вядомы час пачатку работ па ўмацаванні знакаў. Канцлер курыі, ксёндз Савіцкі, даводзіў інфармацыю да пробашчаў касцёлаў Віленшчыны, што Міністэрства грамадскіх работ па меры правядзення нівелірных работ будзе падаваць да ведама спісы касцёлаў і касцельных будынкаў, на мурах якіх будуць убудаваны рэперы. Давалася таксама супакойваючае тлумачэнне і аб тым, што каля рэпераў не будуць знаходзіцца ніякія надпісы і табліцы. А так як знакі маюць невялікія памеры, то яны не стануць прычынай знявечання і пашкоджання сценаў ці цокаляў муроў рэлігійных святыняў.

Пасля ліквідацыі Міністэрства грамадскіх работ з 1 ліпеня 1932 года ўсе работы па нівеліраванні прадоўжыла Міністэрства камунікацый. У гэтым і наступным годзе праводзіцца прэцызійнае ці высокадакладнае нівеліраванне па чыгуначнай лініі Нова Вілейка – Маладзечна даўжынёй у 107 км 950 м. Для вымярэння гэтай лініі нівелірнай сеткі выкарыстоўваюцца “цэйсаўскія” інструменты, кожны прамежак паміж двума рэперамі вымяраецца як у адзін, так і другі бок. Пры магчымасці, вымярэнні праводзяцца ў розны час і розныя дні. Для нас цікавым з’яўляецца той факт, што рэперны знак захаваў сваю ранейшую форму і выгляд, акрамя адной змены. Замест надпісу “M.R.P.” быў ужыты надпіс “P.N.”, што ў перакладзе расшыфроўваецца як “прэцызійнае нівеліраванне”. У гэты час рэперы ўмацоўваюцца на сцены вакзальных памяшканняў, іншых мураваных станцыйных будынкаў, на апоры чыгуначных мастоў і віадукаў.

Рэпер на сцяне станцы¦ Ашмяны

Пазнаёміцца з адным з такіх захаваных знакаў можна на чыгуначнай станцыі Ашмяны. Знаходзіцца ён у цокальнай частцы вакзала, пры цэнтральным уваходзе з боку перона. Вышыня гэтага рэпера адносна ўзроўню мора ў Амстэрдаме складае 176 метраў 7 сантыметраў. Пры правядзенні высокадакладнага нівеліравання на нашай чыгуначнай лініі былі ўжыты таксама рэперы ў выглядзе таблічак у латуннай аправе. Закладзены яны былі ў сцены салідных станцыйных будынкаў на вышыні 1,80 м над зямлёй. Пунктам адліку вышыні ў такіх рэперах з’яўляецца адтуліна пасярэдзіне, у якую устаўляецца шпілька і падвешваецца спецыяльная рэйка для вымярэнняў. Па звестках “Каталога вышынь Міністэрства камунікацый” за 1939 год таблічны рэпер быў прымацаваны да воданапорнай вежы чыгуначнай станцыі Ашмяны, і гэтую інфармацыю пацвердзіў вядомы знаўца гісторыі тых мясцін Валерый Іванавіч Пятроў. Але са знікненнем некалькі год таму вежы не стала і рэпера. Дарэчы, такія таблічныя рэперы захаваліся на будынках суседняга Гудагайскага вакзала і на жылым доме чыгуначнікаў каля вакзала ў Солах.

Рэпер на сцяне станцыі Гудагай

З развіццём новых высокадакладных тэхналогій вымярэнняў геадэзічныя пункты, у тым ліку і сцянныя рэперы, паступова страчваюць сваё значэнне. У гэтай сувязі яны павольна, але ўпэўнена знікаюць пры зносе ці рэканструкцыі будынкаў, заштукатурваюцца ці зашываюцца сайдынгам. Не маючы ранейшага практычнага выкарыстання, міжваенныя рэперы захоўваюць значную гістарычную каштоўнасць. Сваім існаваннем яны нагадваюць пра мінулыя геадэзічныя работы, з’яўлюцца помнікамі развіцця навукі, таму мы павінны беражліва да іх адносіцца.

У замежжы існуюць супольнасці людзей, якія захапляюцца пошукам такіх геадэзічных пунктаў. Удзельнікі геапошуку, які таксама мае новамодную назву бенчмаркінг, займаюцца даследваннем захаваных і страчаных геадэзічных маркераў, а інфармацыяй аб сваіх знаходках дзеляцца ў інтэрнэце. Напэўна, і ў нас з’явяцца такія аматары пошуку, якіх будзе непераадольна цягнуць самастойна праверыць сучасны стан рэпераў, жаданне выявіць новыя геадэзічныя кантрольныя пункты на мясцовасці.

Уладзімір ПРЫХАЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *