У Ашмянах павіншавалі нованароджанага, які з’явіўся на свет у Дзень Незалежнасці

Культура

На Ашмяншчыне, як і ва ўсёй краіне, склалася добрая традыцыя – віншаваць матуль, дзеці якіх з’явіліся на свет у Дзень Незалежнасці. Як заўсёды да акцыі “Падары немаўляці вышыванку” далучыліся грамадскія аб’яднанні “БРСМ”, “Белая Русь” і “Беларускі саюз жанчын”.

Звонкія галасы дзяцей час ад часу парушалі спакой у раддоме цэнтральнай раённай бальніцы. Тут маладыя матулі знаходзяцца пад пільным доглядам урачоў і медыцынскіх сясцёр, але сёння адну з іх дазволілі наведаць вялікай дэлегацыі гасцей.

Напярэдадні галоўнага дзяржыўнага свята, 2 ліпеня, у сям’і Алёны і Уладзіміра Міновых нарадзіўся першы хлопчык. Маленькаму Аляксандру пашанцавала, што ён з’явіўся на свет на мірнай беларускай зямлі, на прыгожай і гасціннай Ашмяншчыне. Справа ў тым, што Алёна разам з сям’ёй жыла на Украіне, але баявыя дзеянні, якія захіснулі краіну, змусілі вярнуцца дамоў, дзе жыве тата Алёны. Два гады таму Алёна Сяргееўна знайшла новае месца жыхарства, а зараз сапраўднае жаночае шчасце – яе маленькага Сашу.

Шмат цёплых і шчырых слоў віншавання гучала ад намесніка старшыні райвыканкама, старшыні раённай арганізацыі “Белая Русь” Наталлі Станкевіч і галоўнага бухгалтара арганізацыі Алены Грышчанка, начальніка аддзела ідэалагічнай  работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыні грамадскага аб’яднання “БСЖ” Людмілы Каханоўскай і першага сакратара райкама грамадскай арганізацыі “БРСМ” Вольгі Шыдлоўскай.

Ад гасцей Алёна і яе маленькі сынок атрымалі мноства падарункаў: адзенне, цацкі, кнігі і, канешне, традыцыйны падарунак – кашулю з беларускім арнаментам, якая, безумоўна, стане абярэгам у першыя дні жыцця немаўляці.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *