Дзень вышыванкі адзначылі ў Ашмянах (фота, відэа)

Культура

Вышыванку можна лічыць сапраўднай візітоўкай беларусаў. Вышыты нацыянальны арнамент — гэта не проста ўпрыгожанне, гэта своеасаблівы шыфр, які праз стагоддзі перадалі нам продкі. Кожны ўзор у арнаменце ствараўся не проста так – гэта сімвал, які валодае магутнай энергетыкай і прыносіць свайму гаспадару шчасце, каханне, здароўе, поспех… Канешне, сёння мала хто звяртае ўвагу на сімвалы, якія захоўваюць аўтэнтычныя рэчы, але вышыванка ад гэтага не страчвае сваю непаўторнасць і папулярнасць. Тым больш, людзі розных пакаленняў выкарыстоўваюць рэчы з вышыванымі элементамі ў паўсядзённым жыцці…

Атмасфера святочнасці і добрага настрою панавала на Дні вышыванкі, які прайшоў напярэдадні Дня Незалежнасці ў нашым горадзе. Мілагучным рэхам у дворыку краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча адгукаліся чароўныя мелодыі скрыпкі і баяна – на сцэну выйшлі самадзейныя артысты фальклорнай групы “Скарбніца” ( аддзел культуры і вольнага часу аграгарадка Кальчуны).

Упрыгожылі свята юныя таленты – выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі – Вікторыя Шанько (СШ №2), Ульяна Лугін (СШ №1), Ксенія Крышаловіч (СШ №1), Валерыя Жукоўская (СШ №2) і Арына Мірановіч (СШ №3). Незвычайнае дэфіле дызайнерскага адзення прадэманстравалі настаўнікі і выхаванцы цэнтра. Асаблівасцю паказу сталі сукенкі і касцюмы, выкананыя ў аўтэнтычным стылі.

Нягледзячы на дрэннае надвор’е і дождж, кожны госць атрымаў не толькі порцыю добрага настрою, але і змог прадэманстраваць свае таленты ці навучыцца чаму-небудзь новаму. У цёплай атмасферы прайшлі майстар-класы па беларускіх танцах, а народныя гульні і забавы закружылі маленькіх і дарослых ашмянцаў.

Сімвалічныя беларускія арнаменты ўпрыгожылі не толькі адзенне ашмянцаў — кожны мог набыць прыгожыя стужкі на рукі ці нанесці аквагрым з нацыянальным узорам сабе на твар. Нязменныя атрыбуты жыцця беларусаў — ручнікі, посцілкі, нацыяльны касцюм, традыцыйная батлейка… Усё гэта можна было ўбачыць на выставе “З бабулінага куфра”.

Ашмяншчына багатая сваімі традыцыямі, гістарычнымі і, канешне, людскімі каштоўнасцямі. Сапраўды, адкрытыя, руплівыя і таленавітыя людзі жывуць тут. Падчас свята можна было не толькі набыць сувеніры ці аўтэнтычныя рэчы, але і самому навучыцца іх рабіць ці проста даведацца ў народных майстрых аб таямніцах іх творчасці. Прываблівалі шматлікія погляды вышываныя карціны, вырабы з гліны, керамікі, бісеру, лёну —  майстроў з аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры вёскі Паляны, настаўнікаў і выхаванцаў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, а таксама нашых зямлячак З. Сарокінай і С. Сярпейкі.

Дзякуючы актывістам раённага камітэта ГА “БРСМ” дзень вышыванкі ўпрыгожылі фотаздымкі ашмянцаў і малюнкі беларускіх арнаментаў, якія падрыхтавалі школьнікі і моладзь.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *