Студатрады працуюць на прадпрыемствах Ашмянскага раёна

Общество

Цікава і насычана праходзіць лета не толькі ў тых, хто паехаў адпачываць на мора ці скараць горы. Школьнікі і студэнты Ашмяншчыны вырашылі прысвяціць лета дзейнасці ў студатрадах. На гэты раз карэспандэнты раённай газеты разам з першым сакратаром раённага камітэта ГА «БРСМ» Вольгай Шыдлоўскай прасачылі за працай будаўнічага атрада на ААТ «Ашмянскі мясакамбінат».

IMG_4744

— З райкамам «БРСМ» мы супрацоўнічаем не першы год, — расказвае майстар рамонтна-будаўнічай брыгады ААТ «Ашмянскі мясакамбінат» Станіслаў Вішнеўскі. — Нам гэта супрацоўніцтва падабаецца — юнакі стараюцца і актыўна дапамагаюць з прыбіраннем вялікай тэрыторыі. Сядзець без справы тут не атрымаецца, работы хопіць на ўсю змену!

Сёлета ў будаўнічым атрадзе працуе сем юнакоў — Яраслаў Васілеўскі, Уладзіслаў Ігнатовіч, Кірыл Кіркоўскі, Данііл Фіялкоўскі, Максім Шыдлоўскі, Андрэй Янкоўскі і камандзір Арцём Барысевіч. Гэта вучні СШ №1, СШ №2, гімназіі №1, а таксама навучэнец Маладзечанскага політэхнічнага каледжа.

Вучань СШ №3 Уладзіслаў Ігнатовіч у студэнцкім атрадзе ўпершыню. Нягледзячы на тое, што юнак працуе ўсяго некалькі дзён, ён смела разважае аб станоўчых момантах работы на прадпрыемстве.

IMG_4753

— Школьнікі сюды прыходзяць, каб зарабіць, адчуць на сабе, што такое работа, — дзеліцца Уладзіслаў, — і, канешне, атрымаць першы запіс у працоўнай кніжцы.

Наперадзе ў юнакоў амаль цэлая змена ў студатрадзе, напоўненая не толькі працай, але і цікавымі адкрыццямі, новымі знаёмствамі і прыемным адпачынкам. Наступны студэнцкі дэсант прыйдзе на дапамогу прадпрыемству ў сярэдзіне ліпеня.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *