Як праходзіць адпачынак у прышкольным летніку ў Крэйванцах

Год малой родины Культура

Сапраўдныя непаседы сабраліся на адпачынак у прышкольным летніку, арганізаваным на базе Крэйванцаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу.

Чатырнаццаць цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак на працягу ўсёй змены актыўна бавілі час летніх канікулаў. Настаўнікі прапанавалі выхаванцам насычаную праграму з разнастайнымі гульнямі, віктарынамі, спартыўнымі спаборніцтвамі і вечарынамі.

IMG_2708

У Год малой радзімы дзеці будавалі сваю «вёску», дзяліліся ўласнымі ідэямі і марамі.

— Бадай, самае вялікае захапленне ў малечы выклікалі вандроўкі па родным краі і незабыўныя экскурсіі, — расказвае дырэктар летніка Алена Даўжук.

Так, выхаванцы пабывалі на былой панскай сядзібе ў вёсцы Вельбутова, дзе пазнаёміліся з гісторыяй сваіх продкаў. У Кушлянах дзяцей вітаў дырэктар музея-сядзібы Францішка Багушэвіча, чалавек апантаны і цалкам адданы сваёй справе, Алесь Жамойцін. Ён расказаў юным наведвальнікам шмат цікавых звестак пра паэта і прапанаваў змястоўную экскурсію. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўбачылі  родавыя медальёны сям’і славутага суайчынніка, якія ахоўвалі Багушэвічаў на працягу стагоддзяў, а таксама рэчы, якія належалі паэту, яго родным, сябрам і нашчадкам. На памяць аб незвычайным падарожжы ў выхаванцаў летніка засталіся не толькі яркія ўражанні, але і фотаздымкі, зробленыя ля сядзібы.

IMG_3034

Не менш займальным аказаўся і паход у пажарную аварыйна-выратавальную часць №1 г. Ашмяны. Інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Міхаіл Садоўскі, які сустрэў дзяцей, паказаў ім выратавальную тэхніку, спецыяльны рыштунак, напомніў правілы бяспекі. Паўтарыць, як паводзіць сябе пры пажары і іншых надзвычайных сітуацыях, дзеці змогуць і дзякуючы памяткам, якія атрымалі ад інспектара.

У лагеры «Непаседы» працаваў таксама гурток «Мы турысты». Разам з настаўніцай Антанінай Лукша дзеці вучыліся ставіць палаткі, арыентавацца на мясцовасці. Псіхалагічныя трэнінгі і гутаркі праводзіла супрацоўнік сацыяльна-педагагічнага цэнтра г. Ашмяны Ганна Зышчык. Касцюміраваную вечарыну для малечы арганізавала Святлана Мацкевіч. Каго тут толькі не было! Піраты, мушкецёры, Папялушка, Арлекіна і іншыя казачныя героі.

Незабыўны адпачынак падарылі малечы Алена Вінцаловіч, Людміла Зарэцкая, Валерый Чарток, Таццяна Чуйко.

IMG_3047

Плённае супрацоўніцтва школы з сельскай бібліятэкай аграгарадка Крэйванцы працягваецца і падчас летніх канікулаў. Мясцовы бібліятэкар Валянціна Дзядзічкіна рэгулярна наведвала выхаванцаў летніка, каб прапанаваць ім чарговую гульню ці віктарыну або запрасіць на выставу.

На працягу змены дзеці не толькі гулялі, але і зараблялі «грошыкі» — сваімі добрымі справамі і паводзінамі. Свой заробак яны змаглі патраціць на  аўкцыёне, які прайшоў напрыканцы адпачынку.

Людміла КОЗЕЛ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *