Свята вуліцы Школьнай у Гальшанах

Год малой родины Культура

У дваццаць чацвёрты чэрвеньскі дзень гальшанцы, госці аграгарадка, сябры і суседзі сабраліся разам, каб адзначыць цудоўнае свята – свята вуліцы Школьнай. Пляцоўкай для мерапрыемства “Па-суседску мы жывём” стаў шырокі двор двухпавярховых дамоў. Нягледзячы на шэрыя хмары, кароткачасовы дождж, і вецярок, якія прынесла каталіцкае свята нараджэння святога Яна Хрысціцеля, жыццярадасныя суседзі сабраліся разам.

Канешне, як і кожная вуліца, завулак і кожны куточак вядомага мястэчка Гальшаны, вуліца Школьная мае багатую гісторыю, прыгожыя мясціны і шчырых жыхароў. Найперш тут месціцца школа і дзіцячы садок, гаспадараць гасцінныя і працавітыя людзі…

INHgTyKhgZk

Вуліцы, як і людзі, маюць сваю біяграфію. Яны нараджаюцца, растуць, сталеюць і нават старэюць разам са сваімі жыхарамі. Вядучая мерапрыемства Анастасія Акулевіч разам з прысутнымі прагартала старонкі багатай біяграфіі вуліцы Школьнай. Цікава, што да шасцідзясятых гадоў усю тэрыторыю сённяшняй вуліцы займалі людскія гароды. У гэтым жа годзе за домам Уладзіславы Жалудкевіч “вырас” дом Яўгеніі Каралевіч. А восенню быў пабудаваны новы фінскі будынак для афіцэра савецкай арміі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, сакратара партыйнай арганізацыі саўгаса «Гальшаны» Уладзіміра Іванова. Далей, як грыбы пасля дажджу, пачалі “расці” дамы сям’і Крымоўскіх і Казлоўскіх. У 1979 годзе з’явіўся яшчэ адзін фінскі дом для сям’і старшыні саўгаса «Гальшаны» Часлава Глаўніцкага. Для спецыялістаў і рабочых свінагадоўчага комплексу ў 1981-1982 гадах узведзены два 18-ці кватэрныя будынкі.

У 1982 годзе пабудаваны дом Вайткевічаў, у якім цяпер праходзяць заняткі для дзяцей па вывучэнні катэхізіса. Трыццаць тры гады таму вуліцу Школьную ўпрыгожыў дзіцячы садок. У 1990 годзе калгас пабудаваў два двухпавярховых шматкватэрных дамы для чарнобыльцаў. Але, так як ніхто з іх не прыехаў, то кватэры аддалі членам калгаса, афганцам, работнікам сельскага Савета і настаўнікам.

sVvhQPyjy20

Сёння на шумнай і прыгожай вуліцы Школьнай жыве 73 сям’і (194 чалавекі, з іх 49 — дзеці). Канешне ж, вуліца Школьная заўсёды будзе маладой, таму што кожны дзень яе напаўняюць сваімі звонкімі галасамі школьнікі і выхаванцы садка.

Разам з артыстамі аддзела культуры і вольнага часу гальшанцы спявалі вядомыя народныя песні, адпачылі і па-суседску, разам правялі вольны час. Але, вуліцу ўпрыгожылі не толькі усмешкі суседзяў і музычныя нумары таленавітых музыкантаў, але і рознакаляровыя кветнікі, пасаджаныя і ўпрыгожаныя жыхарамі двухпавярховак.

Дзякуючы, работнікам культуры, на свяце ніхто з жыхароў не застаўся па-за ўвагай. Асаблівую падзяку яны выказалі працаўнікам аграгарадка, якія клапоцяцца аб тым, каб наша зямля з кожным днём станавілася ўсё багацей і прыгажэй. Віталі і тых, хто праз дзесяцігоддзі пранеслі вернасць і каханне, адданасць справе, выхавалі дастойных дзяцей.

0NY8vK2SZo8

Тут жывуць лепшыя рыбаловы і паляўнічыя — Уладзімір Гайдукевіч, Антон Пяткевіч, Анатолій Чимбор; лепшыя кветкаводы — Нэлі Шаховіч, Яніна Корзун, Іна Пяткевіч і Станіслава Мушніцкая; самыя спартыўныя людзі вуліцы — Міхаіл Кемяжук і Вацлаў Дзічкевіч; самая музычная сям’я — сям’я Гайдукевічаў. Тут жывуць свае медработнікі, і свой цырульнік, свае настаўнікі, былыя супрацоўнікі музея, работнікі сельскага Савета, механізатары і вадзіцелі, спецыялісты КСУП «Гальшаны».

На вуліцы Школьнай знайшлі сваё шчасце шматдзетныя сем’і, якія выхоўваюць трое, пяцёра і шасцёра дзетак. Гэта сем’і Таццяны і Міхаіла Завадскіх, Таццяны і Валянціна Навумчыкаў, Жанны і Аляксандра Мальдзісаў, Антаніны і Аляксандра Кошчыцаў.

У цёплай, сардэчнай атмасферы найлепшыя пажаданні з юбілеем атрымалі Леанід Пашкель, Франц Мушніцкі, Міхаіл Татару, Тамара Цупенка і Марына Загорская.

Rpn1tuAogXY

Зараз вуліца жыве і маладзее, бо ў госці да дзядуляў і бабуляў прыязджаюць маленькія ўнукі. Яны гоманам і смехам напаўняюць усё навокал. Цікавую гульнявую праграму для самых маленькіх гледачоў “Падарожжа ў Лета” правялі Клоун і Клаунэса (Алена Шавель і Любоў Шчарбакова).

Музычныя нумары жыхарам вуліцы Школьнай падарылі Караліна Адашкевіч, Віктар Трот, Вольга Сінькевіч, Алена Шавель, Мікалай Матузевіч і група “Фіеста”. Таксама гучныя апладысменты былі адрасаваны трыо Аляксандра Ката, Любові Шчарбаковай і Марыны Гайдановіч.

Свята для вяскоўцаў атрымалася вельмі сардэчным і цікавым, таму што няма такіх нагодаў, якія далі б магчымасць сабрацца ўсім разам проста так. У кожнага свае сем’і, клопаты… Менавіта, радасць сённяшняга свята, шчаслівыя ўсмешкі, прыемныя ўспаміны застануцца надоўга ў сэрцах аднавяскоўцаў!

Кацярына РУДЗІК.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *