«Душа ўзросту не мае…» Вячаслаў і Цыцылія Рапецкія

Общество

Каб на жыццё сваё аглядвацца з падзякай, трэба валодаць талентам жыць. На жаль, не ў кожнага яна ёсць, гэта прыроджаная здольнасць шмат працаваць, аб усім рупіцца, змагацца, перамагаць і радавацца таму, што жывеш на роднай зямлі. Вячаславу Сямёнавічу Рапецкаму гэты дар перадаўся ад бацькоў ці нават хутчэй ад прадзедаў, якія моцна трымаліся за сваю зямельку, дзякавалі ёй за добры ўраджай, кланяліся ў пояс налітаму жытнёваму коласу і маліліся на добрае надвор’е. Працаваць ім прыходзілася з раніцы і да змяркання: летам думаць пра зіму, а зімой — пра лета. На ўласным прыкладзе выхоўваць дзяцей, якія падрасталі разам з гэтай работай.

IMG_9638

Не было бесклапотным дзяцінства і ў малога Славіка. З братамі ён усё лета дапамагаў маці палоць цукровыя буракі, якіх у вёсцы Губінка Скідзельскага раёна сеялі заўсёды шмат, бо побач знаходзіўся цукровы камбінат. Калі крыху падрос, бацька навучыў хадзіць за плугам, а пасля — і цвёрда трымаць у руках касу. Работа гэта не выклікала асаблівай радасці, стома часам валіла з ног, аднак бацькі даходліва тлумачылі дзецям, што хлеб лёгкім бывае хіба што ў казцы. І мяса, і малако заўсёды здабываліся непасільнай працай сялян. І якія тут словы не прыдумвай, лягчэй ад гэтага не стане. Ды і слова «праца» на вёсцы не хадавое. Для сялян гэта проста работа, а работа — жыццё.

IMG_9658

Таму і нядзіўна было, што пасля заканчэння школы Вячаслаў падаў дакументы ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут на заатэхнічны факультэт. У той час скончыць аграрны вуз было прэстыжна, ды і паступіць туды было няпроста. І сёння Вячаслаў Сямёнавіч з удзячнасцю ўспамінае сваіх вясковых настаўнікаў, якія далі яму трывалыя веды. Ён без праблем вытрымаў іспыты і нават даў сабе слова палюбіць хімію, якая давалася  з нацяжкай.

Вучоба была ў радасць, так як і шчаслівае студэнцкае жыццё. Усё было яшчэ наперадзе, і ад гэтай думкі пераймала дух, сэрца пачынала біцца хутчэй, а водар маладосці п’яніў галаву.

IMG_9679

Аднойчы, прыехаўшы з горада дамоў, ён сустрэў на вясковай вуліцы яе — маладую, мініяцюрную і спрытную фельчарку Цыліну, размеркаваную пасля заканчэння медвучылішча на працу ў мясцовы фап. Ён не разумеў, ці то гэта было каханне з першага погляду, ці то нейкае чараўніцтва, аднак пачуцці накрылі абаіх. Яны былі розныя: вясёлы вясковы хлопец і разважлівая памяркоўная гараджанка з Маладзечна з незвычайным імем, што прыдумала дзяўчыне бабуля. Адукаваная і выхаваная жанчына, яна ў свой час працавала гувернанткай у сем’ях багатых гараджан. Відаць, адтуль і прыйшло гэта рэдкае імя. Ці то яно сыграла пэўную ролю, ці то нейкія іншыя абставіны паўплывалі, але ў хуткім часе маладыя пабраліся шлюбам. Не спынілі іх ні бытавыя праблемы, ні тое, што Вячаслаў яшчэ вучыўся на трэцім курсе інстытута.

Месяц таму Вячаслаў Сямёнавіч і Цыцылія Анатольеўна справілі «залатое» вяселле. Дзеці настаялі, каб было ўсё як у людзей — прыгожа і ўрачыста, з цырымоніяй у сельсавеце, з вялікай колькасцю гасцей, падарункамі і вясельным сталом.

— Пяцьдзясят год праляцелі, як адзін дзень, — адзначае наш субяседнік і, крыху памаўчаўшы, дадае: — Можа, каб сварыліся, дрэнна жылі, то і гады гэтыя нудна цягнуліся б. А калі жылі ў ладзе і згодзе, дык і не заўважылі, як прабег час.

рапецкие 1

Гады і насамрэч беглі імкліва. У сям’і нарадзілася дачушка. Вучобу прыходзілася сумяшчаць з работай — неабходна было забяспечваць сям’ю, і Вячаслаў уладкаваўся рабочым на вінзавод. Цяжкасці не станавіліся перашкодай сямейнаму жыццю, а наадварот, яшчэ больш умацоўвалі сямейны саюз. Незаўважна падышла апошняя сесія, на праддыпломную практыку сям’я паехала ажно ў Драгічынскі раён Брэстчыны.  Цыліна старалася ва ўсім дапамагаць мужу, прыслухоўвалася да яго не па гадах мудрых і правільных рашэнняў.

Прафесійны вопыт Вячаслаў Сямёнавіч пасцігаў у гаспадарках Смаргоншчыны і Ашмяншчыны. Вучыўся ладзіць з кіраўніцтвам раёна, заваёўваў аўтарытэт у аграрыяў, прыслухоўваўся да людзей сталых і паважаных, сярод якіх Пётр Конанавіч Кукарэка. Гэты кіраўнік за дасягнутыя поспехі ў сельскагаспадарчай галіне быў удастоены высокай дзяржаўнай узнагароды — ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі. У яго было чаму павучыцца і галоўнаму заатэхніку Рапецкаму. І Вячаслаў Сямёнавіч ніколі не саромеўся нешта спытаць, абмеркаваць існуючую праблему, парадзіцца са сваімі калегамі. На працягу дзесяці год ён кіраваў калгасам «Усход» у Смаргонскім раёне, быў галоўным заатэхнікам райсельгасхарчу, загадваў свінагадоўчым комплексам у калгасе імя Леніна (зараз «Гальшаны») Ашмянскага раёна. Калісьці ў гэты паўночна-заходні раён Гродзеншчыны яму прапанаваў пераехаць  аднакурснік Уладзімір Яфімчык, які некалькі год быў старшынёй Ашмянскага райвыканкама.IMG_9653

Гэты край стаў для Вячаслава Сямёнавіча  і Цыцыліі Анатольеўны другой радзімай. Тут, у прыгожых і старажытных Гальшанах, яны пабудавалі дом на вуліцы Замкавай. Тут пайшлі ў школу тры дачкі. Дзве з іх, Вольга і Антаніна, скончылі медвучылішча, як і мама, а вось Ганна пайшла па шляху бацькі — адвучылася ў Гродзенскім аграрным універсітэце, хаця і не працуе зараз па першай спецыяльнасці. Дачка жыве ў Смаргоні і займаецца музейнай справай, кіруе школьным музеем. Вольга звіла сямейнае гняздо ў Маладзечне. Малодшая Антаніна выйшла замуж за хлопца з суседняй вёскі і вялікай і дружнай сям’ёй жыве ў Гальшанах. У Цыцыліі Анатольеўны і Вячаслава Сямёнавіча дзесяць унукаў, а зусім нядаўна нарадзілася праўнучка Стэфанія. Старэйшыя ўнукі ўжо скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы і пайшлі на свой хлеб, а малышы яшчэ наведваюць дзіцячы садок і школу.

Гледзячы на ўнукаў, дзядуля ўспамінае сваё дзяцінства. Безумоўна, яно было іншым: без марожанага і смартфонаў, аднак не менш шчаслівым — з гульнямі «ў вайну», з хованкамі і пікерам, лаптой і штандарам. Сёння дзеці не вельмі цягнуцца да работы. Хіба што  любімец Пётр, які  не дасць Вячаславу Сямёнавічу адпачынку: цягне дзеда запрагаць кабылку, каб везці сена, «дапамагае» араць поле, капаць бульбу, даглядаць жывёлу.

У Рапецкіх вялікая гаспадарка: жывёла, добры ўчастак зямлі, пладовы сад, у якім уласнымі рукамі высаджана больш за сто дрэў. І хаця гады бяруць сваё, і Цыцылія  Анатольеўна часта ўшчувае мужа, просіць, каб прыпыніўся, каб пабярог сябе, аднак на яе, няхай сабе і медыцынскія парады, Вячаслаў Сямёнавіч не вельмі звяртае ўвагу. Прачынаецца рана, а кладзецца позна, але пры гэтым знаходзіць час, каб пачытаць кнігу, пабыць разам з унукамі, паназіраць за сямейкай лебедзяў, што абжыліся на ставе за домам, прынесці ім хлеба і дзівіцца на шэрыя камячкі, якія праз пэўны час стануць грацыёзнымі белымі птушкамі, патрапаць за вухам сабаку, што прыбіўся да іх некалькі год таму, пагаварыць з кабылай Дуськай, якая за вярсту чуе свайго гаспадара і вітае яго гучным ржаннем.

На пытанне, якія якасці больш за ўсё цэніць жонка ў мужа, Цыцылія Анатольеўна, не задумваючыся, адказвае: «Ён сапраўдны сем’янін, адказны, добразычлівы чалавек, гатовы прыйсці на дапамогу і нашым родным, і чужым людзям. Ён добры і спагадлівы бацька і дзядуля. Мне пашчасціла, што лёс калісьці нас звёў.

Калі мы прыехалі да Рапецкіх, Вячаслава Сямёнавіча дома не засталі: ён увіхаўся ў сваім уласным невялічкім «калгасе».

— Раней мне здавалася: вось пастарэе сэрца і супакоіцца, — адзначае наш герой. — Сяду я ў двары і скажу сам сабе: «Я ў сваім жыцці зрабіў усё, што мог. І няхай той, хто захоча, зробіць лепш. І няма чаго мне перажываць. Няма чаго хвалявацца». Але ж не: мая душа працягвае за ўсё хварэць. А яна, як вядома, узросту не мае.

Аліна САНЮК.

Фота з архіва сям’і Рапецкіх і

Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *