Традыцыйна ў трэцюю суботу чэрвеня ў сценах аграрна-эканамічнага каледжа прайшоў вечар сустрэчы з выпускнікамі. Але ў гэтым годзе была яшчэ адна нагода для вялікага свята — навучальная ўстанова адзначыла шэсцьдзясят пяты юбілей.
Дата для гісторыі, здавалася б, імгненне, а для установы адукацыі — вялікі адрэзак часу. За шэсць дзесяцігоддзяў змяніліся многае: назва, статус, структура, педагагічны калектыў… Але нязменным засталося адно — жыццёвая мудрасць і высокі прафесіяналізм.
Установа адукацыі некалькі дзесяцігоддзяў аб’ядноўвала жыцці і лёсы тысяч выпускнікоў. Чорна-белы архіў са шматлікіх фотаздымкаў на вялікім экране раскрыў багатую гісторыю навучальнай установы. А радасць сустрэчы пакінула ў душы ўспаміны і хвіліны задавальнення.
Шматлікіх гасцей вітала дырэктар аграрна-эканамічнага каледжа Наталля Юр’еўна Ліпавая. Яна павіншавала ўсіх прысутных са святам і адзначыла, што да гэтай знамянальнай падзеі каледж падышоў з выдатнымі вынікамі. За 65 гадоў навучальная ўстанова прайшла шлях ад тэхнікума да аграрнага каледжа. У далёкім 1953 годзе па вуліцы Савецкай у цагляным доме №69 адкрылася аднагадовая сельскагаспадарчая школа брыгадзіраў паляводчай брыгады і рахункаводаў калгасаў. У тым жа годзе рашэннем Савета Міністраў СССР школа была рэарганізавана ў Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, які пачаў рыхтаваць бухгалтараў для калгасаў і саўгасаў рэспублікі. Імкліва бяжыць час. Навучальная ўстанова працягвае рыхтаваць спецыялістаў для аграрна-прамысловага комплексу.
За гады свайго існавання каледж выпусціў амаль пятнаццаць тысяч спецыялістаў — тэхнікаў-планавікоў, эканамістаў, бухгалтараў, юрыстаў, арганізатараў вытворчасці, тэхнікаў-праграмістаў — для сельскагаспадарчых арганізацый і прадпрыемстваў не толькі раёна і вобласці, але і нашай краіны.
— Каледж ганарыцца сваімі выпускнікамі, якія дасягнулі высокіх прафесійных вышынь, сталі годнымі людзьмі, — дзеліцца Наталля Ліпавая.
Павіншаваць калектыў навучальнай установы сабралася шмат гасцей. Сярод іх — намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Суворава, намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» Наталля Станкевіч, член Савета арганізацыі «Белая Русь» Алена Грышчанка, дэкан эканамічнага факультэта Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта Андрэй Грыбаў, намеснік дырэктара аграрнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Галіна Мужыла, кіраўнік ААТ «Шутовічы- Агра» Андрэй Шутовіч і старшыня КСУП «Ашмянская Ясная Паляна» Юрый Хаткевіч.
Госці пажадалі калектыву каледжа росквіту і поспехаў у справе выхавання граматных і кваліфікаваных спецыялістаў. Выкладчыкам і супрацоўнікам каледжа былі ўручаны граматы, падзякі і каштоўныя падарункі.
На працягу 65 гадоў Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, а пасля і каледж быў цэнтрам ідэй і пачынанняў юнакоў і дзяўчат, якія шчодра дзяліліся імі з вытворчымі і грамадскімі арганізацыямі раёна. Навучэнцы каледжа — актывісты грамадскай арганізацыі «БРСМ», пастаянна прымаюць удзел у раённых культурных, спартыўных мерапрыемствах і акцыях, працуюць у студэнцкіх атрадах. Супрацоўнікі каледжа з’яўляюцца актыўнымі членамі грамадскага аб’яднання «Белая Русь», федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Таму віншавальную эстафету прынялі старшыня Ашмянскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага аб’яднання работнікаў аграпрамысловага комплексу Раіса Турлай, першы сакратар Ашмянскага раённага камітэта грамадскай арганізацыі «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Вольга Шыдлоўская, спецыяліст па працы з моладдзю раённай арганізацыі беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Барысенка.
65-годдзе — гэта час росквіту, вопыту і мудрасці, паказчык жыццястойкасці і здольнасці калектыва плённа развівацца і крочыць, рэалізуючы пастаўленыя мэты. Сёння, як і шэсць дзясяткаў гадоў таму, асноўным крытэрыем работы ўстановы з’яўляецца працаўладкаванне яго выпускнікоў і станоўчыя водгукі аб якасці іх падрыхтоўкі…
У актавай зале каледжа сустрэліся людзі розных пакаленняў — тыя, хто аддаў працы ў гэтых сценах большую частку жыцця, тыя, хто выкладае тут цяпер, і тыя, хто на працягу многіх гадоў супрацоўнічаў з каледжам, адкрываючы для яго навучэнцаў новыя магчымасці. Гэтыя людзі дапамаглі не толькі асвоіць выбраныя спецыяльнасці, але і далі сапраўдную пуцёўку ў жыццё сваім навучэнцам. Дружнымі апладысментамі шматлікія госці сустракалі выкладчыкаў-ветэранаў. Кароткі экскурс у мінулае Людмілы Фёдараўны Андрончык, Вацлавы Сямёнаўны Матошкі, Фёдара Аляксеевіча і Алены Віктараўны Канапаевых быў аздоблены шчырай удзячнасцю калегам, навучэнцам і выпускнікам.
Падарункам да юбілею сталі канцэртныя нумары, якімі павіншавалі навучэнцы, супрацоўнікі, таленавітыя выпускнікі каледжа і артысты раённага цэнтра культуры — Ангеліна Захарэўская, Марыя Пабядзінская, Арцём Бернатовіч, Вераніка Свідрыцкая, Канстанцін Яраш і Вадзім Авіжыч.
Вядучыя нагадалі імёны і прозвішчы педагогаў, хто ў розныя гады даў пуцёўку ў прафесійнае жыццё сваім выпускнікам. Кожны выпуск віталі гучнымі апладысментамі. Ганаровыя выпускнікі Мікалай Сямёнавіч Догель, Іван Іосіфавіч Раманоўскі, Лілія Канстанцінаўна Лоўкіс, Ганна Ануфрыеўна Вайткевіч і Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі — падзяліліся сваімі ўспамінамі аб каледжы, аб педагогах, якія заўсёды падтрымлівалі, аб сакрэтах поспеху.
Выпускнікі з непадробнай шчырасцю ўспаміналі сваіх куратараў, выкладчыкаў, аднагрупнікаў, а таксама дзяліліся вопытам з сённяшнімі навучэнцамі. Вядучыя «правяралі», ці помняць выпускнікі сваіх педагогаў — слухаючы аўдыёзапіс лекцыі, яны ўзгадвалі імёны Пятра Ціханенкі, Алы Грынкевіч, Алены Канапаевай, Фёдара Канапаева, Марыі Тамашэвіч, Уладзіміра Лукашука, Людмілы Андрончык і Вацлавы Матошкі.
З цікавасцю ўчарашнія навучэнцы разглядалі фотаздымкі каледжа і ўспаміналі, дзе знаходзіцца бібліятэка, кабінет дырэктара, настаўніцкая… А як нялёгка было ўспомніць усе эканамічныя дысцыпліны па вокладках падручнікаў!
Чырвонай стужкай праз увесь вечар гучала думка аб тым, што выпускнікі не забываюць свой каледж, тэлефануюць і прыязджаюць. У 2000 годзе дыплом бухгалтара атрымаў Сяргей Гарошкаў, які кожны год абавязкова наведвае вечар сустрэчы. Мужчына быў узнагароджаны дыпломам і цікавым падарункам.
Юбілейная зала зіхацела і іскрылася ад усмешак і добрых слоў, сяброўскіх абдымкаў і радасных успамінаў. Вечар сустрэчы выпускнікоў — добрая традыцыя. Былыя навучэнцы з задавальннем прайшлі па калідорах, завіталі ў музей, наведалі вучэбныя аўдыторыі, сцены якіх ніколі не забудуць гэты дзень — дзень душэўнага цяпла, усмешак, зносін з куратарамі і выкладчыкамі, з успамінамі аб цудоўных гадах юнацтва і студэнцтва.
Кацярына РУДЗІК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.
Больше фото и видео по ссылке: https://vk.com/event167268807