Распачалася першая змена ў дзіцячым летніку «Дружба»

Общество

У мінулую суботу распачалася першая змена ў дзіцячым летніку «Дружба». Лагеру споўнілася ўжо трыццаць гадоў, аднак ён па-ранейшаму ветліва сустракае юнакоў і дзяўчат. Сёлета тут плануюць адпачыць каля паўтысячы дзяцей, для якіх арганізуюць чатыры змены.

IMG_9177

Да прыходу выхаванцаў у летніку рыхтаваліся яшчэ з восені. Менавіта тады пачаўся рамонт. Карпатлівая праца будаўнікоў, работнікаў лагера дапамаглі яму ў абноўленым выглядзе сустрэць дзяцей у новым сезоне. Так, быў выкананы капітальны рамонт у клубе. Тут паклалі плітку, выканалі дэкаратыўную апрацоўку сцен, замянілі вокны, набылі новыя крэслы. Акрамя таго, неабходныя работы праведзены ў медпункце, які зараз адпавядае ўсім патрабаванням, у летнім душы, у кожным доміку, у сховішчы для агародніны і ўвогуле на ўсёй тэрыторыі лагера.

IMG_9142

Падрыхтаваць шаснаццаць домікаў дапамаглі прадпрыемствы і арганізацыі раёна: Ашмянскія электрычныя сеткі, ААТ «Белкава»,  «Радыётэхніка», раённы філіял аблспажыўтаварыства, КСУП «Ашмянскі світанак», «Гальшаны», «Крэйванцы», «Кракоўка», «Ашмянская Ясная Паляна», «Прыгранічны», «Граўжышкі», эксперыментальная база «Баруны», дражджавы, крухмальны і торфабрыкетны заводы.

Не засталіся ў баку ад агульнай справы мясакамбінат, сырзавод, жыллёва-камунальная гаспадарка, ААТ «Будаўнік». Хтосьці дапамагаў фінансава, хтосьці — матэрыяламі ці працоўнымі рэсурсамі. Да прыкладу, Смаргонскі лясгас дапамог прыбраць аварыйныя дрэвы, абкасіць тэрыторыю, устанавіць альтанку і лаўкі. Аўтамабільны парк №13 зрабіў сушку для адзення, а гравійна-сартавальны завод — спартыўную пляцоўку.

IMG_9152

— Каб своечасова падключыць усе неабходныя камунікацыі, літаральна жылі ў лагеры сантэхнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, — расказвае дырэктар дзіцячай установы Наталля Фалевіч.

Свой унёсак у навядзенне парадку ў летніку пакінулі школы раёна і супрацоўнікі  райвыканкама. Дзякуючы агульным намаганням у лагеры створаны ўтульныя ўмовы для паўнацэннага адпачынку і бяспекі дзяцей. Дарэчы, гэта адна з важнейшых мэт работы ўстановы.

Клопат пра выхаванцаў адчуваецца ва ўсім: у арганізацыі прапускнога рэжыму, кругласутачнага дзяжурства супрацоўнікаў РАУС, вартаўнікоў і дзяжурных выхавацеляў, устаноўцы камер відэаназірання. Бяспеку ў летніку прызваны ствараць аўтаматычная пажарная сігналізацыя і трывожная кнопка. Для прадухілення ўкусаў кляшчоў, распаўсюджвання інфекцыі супрацоўнікамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праведзена дэратызацыя і дэзынсекцыя. Выхад за тэрыторыю лагера абмежаваны. Зрэшты, ён і не патрэбны. Спартыўная пляцоўка сёлета размясцілася побач з домікамі. Так што ўволю адпачывай, займайся спортам, атрымлівай асалоду ад сустрэч і гульняў з сябрамі.

Абноўлена ў гэтым годзе і матэрыяльная база летніка. Быў набыты параканвектамат для харчблока, сушка для абутку, халадзільнае абсталяванне, электрычны награвальнік, неабходны інвентар. На падрыхтоўку лагера «Дружба» з мясцовага бюджэта выдаткавана 40 000 рублёў.

IMG_9199

Камфортныя ўмовы, здаровае харчаванне, аб якім паклапоцяцца вопытныя кухары (сёлета задзейнічаны спецыялісты з дзіцячых садкоў) — толькі адзін са складнікаў добрага адпачынку. Не менш важна так званая культурная праграма. Па традыцыі за яе адказваюць школы горада. Так, першую змену пад назвай «Летні экспрэс» арганізуюць настаўнікі СШ №1, другую — гімназія. На трэцюю змену праграму адпачынку прапануе СШ №3, на чацвёртую — другая школа. Усе змены профільныя і абяцаюць быць цікавымі і запамінальнымі. Галоўнае, упэўнены дзеці і педагогі, — добрае надвор’е, а з усім астатнім яны справяцца самастойна.

Людміла КОЗЕЛ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *