Незвычайнае хобі майстрыхі з Ашмян

Культура

Калісьці Канфуцый сказаў «Чым бы вы не займаліся ў жыцці, рабіце гэта ўсім сэрцам». Вядома, што кожны чалавек мае прызванне, якое знаходзіць увасабленне ў асноўнай працы. Для некаторых жа прызваннем з’яўляецца незвычайнае хобі. Нехта знаходзіць занятак для душы вельмі хутка, а нехта траціць на яго пошукі не адзін год.  Так было і ў жыцці майстрыхі Жанны Антонік. Дзяўчына атрымала спецыяльнасць прадаўца і ніводнага дня не прысвяціла ёй, а захапілася распрацоўкай творчых ідэй і ўвасабленнем іх у паўсядзённае жыццё.

IMG_1228

Вось ужо не першы год Жанна не перастае здзіўляць сваіх блізкіх рознымі ўпрыгожваннямі і вырабамі, зробленымі сваімі рукамі. Рэчы зроблены ў розных тэхніках: вышываныя карціны, тапіарыі, шматлікія кампазіцыі з паперы, бутэлькі ў тэхніцы дэкупажу, шкатулкі, вырабы з бісеру і пацеркаў, папяровыя кампазіцыі, кашпо для кветак, арганайзеры для канцылярскіх прадметаў, падсвечнікі, фужэры для жаніха і нявесты, розныя ўпрыгожванні для дзяўчынак.

— Я з дзяцінства любіла маляваць, — расказвае Жанна Антонік. — У чацвёртым класе настаўніца праводзіла апытанне на тэму прафесіі і я, не задумваючыся, адказала: «Хачу быць мастаком!».

IMG_1216

Гэта і нядзіўна, у сям’і заўсёды панавала атмасфера творчасці — калісьці бабуля і дзядуля Тэрэса Казіміраўна і Зянон Эдвардавіч Мартынкевічы, як і ўнучка, прысвячалі сваім захапленням большасць вольнага часу. Зараз хобі Жанны падтрымліваюць бацькі. Яны ж з’яўляюцца галоўнымі крытыкамі.

Чароўны свет мастацтва маленькая дзяўчынка адкрыла на ўроках працоўнага навучання. Настаўнік прапанаваў кожнай вучаніцы выбраць занятак па душы, і Жанна цвёрда вырашыла займацца вышываннем. З кожным вузялком, з кожным узорам, з кожнай выявай — карціны ўдасканальваліся. Канешне, даводзілася ўсяму вучыцца самой, тады не быў шырока распаўсюджаны інтэрнэт, ды што там інтэрнэт — нават якасную тканіну і ніткі цяжка было знайсці. Таму малюнак адразу з’яўляўся на паперы, а пасля лёгкімі сцяжкамі ніткі пераводзіўся на тканіну.

IMG_1214

На першай карціне, якую ставарыла Жанна, — лебядзі. Дзіўна, што дзяўчына пачала не з маленькай выявы, а адразу ўзялася за аб’ёмную кампазіцыю. Вось толькі малюнак гэты быў чорна-белы, таму давялося даць фантазіі свабоду і падабраць колеры і іх шматлікія адценні самой.

Пераступаючы парог кватэры, першае на што звяртаеш увагу, — гэта па-майстэрску вышытыя карціны, якія ўпрыгожылі ўсе сцены. Гэта не проста народная творчасць, а сапраўднае мастацтва, убачыўшы якое, нават не хочацца браць у рукі ніткі з іголкай, бо ўсё роўна, так прыгожа не атрымаецца. Таму дастаткова проста атрымліваць асалоду і слухаць пра тое, як яны ствараліся. Дарэчы, пра кожны свой выраб Жанна можа расказваць гадзінамі.

— Немагчыма дакладна адказаць, адкуль прыходзяць ідэі, — дзеліцца Жанна. — Бывае, убачыш цікавую працу ў інтэрнэце, але часцей за ўсё гэта сумесь вобразаў, пачуццяў, настрою, колераў, якія віруюць у галаве і ў адно імгненне набываюць пэўны вобраз і выклікаюць жаданне тварыць.

У кожным пакоі сям’і Антонікаў жыве чароўная казка. На сценах — «вышываныя» карціны, на паліцах — мноства сувеніраў, зробленых рукамі таленавітай дзяўчыны. Асаблівую ўвагу прыцягваюць лялькі Барбі ў чароўных строях, які для іх стварыла сама Жанна. Але акрамя прыгожай сукенкі тут ёсць невялікая таямніца — гэта шкатулкі для розных дробязяў.

— Ад творчага працэсу я заўсёды атрымліваю вялікае задавальненне і адпачываю ад паўсядзённых клопатаў, — расказвае майстрыха. — Калі толькі пачынаю працу, хачу хутчэй яе скончыць, каб убачыць, што атрымаецца…

Выраб вялікіх карцін патрабуе шмат часу, таму дзяўчына стараецца выкарыстоўваць кожную вольную хвіліну. Некаторыя  карціны яна рабіла два ці тры месяцы. Жанна не любіць выкарыстоўваць чужыя схемы ці малюнкі, а, калі і выкарыстоўвае, то стараецца дадаваць нешта сваё, адметнае.

IMG_1218

Нягледзячы на тое, што дзяўчына не наведвала школу мастацтваў ці заняткі па інтарэсах, яна ўмее працаваць з рознымі матэрыяламі. Немагчыма не замілавацца вобразамі святых, падушкамі, аздобленымі стужкамі, вышыванымі пейзажамі. Але асаблівую ўвагу прыцягвае фігура японскага дрэва са звісаючымі галінкамі, падобнымі на вялікі вадаспад. Крона і ствол гліцыніі зроблены з гіпсу, а галінкі з бісеру. Пад дрэвам сядзіць анёлак, які нібы запрашае атрымаць асалоду ад неверагоднага паху кветак…

Дарэчы, немагчыма не заўважыць, што ў Жанны  вялікая калекцыя фігурак анёлаў розных памераў. Дзяўчына расказвае, што гэта галоўная крыніца натхнення. Немагчыма падлічыць колькі ўсяго фігурак сабрала Жанна, але з кожным годам яе калекцыя павялічваецца — родныя і сябры ведаюць пра захапленне дзяўчыны, таму стараюцца нават без нагоды дарыць маленькага анёлка.

— Кожны анёлак не падобны да другога, — дзеліцца Жанна Антонік. — Праўда не кожнага, што стаіць у вітрыне магазіна,  я магу набыць… Напэўна, я выбіраю іх сэрцам.

Прывабная дзяўчына, творчая асоба і неспакойная душа, якая шукае натхненне ў кожным імгненні, Жанна марыць аб сваёй мастацкай майстэрні, дзе зможа большасць часу праводзіць, ствараючы незвычайныя рэчы. У думках яна ўжо ведае, дзе б размясціла кожную сваю карціну, на якіх паліцах ляжалі б ніткі і кавалкі тканіны… А яшчэ ў планах дзяўчыны вышыць вялікі сямейны партрэт, якія застанецца на доўгую памяць дзецям і ўнукам.

Адлюстраванне на яе карцінах знайшлі шматлікія пейзажы і любімцы коні. Разам з бацькамі Жанна часта ездзіць у Навасёлкі ў лецішча, дзе яе сустракае цішыня і спакой. Яны дазваляюць адпачыць ад гарадской мітусні і дораць простыя ідэі для творчасці. Дарэчы, кожны куточак тут аздобнены і добраўпарадкаваны рукамі дзяўчыны.

Можна смела сказаць, што кожная праца Жанны — адлюстраванне яе і яе мараў. У кожнай карціне яе думкі, пачуцці і эмоцыі. Пытаюся ў дзяўчыны: А якая карціна ці рэч любімая?», яна адказвае: «Верагодна, такой можна лічыць тую, што яшчэ не зрабіла!».

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *