Вучні Кальчунскай школы завіталі да літоўскіх суседзяў

Культура

Гістарычныя сцежкі, якія злучаюць Ашмяншчыну з Літвой, заўсёды запрашаюць прайсціся шляхамі знакамітых асоб, якія ў свой час праслаўлялі наш край…

Мястэчка Яшуны Шальчынінкскага раёна блізкае Ашмянскаму краю не толькі  суседскім геаграфічным знаходжаннем. У Яшунах жыў і пахаваны старэйшы брат нашага земляка Енджэя Снядэцкага Ян — вядомы матэматык, астраном, прафесар, рэктар Віленскага ўніверсітэта. У Яшунах жыла старэйшая дачка Енджэя Снядэцкага Зофія, якая выйшла замуж за Міхала Балінскага — гісторыка і пісьменніка, чыё імя носіць Яшунская гімназія. Кальчунскіх і яшунскіх вучняў яднаюць пяць гадоў творчага супрацоўніцтва.

DSC08813

У маі вучні Кальчунскай школы завіталі да літоўскіх суседзяў. Па добрай традыцыі штогод менавіта ў гэтым месяцы мы наведваемся да сваіх сяброў з гімназіі імя Міхала Балінскага. Сёлетняя сустрэча была прысвечана 180-й гадавіне з дня смерці Енджэя Снядэцкага.

У першы дзень мы наведалі сталіцу Шальчынінкскага раёна Шальчынінкай, які мяжуе з Ашмянскім раёнам і звязаны не толькі агульнай гісторыяй, але і сучасным культурным супрацоўніцтвам. У будынку самакіравання групу вучняў прывіталі намеснік мэра Данута Сінкевіч, кіраўнік раённага аддзела асветы Рэгіна Маркевіч і старшы супрацоўнік аддзела асветы Генрых Данулевіч.

Пасля сумеснага фотаздымка каля помніка Адаму Міцкевічу на цэнтральнай плошчы горада мы накіраваліся ў гімназію імя Яна Снядэцкага. Намеснік дырэктара гімназіі Беата Зарумна правяла экскурсію. Мы наведалі музей гімназіі, завіталі ў класы, а ў актавай зале падчас інтэрактыўнай гульні змаглі пазнаёміцца з вучнямі.

Працягваючы акцыю «Еднасць», Ангеліна Лыскойць і Алёна Маліноўская мелі гонар узяць жменьку зямлі ля гімназіі імя Яна Снядэцкага.

DSC08945

Горад Шальчынінкай ганарыцца захаваным да нашых дзён палацам Вагнераў (сваякоў Балінскіх), у якім у сучасны момант знаходзіцца школа мастацтваў. Мы з захапленнем прайшліся па пакоях палаца і наведалі невялікую, але вельмі прыгожую канцэртную залу, якая славіцца на ўсю Літву сваімі акустычнымі магчымасцямі.

А потым мы накіраваліся ў Яшуны. Нас прывіталі вучні, настаўнікі і новы дырэктар   гімназіі Міраслаў Мецкелевіч.

З вялікім задавальненнем вучні любаваліся прыгажосцю веснавой квітнеючай прыроды, слухалі нястомны спеў птушак, калі плылі на байдарках па рацэ Мерэчанка. Настаўнік фізічнага выхавання Альвідас Бальке сачыў за бяспекай і пераймаў байдарачнікаў на фінішы.

На беразе ракі ўжо чакалі смачныя каўбаскі і абмен уражаннямі. Вечарам былі арганізаваны цікавыя гульні, пачастункі, сумесны спеў пад гітару і дыскатэчная праграма!

У Яшунах захаваўся палац Снядэцкіх — Балінскіх, які мы наведалі, а дырэктар музея- палаца Казімеж Карпіч правёў нас па прыгожых пакоях, па якіх калісьці хадзілі Снядэцкія, Балінскія і іх знакамітыя госці. Аляксандра Палсцюк і Томаш Пешка напоўнілі пакоі славутасці прыгожай фартэп’яннай музыкай.

Мы наведалі могілкі Снядэцкіх — Балінскіх, запалілі свечкі ля помнікаў Яну Снядэцкаму, Зофіі са Снядэцкіх Балінскай.

Затым каля палаца мы развіталіся з вучнямі і настаўнікамі Яшунскай гімназіі. Ніхто не сумаваў, таму што кожны дакладна ведаў, што хутка адбудзецца новая сустрэча!

Нас чакаў горад Вільнюс. Экскурсію па старых вуліцах горада, дзе хадзілі браты Снядэцкія, Адам Міцкевіч, Юліюш Славацкі, правяла для нас доктар сацыяльных навук, супрацоўнік бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай Акадэміі навук Біруце Райлене. Мы наведалі Віленскі ўніверсітэт, касцёл Святых Янаў, пабачылі цудадзейны абраз Маці Божай на Вострай Браме…

Падарожнічаючы шляхам братоў Снядэцкіх, два незабыўныя дні мы правялі на літоўскай зямлі.

Таццяна ДАВІДОВІЧ, намеснік дырэктара Кальчунскай школы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *