«Экалагічныя» пытанні вырашалі на канферэнцыі ў Ашмянах

Культура

Нашаму пакаленню пашанцавала: мы жывём у час тэхнічнага прагрэсу, які, дзякуючы новым і карысным вынаходніцтвам, робіць жыццё лёгкім. Але ў гэтых дасягненняў чалавецтва ёсць і адваротны бок — наступствы прагрэсу дрэнна  адлюстроўваюцца на экалогіі ва ўсім свеце. Як высветлілася, хапае праблем і адкрытых «экалагічных» пытанняў і на Ашмяншчыне…

У цэнтральнай бібліятэцы прайшла раённая канферэнцыя «Экологическое просвещение: реалии и перспективы». У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел спецыялісты галіны культуры і адукацыі, прадстаўнікі грамадскасці, рэдактар часопіса «Родная прырода», інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

IMG_1283

Падчас адкрыцця дырэктар раённай бібліятэкі Марына Белавус падкрэсліла, што экалагічная сітуацыя на нашай планеце прымушае  кожнага задумацца пра тое, што мы пакінем пасля сябе. І таму ўсё часцей і часцей арганізоўваюцца мерапрыемствы, у аснове якіх — захаванне «здароўя» нашай Зямлі.

Нездарма менавіта бібліятэка стала пляцоўкай, на якой прадставілі даклады на тэму экалогіі. Установа ўжо некалькі год з’яўляецца ўдзельнікам бібліятэчнай праграмы «Экалогія. Кніга. Грамадства».

— Адным са шляхоў паляпшэння стану навакольнага асяроддзя з’яўляецца фарміраванне пазітыўнай экалагічнай свядомасці людзей, фарміраванне ўнутранай культуры ўзаемаадносін чалавека з прыродай, — расказвае  загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Наталля Садоўская. — Гэты накірунак рэалізуецца бібліятэкамі раёна праз развіццё сістэмы бесперапыннага экалагічнага выхавання і адукацыі, асветы і прапаганды, а таксама праз грамадскі экалагічны рух.

Галоўны рэдактар рэспубліканскага экалагічнага часопіса «Родная прырода» Вольга Пралюк расказала аб дзейнасці навукова-папулярнага выдання. З першых месяцаў свайго існавання часопіс аб’ядноўваў погляды як дзяржаўных прыродаахоўных ведамстваў, так і грамадскасці, прапагандаваў рацыянальнае прыродакарыстанне, актыўную абарону жывёльнага і расліннага свету ад згубнага ўздзеяння чалавека. Больш за сорак шэсць гадоў у цэнтры ўвагі журналістаў-эколагаў — узаемаадносіны чалавека з прыродай, наступствы негатыўнага ўплыву безгаспадарчых адносін да навакольнага асяроддзя і інш.

Аб вопыце работы Гродзенскай вобласці ў паляпшэнні якасці вады ў басейне ракі Нёман расказаў Генадзь Былінскі, галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ашмянскага райвыканкама.

Вялікую зацікаўленасць у ўдзельнікаў канферэнцыі выклікала размова аб экалагічнай сітуацыі ў раёне. Абмяркоўваліся пытанні парушэння балансу экасістэмы, крыніцы забруджвання: сцёкавыя воды, некантралюемы і беспакараны скід пабочных прадуктаў дзейнасці прадпрыемстваў, прыватных гаспадарак на Ашмяншчыне.

Свой сеткавы праект «Будучыня Зямлі ў нашых руках» прэзентаваў Дзмітрый Буйвід, вучань 10 класа СШ №3. Цікавым і насычаным было выступленне «Зялёная аптэка ў дапамогу здароўю» загадчыцы аддзела рэалізацыі лекавых сродкаў аптэкі №9 Алены Кашчыц. Аб ролі музея ў папулярызацыі экалагічных ведаў распавяла Настасся Навіцкая, дырэктар краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча.

Тэму экалагічнага турызму раскрыў метадыст па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік. Сяргей Аляксандравіч спыніў сваю ўвагу на помніках прыроды і археалогіі, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна і валодаюць высокім турыстычным патэнцыялам. Акрамя таго, спецыяліст падзяліўся аўтарскімі распрацоўкамі і «экалагічнымі» маршрутамі, якія плануе стварыць на Ашмяншчыне.

IMG_1303

Спецыяльна да экалагічнай канферэнцыі супрацоўнікі раённай дзіцячай бібліятэкі падрыхтавалі казку «Як Маша лес ратавала». У тэатральнай пастаноўцы аматарскага аб’яднання «Лялечны карагод» маленькая дзяўчынка разам з Калабком і Варонай змагаліся з экалагічнымі наступствамі.

IMG_1308

Калекцыю адзення «Другое жыццё» прадставілі ўдзельнікі аматарскага аб’яднання «Пакаленне NEXT» раённага цэнтра культуры разам са сваім кіраўніком Мартай Ланеўскай. Юныя мадэлі прадэманстравалі адзенне з другаснай сыравіны, пакетаў для смецця, дыскаў, фальгі, часопісаў і газет.

Напрыканцы канферэнцыі госці змаглі пазнаёміцца з кніжна-ілюстрацыйнай выставай «Экалогія. Бяспека. Жыццё».

Кацярына РУДЗІК.

Фота

Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *