Дзевяноста другая вясна ветэрана Станіслава Бралкоўскага

Культура

У вясковай цішыні, калі над вузенькімі вулачкамі і бязмежнымі палямі з’яўляюцца першыя сонечныя промні, далёка разносіцца галасістае рэха няўрымслівых  і ганарлівых пеўняў. Як толькі сонейка падымаецца вышэй на неабсяжны небасхіл, у зялёнай траве зіхацяць сотні жоўтых, густа раскіданых дзьмухаўцоў… На ўзмежку, паабапал нядаўна засеяных градак, у белых пялёстках стаяць вішні, слівы, алыча і яблыні, над галінкамі якіх дружна снуюць працавітыя пчолкі…

А як добра ўвечары прысесці на драўляную лаўку пад купчастым бэзам і атрымліваць асалоду ад мілагучнага спеву птушак…І на душы становіцца неяк спакойна і лёгка. Цудоўны вясенні месяц дорыць надзею і напаўняе жыццё яркімі фарбамі. Менавіта такім помніцца май ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Станіславу Юльянавічу Бралкоўскаму. Нягледзячы на тое, што ён ужо два гады жыве ў горадзе, яго цягне ў родны куточак — аграгарадок Навасёлкі. Яго вабіць гэта вясковае жыццё, напоўненае руплівай працай, шчырымі ўспамінамі, водарам духмянага хлеба і спевам птушак…

IMG_4482

Вось і напярэдадні Дня Перамогі Станіслаў Юльянавіч чакае, што разам у бацькоўскім доме збяруцца родныя і блізкія — нявестка Вольга Мікалаеўна, унучкі Алена і Ірына, праўнукі Антон, Ксюша, Яраслаў і Паліна. Ён шчыра радуецца, калі прыязджаюць родныя, нават калі не бачыў іх усяго некалькі дзён. Час навучыў мужчыну цаніць кожнае імгненне ў жыцці — наўрад ці яно яшчэ калі паўторыцца. Кожны раз дзядуля з радасцю пераступае парог дома, дзе так доўга і цяжка па цаглінцы «будавалася» яго шчаслівае сямейнае гняздо, нарадзіўся сынок… Здаецца, час тут спыніўся, кожная рэч ляжыць на тым месцы, куды яе паклаў гаспадар Станіслаў ці гаспадыня Марыя, якой ужо даўно няма побач з мужам… На століку застаўся ляжаць альбом для фотаздымкаў, пад аксамітнай чырвонай вокладкай захавалася сапраўдная кніга жыцця — чорна-белыя сямейныя фотаздымкі. Ветэран вайны будзе разглядаць карткі, па шчоках пакоцяцца буйныя кроплі слёз, у якіх адлюструецца дзевяць дзесяцігоддзяў і шчаслівыя імгненні, якія, на жаль, вярнуць ужо немагчыма.

IMG_2325

…Добразычлівы і шчыры, ветлівы і спагадлівы чалавек, з лагоднай усмешкай і адкрытым сэрцам, Станіслаў Юльянавіч змог захаваць прыгажосць і прастату чалавечай душы. Сёння нават цяжка ўявіць, што на працягу свайго доўгага жыцця ён прайшоў праз розныя выпрабаванні. Змагацца з імі яму дапамагаў не толькі моцны характар і сіла волі, але і падтрымка блізкіх людзей.

Сям’я Бралкоўскіх — прыклад годнага чалавечага жыцця. Разам Станіслаў Юльянавіч і Марыя Рыгораўна пераадолелі мноства нягод, плённа працавалі, вырасцілі сына, клапаціліся аб унуках, трымалі вялікую хатнюю гаспадарку. Азіраючыся назад, Станіслаў Бралкоўскі з цеплынёй успамінае жонку, з якой яны пражылі душа ў душу пяцьдзясят пяць гадоў. І тут не было таямніцы — яны сустрэліся пасля вайны, працавалі разам у гаспадарцы, вось толькі не адразу зразумелі, што лёсам ім было наканавана пражыць разам цікавае жыццё і шчыра пакахаць адзін аднаго.

IMG_2358

Нягледзячы на ўзрост і праблемы са здароўем, Станіслаў Юльянавіч — выдатны суразмоўца і цікавы чалавек, які не страціў пачуцця гумару і любові да жыцця. Мужчыне падабаецца, калі да яго прыходзяць госці, ён заўсёды з ахвотай расказвае аб сваім лёсе. Вось толькі аб ваенным ліхалецці былы салдат успамінаць не любіць. Малады васямнаццацігадовы юнак тады не ведаў страху ў цяжкіх баях, а цяпер, расказваючы аб далёкіх падзеях, разумее, што цудам застаўся жывым. Станіслава Бралкоўскага прызвалі ў польскае войска напрыканцы вайны, аднак  полк,  у якім служыў Бралкоўскі, прымаў удзел у баях на рацэ Одэр, на мяжы Польшчы і Германіі. Зараз яго святочны пінжак упрыгожваюць медаль  «За адвагу», а таксама ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені і медаль Жукава.

Сёння мужчыне не адмовіш у цвярозасці розуму і добрай памяці. Станіслаў Бралкоўскі выдатна памятае далёкія мінулыя гады  да дробязей і дзеліцца ўспамінамі, якія назаўжды запалі ў душу. Падчас гутаркі то светлая ўсмешка асвятляла яго прыемны твар, то з вачэй каціліся слёзы.

Дзявяты майскі дзень сорак пятага года Станіслаў Бралкоўскі разам з баявымі таварышамі сустрэў у пяцідзесяці кіламетрах ад Берліна. Яны ехалі ў нямецкую сталіцу, але па дарозе ім паведамілі, што зараз у горадзе размешчана амерыканскае войска і туды ісці нельга.

IMG_2341

«Я быў на фронце, але больш страху нацярпеўся, калі вярнуўся з палёў баявых дзеянняў», — дзеліцца Станіслаў Юльянавіч. Разам з салдатам Дамароцкім у лясах яны збіралі тэлефонны кабель і грузілі яго на воз. Калі Бралкоўскі застаўся адзін сярод густога гушчару, то за спіной пачуў гучнае «Hande hoch». Станіслаў Юльянавіч моцна спужаўся і падняў рукі ўгару, але немец ужо па-польску сказаў апусціць рукі і растлумачыў, што ў лесе знаходзіцца пятнаццаць нямецкіх салдат, якія хочуць здацца менавіта польскаму войску. Бралкоўскі, цяжка дыхаючы, але ўпэўнена адказаў, каб той прывёў салдат і вырашыў, як немец пойдзе да сваіх, то ўцячэ. Але немец павёў салдата за сабой, недалёка на паляне ляжалі маладыя ваенныя. Яны хутка ўсталі і пакрочылі за ім. Назаўтра Станіслаў Бралкоўскі атрымаў падзяку ад кіраўніцтва і дзесяцідзённы адпачынак, які сам выкарыстаць не змог, а перадаў сябру.

Доўгай была дарога дадому — цягнік, на якім вяртаўся у Беларусь ваенны, не спыніўся на станцыі Ашмяны, а высадзіў юнака за  трыццаць кіламетраў у вёсцы Пруды. Але Станіслаў Юльянавіч так спяшаўся дамоў, што яго не спыніла вялікая адлегласць. Несучы цяжкі заплечнік, ён толькі позна вечарам дабраўся дадому.

Прайшоўшы цяжкімі дарогамі вайны, Станіслаў Юльянавіч пражыў доўгае жыццё. Вось толькі яго рукі і стрыманы позірк сведчаць аб тым, якое няпростае яно было ў гэтага вясковага мужчыны… Жыццёвы шлях прайшоў у сумленнай працы на карысць роднай краіны — дарэчы, мужчына пяцьдзясят два гады аддаў працы ў гаспадарцы. Нягледзячы на тое, што жыццё пасля вайны было наладжваць цяжка, усюды панавала разруха, пра заробкі ніхто і не ўспамінаў — восем кілаграм зерня і жыві, як атрымаецца! Але, не звяртаючы ўвагі на абставіны,  усё, чым бы ні займаўся, ён рабіў па-гаспадарску, як для сябе.

Нягледзячы на пажылы ўзрост, мужчына адчувае сябе добра, да ўсяго адносіцца з аптымізмам і гумарам, напэўна, гэта і дапамагае яму абслугоўваць сябе і нават, абапіраючыся на палачку, выходзіць на вуліцу, каб пакарміць курэй. Дарэчы, у гэтым годзе ветэран на свята Перамогі ў горад не збіраецца, бо здароўе ўсё ж не дазваляе, але абавязкова чакае гасцей, якія кожны год не абмінаюць яго двор.  Святочны парад, канцэрт і кінастужкі пра ваенныя часы мужчына будзе глядзець па тэлевізары і ўспамінаць далёкія саракавыя гады, што прынеслі столькі болю яму і яго сям’і.

Дзевяць дзесяцігоддзяў — гэта многа ці мала? Напэўна, мы адкажам, што гэта неабсяжнае жыццё, а той, хто пражыў амаль стагоддзе, дакладна адкажа, што нават не зразумеў, як, нібы птушкі, праляцелі гады. Як тыя галасістыя майскія птушкі, спевы якіх так любіць слухаць Станіслаў Бралкоўскі на ганку свайго дома ў Навасёлках.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Свтяланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *