У аграрна-эканамічным каледжы прайшла вучэбна-даследчая канферэнцыя

Культура

Традыцыйна напрыканцы красавіка ў аграрна-эканамічным каледжы прайшла IХ вучэбна-даследчая канферэнцыя. Сёлета пагрузіцца ў свет навукі вырашылі не толькі навучэнцы каледжаў, але і старшакласнікі гарадскіх школ.

— Заняткі вучэбна-даследчай працай — неад’емная частка навучальнага працэсу ў нашым каледжы і аснова якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Аксана Суравец.

IMG_1101

Падчас адкрыцця канферэнцыі гэта думка чырвонай стужкай прайшла праз выступленні дырэктара каледжа Наталлі Ліпавой, метадыста каледжа Таццяны Матвейкі, а таксама запрошаных гасцей і ўдзельнікаў навуковага свята. У сваіх змястоўных дакладах гэта пацвердзілі студэнты і школьнікі, якія падзяліліся з прысутнымі сваімі ідэямі і распрацоўкамі.

Глыбока пагрузіцца ў праблематыку прафесійных пытанняў змаглі будучыя бухгалтары Віялета Савіцкая і Ірына Яновіч (кіраўнік даследавання Ала Грынкевіч). Сучаснае даследаванне, прысвечанае крыптавалютам, адкрыла прысутным цікавыя факты аб гісторыі ўзнікнення крыптавалют, іх відаў. Дзяўчыны  таксама спынілі сваю ўвагу на тым, як крыптавалюты дзейнічаюць у эканоміцы Беларусі. Даследаванне “Арганізацыя разлікаў з разлікам крыптавалют” апублікавана ў зборніку артыкулаў канферэнцыі Купалаўскага ўніверсітэта.

IMG_1124

Тэму эканомікі ў сваім дакладзе закранулі  і вучні СШ №2 Глеб Смірноў і Мікіта Шыраеў (кіраўнік Кацярына Паўлоўская). Старшакласнікі прааналізавалі эканамічную палітыку польскіх улад на Ашмяншчыне ў 1921-1939 гадах.

Выпускнік аграрна-эканамічнага каледжа, пераможца абласнога конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці “ТехноИнтеллект” Ігар Памазкоў стварыў вэб-дадатак “Калькулятар камунальных паслуг”. Распрацоўка маладога праграміста дапаможа не толькі правільна спланаваць бюджэт, але і захаваць час пры разліку паказчыкаў.

У мінулым годзе дзесяцікласнік СШ № 3 Дзмітрый Буйвід (кіраўнік Кацярына Талочка) гаварыў аб праблемах экалогіі. Юны даследчык стварыў web-праект, у якім дэтэктыў шукае адказы на пытанні, удзельнічае ў эка-расследаваннях і стараецца зрабіць свой горад чыстым. Сёлета Дзмітрый вырашыў працягнуць работу над экалагічным праектам “Будучае Зямлі ў нашых руках”.

Вялікую працу правёў дзевяцікласнік СШ №3 Уладзіслаў Шумскі (кіраўнік Святлана Бабраўніцкая), які даследаваў папуляцыю амфібій ў рацэ Ашмянцы.

IMG_1120

Адметна, што ў Год малой радзімы юныя даследчыкі прадставілі цікавыя даклады, прысвечаныя Ашмяншчыне і выбітным землякам. Сярод іх — “Вобраз-сімвал сонца ў паэзіі Максіма Танка” (вучаніца гімназіі №1 Соф’я Вяржынская), “Роля асобы К. М. Дарагастайскага ў гісторыі кнігадрукавання Беларусі” (вучань СШ № 2 Пётр Шведаў), а таксама “Тэма малой радзімы і кахання – асноўныя матывы лірыкі Яўгена Куста” ( навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа Іван Чарняўскі і Раман Вярыга). Дарэчы, выступленні юнакоў былі напоўнены меладычнымі паэтычнымі радкамі нашага земляка.

Цікавую работу правялі першакурсніцы аграрна-эканамічнага каледжа Віялета Драгун і Ангеліна Паўлюковіч (кіраўнік Наталля Варковіч). У дакладзе Віялеты і Ангеліны цесна “перапляліся” лёсы людзей розных нацыянальнасцей, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі і Ашмяншчыны.

Аб жыцці, вайне і настаўніцкай дзейнасці Ганны Іванаўны Бабарыкінай расказала вучаніца СШ № 2 Лізавета Дзямідава (кіраўнік даследавання Любоў Пятрова).

Вялікую даследчую і творчую працу правёў гімназіст Алег Сліжоў разам з настаўніцай Алай Сліжовай. Яны пазнаёмілі прысутных з гісторыяй стварэння і развіцця касцёла Святога Міхаіла Арханёла і прэзентавалі папяровы макет храма.

Па выніках вучэбна-даследчай канферэнцыі кожны ўдзельнік атрымаў сертыфікат і памятныя прызы ад раённай арганізацыі “Белая Русь” і райкама БРСМ.

Даклады навучэнцаў будуць уключаны ў зборнік матэрыялаў канферэнцыі, а таксама размешчаны ў архіве адкрытага доступу на сайце каледжа.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *