Лепшыя тэатральныя калектывы выбралі ў Ашмянах

Культура

Шаснаццаты раз запар на Ашмяншчыне праходзіў раённы агляд-конкурс калектываў драматычнага жанру і аматараў мастацкага чытання «Тэатральны красавік». Адметна, што ў гэтым годзе адначасова адбыўся і адборачны тур абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў.

У творчым спаборніцтве сярод дзяцей прынялі ўдзел пяць драматычных калектываў і пяць аб’яднанняў мастацкага чытання з  сельскіх клубаў і аддзелаў культуры і вольнага часу нашага раёна. Як і кожны год, конкурсны рэпертуар быў разнастайным.

IMG_9877

Новае гучанне набылі вядомыя байкі Кандрата Крапівы і Івана Крылова ў выкананні Анастасіі Багданавічус і Юліі Сямёнавас. Пранікнёна гучалі вершы і ўрыўкі з паэм  «Позвоните дети матерям», «Иней на деревьях стынет», «Званы Хатыні», якія прачыталі Наталля Кошчыц, Марына Будзько і Ганна Гарлуковіч.

IMG_9930

У гэтым годзе неверагодна шчырым было выступленне драматычнага гуртка «Куфэрак» Будзёнаўскага сельскага клуба (кіраўнік Валянціна Горыд), які стаў лепшым у намінацыі «За лепшы спектакль».

IMG_9885

Журы конкурсу высока ацаніла пранікнёную, поўную горычы і жалю, пастаноўку «Хатынскі снег» удзельнікаў аматарскага аб’яднання «Поколение NEXT» (кіраўнік Марта Ланеўская). Дарэчы, таленавітых артыстаў ужо запрасілі на абласны конкурс выканаўцаў размоўнага жанру, які адбудзецца ў маі.

Таксама члены журы адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі юных артыстаў, майстэрства рэжысёраў, інтарэс да творчасці, прыгожыя касцюмы і цікавае музычнае афармленне нумароў. У намінацыі «За лепшую акцёрскую работу» журы адзначыла Аляксандра Віткоўскага і Ягора Міхневіча (драматычны гурток «Вясёлка»), Эрыку Болзан і Паліну Аўгуль (драматычны гурток сельскага клуба Станцыі Ашмяны), Валянціну Маціеўскую і Соф’ю Бернат (драматычны гурток «Вытокі»), Ангеліну Лянкевіч, Сямёна Фірко і Артура Клімашэўскага (драматычны гурток «Куфэрак»).

IMG_9955

Наколькі дакладна юныя аматары тэатральнага жанру здолелі перадаць вобразы герояў казак і настрой, зададзены сцэнарыем, ацэньвала госць «Тэатральнага красавіка», вядучы метадыст Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Аліцыя Рабцава.

IMG_9978

На наступны дзень для кіраўнікоў творчых аб’яднанняў Ашмяншчыны Аліцыя Рабцава правяла майстар-клас па сцэнічным майстэрстве, абмеркавала яркія выступленні юных зорачак на вялікай сцэне і дала шэраг карысных парад, якія спатрэбяцца нашым артыстам у творчым жыцці.

Наш раён на абласным свяце аматарскіх тэатральных калетываў «Несцерка запрашае» прадставяць лепшыя творчыя тандэмы — драматычны гурток «Куфэрак» (кіраўнік Валянціна Горыд) і тэатральная студыя дзіцячых мініяцюр «Фламінга» (кіраўнік Валянціна Ліштван).

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *