Як у Гальшанах займаюцца агратурызмам

Год малой родины Культура

За вокнамі аўтамабіля змяняюцца вясеннія пейзажы: на доўгіх галінках вярбы распусціліся «коцікі», вечназялёныя елкі ўсыпалі важкія шышкі, а паабапал дарогі дораць сваю прыгажосць першыя пяшчотныя кветкі… Праязджаючы Ашмянскую вуліцу аграгарадка Гальшаны з яе шчыльнымі радамі вясковых домікаў, мы збочваем на звілістую гравійку, якая вядзе, здавалася б, да самага неба — на высокую Горную вуліцу. На ўзгорку ў цагляным доме, які называецца «Гальшанская сядзіба», жыве сям’я Касцючэнкаў.

Каля варот аграсядзібы рэдакцыйны аўтамабіль ужо сустракаюць Ігар і Ларыса Касцючэнкі, а таксама іх верны чатырохлапы любімец Арні. Акрамя хатніх спраў і догляду за аграсядзібай,  Ларыса Валер’еўна выкладае ў дзіцячай школе мастацтваў, а Ігар Анатольевіч  працуе вядучым інжынерам у ЧУП «Неф-Праект».

IMG_9203

Разам з гаспадарамі мы прайшліся па тэрыторыі, каб убачыць, як арганізаваны адпачынак для падарожнікаў. Пасля невялічкай, але цікавай экскурсіі за кубкам чаю і духмяным пірагом, які прыгатавала Ларыса, мы пагаварылі аб легендарным куточку на карце Беларусі і развіцці турызму ў ім, абмеркавалі і тое, якія цяжкасці чакаюць падарожнікаў у Гальшанах, а таксама даведаліся аб надзённых справах гаспадароў «Гальшанскай сядзібы».

IMG_9183

Касцючэнкі расказваюць, што займацца агратурызмам наўмысна не збіраліся. Былі, канешне, цікавыя ідэі, калі Ігар Анатольевіч працаваў у лясніцтве, пабудаваць у Гальшанах велічную сядзібу, але гэта ініцыятыва не знайшла падтрымкі ў кіраўніцтва лясгаса. Тады Ігар і Ларыса пабудавалі дом для сябе на Горнай вуліцы аграгарадка, упрыгожылі яго, паставілі малыя архітэктурныя формы, арыгінальныя сталы і лаўкі, альтанку… Ігар Касцючэнка ў той час захапіўся даўніной і пачаў збіраць аўтэнтычныя прадметы беларускага побыту, якія, дарэчы, і зараз упрыгожваюць участак і гасцявы дом, а таксама прывабліваюць погляды турыстаў.

Пераабсталяваць свой дом і ўчастак пад аграсядзібу сям’я Касцючэнкаў вырашыла каля дзесяці гадоў таму. «А пачалося ўсё з лазні», — адзначае Ігар Касцючэнка. Справа ў тым, што Ігар Анатольевіч — вялікі аматар лазні, атрымаць зарад бадзёрасці і «лёгкага пару» да яго прыязджалі сябры, пасля яны запрашалі сваіх сяброў… Брат Ларысы ў той час працаваў у вялікай сталічнай кампаніі, таму нярэдка гасцямі Касцючэнкаў былі замежныя калегі мужчыны, для якіх беларуская лазня была своеасаблівай экзотыкай.

IMG_1613

IMG_1625

IMG_7874

З таго часу шматлікія падарожнікі сталі частымі гасцямі ў «Гальшанскай сядзібе». А сваім гасцям Ігар Анатольевіч прапаноўвае экскурсіі па гальшанскім краі. Падчас іх, акрамя вядомых культурных месцаў мястэчка, госці могуць наведаць геадэзічны пункт Дугі Струвэ, а таксама суседнія Баруны. Разам з гасцямі гаспадары часта наведваюць легендарнае гальшанскае гарадзішча, дзе кожнага турыста, які падымецца на ўзвышша, чакае прыемны падарунак — выдатная панарама мястэчка. Госці, якія прыехалі сюды ўпершыню, вельмі захапляюцца не толькі чароўнай вёскай, яе цікавымі мясцінамі, але і незвычайнымі, поўнымі таямніц легендамі, якія Ігар Касцючэнка расказвае падчас экскурсій. Вяртаючыся з такіх падарожжаў, турысты доўга не адпускаюць экскурсавода, каб за кубкам кавы даведацца яшчэ больш аб гальшанскіх прывідах.

— Калі на вуліцы пачынае шарэць, самыя смелыя збіраюцца на «паляванне за прывідамі»,  — з усмешкай на твары расказвае Ігар Анатольевіч. — У надзеі ўбачыць Белую Панну і Чорнага Манаха яны накіроўваюцца да кляштара, млына ці замка. Але такія вандроўкі звычайна заканчваліся… каля брамы руін былой рэзідэнцыі Сапегаў! Падарожнікі проста баяліся туды ісці, а асабліва драматызму сітуацыі надавала гучнае рыпенне ліп і шум разложыстых галін.

…Размяшчацца госці могуць у доме гаспадароў, дзе для іх абсталявана некалькі пакояў, а таксама  ў гасцявым доміку, злучаным з драўлянай лазняй. На першым паверсе гасцявога дома размясцілася кухня з аўтэнтычным інтэр’ерам — драўляная столь, сцены, лесвіца, якая вядзе на другі паверх, сапраўдная вясковая печ  — справа рук Ігара Анатольевіча. На другім паверсе вялікі камін, ля якога госці могуць адпачываць доўгімі зімовымі вечарамі. Па лесвіцы падымаемся на другі паверх, дзе абсталяваны два камфортныя пакоі. Несумненна, адпачынак у гэтых светлых, залітых сонцам пакоях з прыгожай і зручнай мэбляй, будзе прыемны і сем’ям з дзецьмі, і турыстам, якія мараць аб цішыні і спакоі.

IMG_9208

Што яшчэ звяртае на сябе ўвагу, дык гэта гарманічнае спалучэнне мэблі з інтэр’ерам, а таксама ўдалае дапаўненне ў выглядзе карцін, якія маляваў сын Аляксей падчас навучання ў школе і якія дарылі ўдзячныя госці, шматлікіх вырабаў з саломкі, якія гаспадыня набывала ў народных майстроў падчас фестывалю «Гальшанскі замак», дываноў і пакрывалаў, пашытых рукамі Ларысы Касцючэнкі з розных ласкутоў тканіны. Усё гэта разам стварае атмасферу хатняй утульнасці, камфорту і выдатнага настрою на час адпачынку. У невялікай двухпавярховай сядзібе падаецца, нібы мінулае пераплятаецца з сучаснасцю… Так умела і з густам падабрана тут кожная рэч!

На вялікай  дагледжанай тэрыторыі месціцца  прыгожая драўляная альтанка, а госці могуць атрымаць асалоду ад звонкіх птушыных спеваў. Нядзіўна, што дом Касцючэнкаў падарожнікам падабаецца — пасля гарадской мітусні, калі душа прагне спакою і цішыні, апынуўшыся ў Гальшанах, атрымаеш сапраўднае задавальненне і гармонію. Усяго за некалькі крокаў ад гасціннага дома адкрываецца неабсяжны від мястэчка. Высіцца касцёл Святога Яна Хрысціцеля, побач цагляныя сцены кляштара францысканцаў, авеянага легендамі аб Белай Панне, пераліваюцца на сонцы залатыя купалы Свята-георгіеўскай царквы, а недзе ўдалечыні прывабліваюць погляды гасцей гальшанскага краю муры былой рэзідэнцыі Сапегаў. Горная вуліца спакойная, ды і транспарт тут ездзіць нячаста, а паветра чыстае і свежае. Адным словам, нельга не пагадзіцца  з тым, што аграсядзіба — адно з лепшых месцаў для адпачынку ад гарадской мітусні.

IMG_9217

Ігар Анатольевіч і Ларыса Валер’еўна не сядзяць на месцы, заняткаў хапае — будаўнічыя работы ніколі не спыняюцца, нешта пераабсталёўваецца, рамантуецца, нешта новае з’яўляецца на вялікай тэрыторыі. Вось і сёння руплівыя гаспадары расказваюць, што хутка каля іх дома з’явіцца яшчэ адна альтанка, свой невялічкі стаў (тым больш, што нядаўна Ігар Анатольевіч набыў трактар з каўшом), а таксама некалькі цікавых кветкавых экспазіцый, ідэі для якіх гаспадар убачыў у часопісе.

Вялікую падтрымку і дапамогу Ігару Анатольевічу і Ларысе Валер’еўне аказваюць дзеці — Аляксей і Мікіта — будучыя архітэктар і геаэколаг. Акрамя надзённых спраў на ўчастку, Аляксей займаецца мастацтвам — яго драўляныя карціны ўпрыгожваюць пакоі, а малюнкі Гальшан на чырвоных цаглінках знайшлі сваё месца ў дамах шматлікіх турыстаў. Дарэчы, на памяць аб гальшанскай зямлі і гасціннай сядзібе турысты могуць набыць розныя сувеніры — магніты, посуд з выявамі культурных месцаў нашага куточка.

Сёння гасцінных і клапатлівых гаспадароў добра ведаюць не толькі на Ашмяншчыне, але і за яе межамі. Нярэдка сюды прыязджаюць госці са сталіцы і розных рэгіёнаў нашай краіны, падабаецца тут  і падарожнікам з замежжа. Гэта і нядзіўна: той, хто хоць раз пабываў у гістарычным мястэчку, замілаваўся прыгажосцю прыроды, пабываў на застоллі ці чаяванні ў сям’і Касцючэнкаў, абавязкова з захапленнем  раскажа пра аграсядзібу сваім сябрам і знаёмым і падзеліцца ўражаннямі.

Руплівыя гаспадары не шкадуюць ні сіл, ні часу, ні сродкаў, каб іх аграсядзіба з кожным годам выглядала прывабней і карысталася попытам не толькі ў жыхароў Ашмяншчыны, але і ў шматлікіх гасцей. Дарэчы, сям’я Касцючэнкаў з гэтай задачай спраўляецца выдатна. Падчас нашай размовы мы ў чарговы раз пераканаліся, што цёпла і ўтульна ў доме можа быць ад шчырай і добрай атмасферы ў сям’і.

Самай вялікай узнагародай за сваю працу яны лічаць добрыя водгукі сваіх гасцей і тое, што яны вяртаюцца ў «Гальшанскую сядзібу». За гэты час  у сваім доме Касцючэнкі паспелі прыняць не адзін дзясятак падарожнікаў,сярод іх былі і творчыя, знакамітыя асобы — здымачная група тэлеканала «Беларусь -1», прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс і літоўскія чыноўнікі.

— Для нас кожны год — Год малой радзімы, — усміхаецца Ларыса Касцючэнка. — Гальшаны — гэта цудоўнае мястэчка, якое, нібы магнітам, прыцягвае падарожнікаў.

Але гаспадары ўпэўнены, што гэта прывабнасць складаецца з простых рэчаў, якіх не заўсёды хапае гальшанскаму краю. Вось, напрыклад, пры пад’ездзе да мястэчка няма ўказальнікаў, якія вядуць да былой рэзідэнцыі Сапегаў, па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема з грамадскім туалетам, а несумленныя турысты пакідаюць пасля сябе горы смецця ля знакамітых помнікаў…

— Згодна з праектам развіцця і кансервацыі Гальшанскага замка, разам з руінамі павінна было быць адраджэнне старога возера, што мясцілася каля былога палаца, — расказвае Ігар Анатольевіч. — Пад гэту справу была падрыхтавана мясцовасць, атрыманы дазвол на рэалізацыю, але гэты план так і не ўдалося ўвасобіць у жыццё.

Ігар Касцючэнка ўспамінае, як у дзяцінстве разам з сябрамі бавіў час на возеры, скакаў з маста ў празрыстую Гальшанку, а сёння шчыра спадзяецца, што ў Гальшанах усё ж з’явіцца азярцо, якое будзе радаваць не толькі мясцовых жыхароў, але і гасцей іх сядзібы.

…Пасля размовы з сям’ёй Касцючэнкаў можна зразумець, што яны займаюцца гэтай справай для душы, а не арыентуюцца на вялікі грашовы вынік. Адчуваеш, як хвалюецца за лёс роднага куточка Ігар Анатольевіч, як шмат увагі надае яго развіццю і добраўпарадкаванню.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *