26 мая ў Ашмянскім раёне пройдзе фестываль “Гальшанскі замак”

Анонсы событий

Фестываль “Гальшанскі замак” 26 мая ў дзявяты раз збярэ ў аграгарадку Гальшаны аматараў сярэднявечнай культуры.

пра

Аб тым, як ідзе падрыхтоўка да фэсту, чым здзівяць сваіх гасцей арганізатары мерапрыемства ў гэтым годзе, вялася размова на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта ў старшыні райвыканкама Міраслава Сарасека.

— Такіх фестываляў, як наш, у рэспубліцы шмат, — адзначыў кіраўнік раёна, — аднак мы павінны знайсці як мага больш момантаў, якія б нас выгадна адрознівалі ад іншых. Гэта можа быць самабытная кухня з мясцовым каларытам, рэцэпты забытых напояў, кулінарныя шэдэўры. Можна адмыслова абыграць нават спосаб іх падачы. У мінулы раз даспадобы прыйшоўся гасцям свята ўрывак са спектакля, які  паказаў нам акадэмічны музычны тэатр. Можна і далей рухацца ў гэтым накірунку. Мажліва, ёсць цікавыя напрацоўкі па тэме, сугучнай з гальшанскім фестывалем, у нашых суседзяў – літоўцаў і палякаў, з якімі мы падтрымлівае сяброўскія стасункі.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людміла Каханоўская агучыла прыкладную праграму фэсту. Разам з традыцыйнымі пляцоўкамі  рыцараў-коннікаў і лучнікаў, майстар-класамі па сярэднявечных танцах, выставай-продажам вырабаў народных умельцаў у гэтым годзе плануецца прыезд школы фехтавання “Арабэлія”. Парадуюць сваёй творчасцю гурты “Вырай”, “РАWА”, Irdorath. Адмысловую праграму падрыхтаваў вулічны тэатр “Вір”.

Навядзенне парадку на вуліцах, у дварах мясцовых жыхароў, работы на кутняй паўночнай вежы замка, грамадскае харчаванне – гэтыя пытанні таксама былі абмеркаваны на нарадзе.

У гэтым годзе арганізатары свята  плануюць прыняць на мерапрыемстве не менш тысячы наведвальнікаў. Кошт уваходнага квітка, які на працягу трох год не мяняўся і быў 10 рублёў, вырашана і на гэты раз  не павялічваць.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *