У Ашмянах усе надпісы з назвамі вуліц будуць рабіць па-беларуску

Общество

З нядаўняга часу на шматпавярховіках нашага райцэнтра пачалі з’яўляцца назвы вуліц на роднай мове: Будаўнікоў, Чырвонаармейская, Крынічная…

Здавалася б, што тут дзіўнага – у Беларусі жывём! Камусьці гэтыя назвы сагрэлі душу, а хтосьці і ўвагі на іх не звярнуў. Большасці з нас звыкла, калі надпісы на шыльдах, аншлагах і ўказальніках падаюцца на рускай ці нават замежнай мовах.

IMG_5107

Сумневу наконт таго, на якой мове падаваць напісанне назваў вуліц, у кіраўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі не ўзнікла: толькі на беларускай. Камунальнікі маюць рацыю: такі падыход пазбавіць блытаніны. Аднак толькі ў тым выпадку, калі мы напачатку будзем падаваць найменні на беларускай мове. Напрыклад, з’явіўся новы мікрараён, і вуліцы ў ім назвалі па-беларуску. Нам не трэба вынаходзіць веласіпед, а рабіць так, як і ва ўсім свеце – назвы даваць на роднай мове, а на любую іншую перадаваць спосабам транслітарацыі. Гэта значыць, палітарна. Калі гэта руская мова, то, згодна з арфаграфіяй рускай мовы: вуліца Шпалерная – улица Шпалерная, вуліца Вялікі Гасцінец – улица Великий Гостинец, Францыска Скарыны – Франциска Скорины, Крынічная – Криничная.

Менавіта такі прынцып прыменены ў шасцітомным выданні “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь” (па шасці абласцях). Такі том па Гродзенскай вобласці, падораны колішнім старшынёй райсавета дэпутатаў Валерыем Сайко, маецца і ў нашай рэдакцыі. Ім мы, дарэчы, часта карыстаемся ў падрыхтоўцы матэрыялаў.

Канешне, тыя назвы, якія з’явіліся раней, ужо так і будуць у нейкім сэнсе недарэчнасцю, але ж новыя мы можам прывесці ў належны парадак, каб не блытаць турыстаў, і каб яны ведалі, што ў свеце сярод мноства моваў ёсць беларуская: прыгожая, мілагучная, наша родная.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *