Вынікі пяцігадовай працы і перспектывы развіцця футбольнай акадэміі ў Ашмянах

Спорт

“Шчырая гульня” чакае дзяцей

Выраз Fаir рlay вядомы амаль кожнаму, хто цікавіцца спортам. З англійскай мовы ён перакладаецца як шчырая гульня. Менавіта пад такой назвай з 2014 года працуе ў Ашмянах прыватная футбольная школа (адразу школа насіла назву “Нёман” Ашмяны). Трэнер юных футбалістаў Аляксандр Кушнер за пяць год здолеў не толькі прывіць дзецям любоў да гэтага віду спорту, але і ўсталяваць сапраўдныя партнёрскія адносіны з Асацыяцый “Беларуская федэрацыя футбола”: галоўная футбольная структура нашай краіны на сённяшні дзень з’яўляецца асноўным партнёрам Fair Play. Днямі філіял Акадэміі АБФФ на базе Fair Play пачаў працаваць у суседнім Астраўцы.

Аб выніках пяцігадовай працы і перспектывах развіцця акадэміі, а разам з тым і футболу, мы гутарым сёння з Аляксандрам Кушнерам.

Кушнер— Аляксандр, распавядзіце пра гісторыю адкрыцця футбольнай акадэміі Fair Play у Ашмянах?

Футбольная акадэмія Fair Play распачала сваю працу ў Ашмянах ў лістападзе 2012 года. Мы былі першай прыватнай футбольнай школай, якая пачала сваю працу ў Гродзенскай вобласці, і адной з першых прыватных футбольных школ на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Дзякуючы падтрымцы Юрыя Адамчыка (на той момант кіраўніка Ашмянскага райвыканкама) і Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” адкрыццё футбольнай школы стала рэальнасцю. Значную дапамогу пры адкрыцці футбольнай школы аказалі працаваўшая на той час дырэктарам СШ № 3 Яніна Жвірыдоўская і кіраўнік аддзела адукацыі Ашмянскага райвыканкама Святлана Баркоўская. Без актыўнага ўдзелу гэтых людзей вырашэнне шматлікіх арганізацыйных пытанняў, безумоўна, зацягнулася б. Вельмі ўдзячны ім за неабыякавасць.

— Чаму было прынята рашэнне аб перайменаванні клуба з прыватнай футбольнай школы “Нёман” у акадэмію Fair Play?

— Адной з мэтаў нашай футбольнай акадэміі з’яўляецца навучанне хлопцаў прынцыпам fаir рlay не толькі на футбольным полі, але і па-за яго межамі.

Новы лагатып футбольнай акадэміі поўны энергіі і дынамізму. Па задумцы, ён павінен натхніць выхаванцаў да больш актыўных дзеянняў на футбольным полі, з’яднаць іх і ўзмацніць камандны дух. Сімволіка нашай футбольнай школы набыла абрысы, якія найбольш адпавядаюць тыповым стылям лагатыпаў футбольных клубаў.

— Мінула пяць гадоў з моманту адкрыцця футбольнай акадэміі. Чаго атрымалася дасягнуць за гэты час?

— У сваёй працы мы арыентуемся на досвед вядучых футбольных краін і ставім сабе за мэту развіццё масавага футболу, які з’яўляецца перадумовай паспяховага развіцця футбола прафесійнага.

У Ашмянах мы сумесна з АБФФ правялі больш за 30 вялікіх футбольных турніраў для дзяцей, як сярод дзяржаўных ДЮСШ, СДЮШАР і прыватных футбольных школ, так і сярод навучальных устаноў горада і раёна. Усе каманды футбольнай акадэміі прынялі ўдзел у першых для сябе міжнародных спаборніцтвах. У 2015 годзе мы наведалі літоўскі горад Уцену, дзе нашы маленькія “акадэмікі”, каманда 2007-2008 года нараджэння, занялі ганаровае 2-е месца у турніры Utenis Cup 2015. У 2016 годзе мы адгулялі на турнірах у Латвіі і Літве.

Варта таксама адзначыць мой першы трэнерскі досвед, атрыманы за межамі Беларусі. Я прыняў удзел у праграме абмену, а таксама ў стажыроўцы ў Германіі, дзе пазнаёміўся з сістэмай падрыхтоўкі і працы з дзецьмі ў футболе.

Атрыманы замежны досвед дапамог па-іншаму паглядзець на сваю працу і па-новаму расставіць прыярытэты ў працы з дзецьмі і бацькамі.

IMG_8733

— Якіх асноўных прынцыпаў работы з дзецьмі вы прытрымліваецеся ў футбольнай акадэміі Fair Play?

— Таленавітым і мэтанакіраваным мы даем магчымасць паспрабаваць свае сілы ў прафесійных футбольных клубах. Для тых, хто не імкнецца да кар’еры прафесійнага футбаліста, трэніроўкі па футболе не стануць пустым марнаваннем часу. Наадварот — лепшае, што ёсць у дзіцячым футболе — гэта не выматваючая гонка за кар’ерай, а карыснае захапленне дзіцяці, якое паляпшае здароўе, фарміруе характар і дазваляе знайсці шчырых сяброў. У нашай акадэміі адсутнічае адбор, паколькі кожнае дзіця мае права праявіць сябе.Прывёўшы сваё дзіця ўFair Play, бацькі могуць быць упэўнены, што іх дзіця ў надзейных руках, і мы прыкладзем максімум намаганняў для ажыццяўлення яго футбольных мараў.

IMG_8621

— Якія новыя магчымасці адкрыюцца перад юнымі футбалістамі з Ашмянаў у сувязі з адкрыццём філіяла Акадэміі АБФФ на базе Fair Play?

— У першую чаргу дзеткі будуць забяспечаны якасным інвентаром і экіпіроўкай. Акрамя гэтага плануецца дафінансаванне з боку АБФФ расходаў, звязаных з выездамі камандаў на розныя турніры. Дзеці, які будуць дэманстраваць добрую і выніковую гульню, атрымаюць магчымасць пасля 7 класа трапіць у склад камандаў Акадэміі АБФФ з перспектывай патрапіць у склад зборных Беларусі рознага ўзросту.

IMG_8527

Дзяцей якога ўзросту вы набіраеце ў падрыхтоўчыя групы?

-На дадзены момант вядзецца набор дзяцей наступных узроставых катэгорый: 2007, 2008-2009, 2010-2011, 2012-2013, 2014-2015 гады нараджэння. У якасці выключэння мы гатовы даць шанец праявіць сябе хлопцам 2003-2004 і 2005-2006 гадоў нараджэння.

-Якім чынам магчыма атрымаць дадатковую інфармацыю аб дзейнасці футбольнай акадэміі Fair Play і запісаць туды дзіця?

— У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў, якія датычацца запісу ў футбольную акадэмію, арганізацыі трэніровачнага працэсу і г.д., раім наведаць наш сайт www.fair-play.by.

Гутарыла Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *