Прадстаўнікі СМІ наведалі Шчучынскі раён

События

Вяртанне ў мясціны, дзе ты калісьці адчуваў сябе шчаслівым, заўсёды шчымліва прыемнае і хвалюючае. Там ужо ўсё змянілася, стала чужым, аднак у тваёй памяці паўстаюць яскравыя малюнкі прыгожай пары: пейзажы, людзі, падзеі, вырваныя з жыццёвага хранографа асобныя элементы, якія для іншых нічога не варты, а для цябе — цэлы сусвет трапяткіх пачуццяў і эмоцый, якія, аказваецца, нікуды не зніклі ў віры жыццёвых абставін і клопатаў, не растварыліся ў глыбі гадоў. Яны жывуць разам з табой і чакаюць моманту, каб вырвацца вонкі і закружыць цябе ва ўспамінах.

img_2092

Такім хвалюючым момантам у маім жыцці стала чарговае наведванне Шчучынскага краю, дзе прайшла частка дзяцінства, дзе знаходзіцца маленькая радзіма, падараваўшая жыццё маёй матулі: ледзьве бачная (насамрэч, як радзімка) кропка на карце аднаго з самых вялікіх па плошчы раёнаў Гродзеншчыны – вёска Бранцы, што побач з Жалудком. На жаль, падчас прэс-канферэнцыі для рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі з удзелам губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Краўцова мы не завіталі ў гэты куток раёна, аднак ён не раз гучаў у расповедзе старшыні райвыканкама Сяргея Ложачніка: калі гаворка ішла пра развіццё АПК, у якім важкае месца займае Жалудокскі свінагадоўчы комплекс; калі з гонарам старшыня адзначыў, што вучаніца мясцовай школы імя Валерыя Урублеўскага (паплечніка Кастуся Каліноўскага) атрымала на ЦТ па біялогіі 100 балаў, а фестываль кветак, які штогод ладзіцца ў пасёлку, стаў сапраўдным брэндам цэлага рэгіёна…

1aeeb8292102b4ab0319d30cbfe75ef1

Малады і актыўны кіраўнік раёна неяк адразу выклікаў сімпатыю ў журналісцкай братыі, расказваў пра раён не суха і статычна, чаго не адняць у цэлага шэрагу чыноўнікаў, а эмацыянальна і з душой. Чамусьці адразу падумалася: “А ці не мясцовы гэты чалавек? З такой любоўю і павагай распавядаць пра людзей і раён можа толькі ўраджэнец гэтых мясцін!” Аказалася, што я памылілася. “Всезнающий Google” паведаміў: Сяргей Васільевіч Ложачнік у Шчучынcкім краі з 2011 года. Спачатку працаваў дырэктарам масласырзавода, і вось ужо чатыры гады — старшыня райвыканкама.

2e5ce3ad6c361404bcc6e8a2aff3c8c2

Ураджэнец Дзяржынскага раёна ўсёй душой перажывае за людзей, якія тут жывуць. Разам са сваёй камандай імкнецца да таго, каб месцічы ганарыліся сваёй зямлёй і былі не толькі зацікаўлены ў тым, што тут адбываецца, але і самі прымалі ўдзел у стварэнні неабходных умоў для жыцця і развіцця рэгіёна.

4b4e7b8692aa9fddc650fec91a07f1eb

З аднаго боку экзаменам, а з другога – магчымасцю атрымаць фінансаванне на добраўпарадкаванне і паляпшэнне інфраструктуры горада стаў для шчучынцаў Дзень беларускага пісьменства. Адноўлены Шчучын прымаў шматлікіх гасцей у 2015 годзе. Да рэспубліканскага свята непазнавальна змяніўся цэнтр горада, былі добраўпарадкаваны вадаём і прыбярэжная лінія, адрамантаваны кінатэатр і Дом культуры, каля якога ўсталяваны помнік зямлячцы, слыннай беларускай паэтцы Алаізе Пашкевіч (Цётцы), урачыста адкрыта раённая бібліятэка. Аднак самым жаданым падарункам для шчучынцаў стала завяршэнне рэканструкцыі палаца князёў Друцкіх-Любецкіх, у якім зараз размяшчаецца Палац творчасці дзяцей і моладзі.

Хтосьці скажа, што Шчучыну пашчасціла, бо менавіта ён быў абраны для правядзення рэспубліканскага свята, аднак колькі намаганняў і мясцовай уладзе, і арганізацыям неабходна было прыкласці, каб у сціслы тэрмін зрабіць запланаванае, часам нерэальнае, і дастойна прыняць гасцей! Можна было б і не скарыстаць гэтага моманту, ціхенька адсядзецца, аднак такая пазіцыя ў Шчучынскім раёне нават і не разглядвалася.

386150503f238228ff35b56c18d1de2b

Горад развіваецца. І гэта не пустыя словы. Аб’екты, што былі прапанаваны для наведвання журналістамі падчас прэс-канферэнцыі, уражваюць і адначасова выклікаюць гонар за людзей і гэты край. Узяць хаця б сучаснае прадпрыемства па перапрацоўцы сыроваткі “Праймілк”. Галоўны інжынер Раман Дзенісевіч, які правёў для нас экскурсію, падрабязна расказаў аб высокатэхналагінай вытворчасці, пачынаючы ад прыемкі машыны з сыроваткай і завяршаючы прадукцыяй, што атрымліваецца на выхадзе, а гэта сухая малочная сыроватка і сыроватачна-тлушчавы канцэнтрат, якія рэалізуюцца ў краіны Афрыкі, Японію, Пакістан, ААЭ, Кітай, Расію. Прадукцыя выкарыстоўваецца ў двух накірунках: у харчовай прамысловасці і як складнік у вытворчасці кармоў для жывёлы. Рэалізаваны інвестыцыйны праект дазволіў стварыць у горадзе больш за 100 рабочых месцаў з дастойным заробкам.

Варты ўвагі яшчэ адзін інвестыцыйны праект – па будаўніцтве сельскагаспадарчага комплексу па вырошчванні шампіньёнаў. Першая лінія праекта пачне дзейнічаць ужо ў гэтым годзе. Ізноў жа – для мясцовых жыхароў будзе створана каля 100 рабочых месцаў. Нягледзячы на тое, што амаль усе працэсы на вытворчасці будуць аўтаматызаваны: гэта і пасадка, і клімат-кантроль, і паліванне, — збор грыбоў будзе весціся ўручную. Разлічана  прадпрыемства на вырошчванне ў год да 2,5 тысячы тон шампіньёнаў. Рэалізоўвацца прадукцыя будзе на тэрыторыі Мытнага Саюза. У планах адкрыць у раёне яшчэ адно прадпрыемства – па перапрацоўцы грунту, які будзе выкарыстоўвацца пад пасадку грыбоў. Пакуль жа скарыстаны кампост пойдзе на палі мясцовых сельскіх гаспадарак як угнаенне.

Будаваць – значыць, жыць. Удвая прыемна, калі гэта будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнай сферы. Да пачатку новага навучальнага года ў горадзе будзе ўзведзены дзіцячы садок на 170 месцаў з басейнам. А вось у кінатэатры, рэканструкцыя якога распачата ў 2015 годзе, ужо ў красавіку адчыніцца начны клуб для моладзі. Зараз уведзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс з глядзельнай залай для паказу відэа ў фармаце 3D, кафэ-бар, більярдная зала.

Шмат магчымасцяў для развіцця талентаў і здольнасцей мясцовай дзятвы адкрыў Палац творчасці дзяцей і моладзі. Дзеці тут займаюцца жывапісам і музыкай, дэкаратыўна-прыкладной творчасцю і авіямадэліраваннем, спортам і краязнаўствам. Больш за 200 гурткоў і секцый аб’ядналі ў сваіх шэрагах амаль дзве з паловай тысячы дзяцей.

622a3662e91c748b5a4aafbf4868ccd9

Славіцца шчучынская зямля культурнымі традыцыямі. Каля 15 тысяч гасцей у 2016 годзе сабрала авіцыйна-спартыўнае свята ў гонар юбілейнай даты з дня ўтварэння Маскоўска-Кёнігсбергскага авіяцыйнага палка, які базіраваўся ў Шчучыне пры Савецкім Саюзе. Грыміць на ўсю Беларусь фестываль у гонар Чэслава Немена, які праходзіць на радзіме рок-музыканта, у Васілішках. Карыстаецца папулярнасцю ў турыстаў авееная легендамі царква ў Мураванцы – храм-крэпасць пачатку XVI стагоддзя.

Гаворачы пра Шчучынскі раён, хочацца спыніцца яшчэ на адным моманце: тут актыўна развіваецца “зялёная энергетыка”. Пабудаваны сонечныя электрастанцыі ў Шчучыне і Ражанцы. Вядзецца будаўніцтва сучаснай біягазавай устаноўкі, якая стане першай ластаўкай у атрыманні экалагічнай энергіі шляхам рацыянальнага выкарыстоўвання рэсурсаў жывёлагадоўлі.

b7634ab1f1f56e70da4a41ea8784873e

Пра гэты куток Прынёманскага краю можна расказваць доўга. Распавядаць пра дасягненні, людзей, багатую гісторыю і абнадзейваючыю будучыню. Гэта зусім не значыць, што ў рэгіёне няма праблем. Яны ёсць ва ўсіх сферах. Аднак важна і адметна тое, як гэтыя праблемы вырашаюцца.

Старажытны Шчучын маладзее. На яго чыстых і ўтульных вуліцах, як і дзесяць, дваццаць, трыццаць год назад, мне сустракаюцца прыветлівыя і адкрытыя жыхары, якія любяць і цэняць мінулае, ствараюць і аберагаюць дзень сённяшні, клапоцяцца пра будучыню. Людзі, менавіта яны соль нашай зямлі: на кіраўнічай пасадзе ці за станком, людзі, якія паважаюць свой край, шануюць і разам ствараюць яго дабрабыт.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *