Хто такі «жак»?

Культура

Бадай, адной з самых жывых і любімых велікодных традыцый на Ашмяншчыне з’яўляецца звычай хадзіць у жакі. У першы або другі дзень Вялікадня дзеці бяруць у рукі кошыкі ды з добрым настроем і смехам наведваюць дамы ў сваіх селішчах, каб павіншаваць гаспадароў з Уваскрасеннем Хрыстовым.

76255068

Напэўна, няма на Ашмяншчыне чалавека, які б не ведаў слоў адмысловай «рацыі», велікоднага вершыка, які дзеці расказваюць гаспадарам:

Я маленькі жачок,

Паўзу, як рачок,

Скачу, як жабка,

Дай кока, бабка.

Гаспадыня ж мае абавязак шчодра адарыць дзетак і пакласці ў іх кошыкі фарбаваныя яйкі, цукеркі, пірог або іншыя пачастункі. Прыняць жакаў здаўна лічыцца гонарам, бо чым больш іх завітае ў дом, тым шчаслівейшым і багацейшым мае быць цэлы год. Старэйшыя людзі да сённяшняга дня вельмі шчыра дзякуюць жакам за тое, «што не абмінулі іх хаты».

34477405

Дык а хто такія насамрэч «жакі» і які радавод мае гэтае слова? Заглянуўшы ў тлумачальныя слоўнікі беларускай мовы, можна пабачыць, што «жак» – гэта рыбалоўная прылада, сетка, нерат. Такое тлумачэнне, аднак, цяжка звязаць з велікодным кантэкстам. Можа, тады нам нешта падкажуць гістарычныя слоўнікі? І сапраўды, да прыкладу, «Старабеларускі лексікон» заўважае, што ў даўнейшыя часы «жакам» называлі касцёльнага служку малодшага чыну або студэнта, шкаляра. Гэта ўжо наводзіць нас, як падаецца, на слушны шлях. Відаць, у часы Вялікага Княства Літоўскага студэнцкая і школьная моладзь акурат на Вялікдзень мела канікулы і на свята вярталася ў бацькоўскія дамы з універсітэтаў і калегій. Вядома, што падчас святочнай літургіі яны дапамагалі ў святынях, а потым, відавочна, ішлі па гасподах, каб віншаваць суседзяў і пры нагодзе сабраць сабе крыху правіянту на дарогу і на час вучобы, бо, вядома, што студэнцкае жыццё ніколі не бывае занадта сытым. Пэўна, праз некаторы час наведваць дамы са святочнымі пажаданнямі пачалі не толькі студэнты – «жакі», а ўся моладзь. Праўда, у гэтым выпадку назва пачынальнікаў звычаю засталася. Гэтак і сёння сучасныя жакі працягваюць традыцыю колішніх шкаляроў.

22738674

У сваю чаргу дарослыя на Ашмяншчыне здаўна хадзілі ў «валоўнікі» – гэтак у нас называлі валачобнікаў. На вялікі жаль, гэты звычай аднак прыходзіць у заняпад. Амаль ніхто ўжо не памятае дэталяў і асаблівасцей «хаджэння ў валоўнікі». Летась з вялікаю цяжкасцю ад сталых людзей мне ўдалося запісаць толькі некалькі фрагментаў старадаўняй велікоднай песні з Ашмяншчыны «Зялёнае віно», якой велічалі маладую незамужнюю дзяўчыну:

Дайце капу яек

Для нас на падарак.

Кілбасою акружыце,

Белым сырам завяршыце.

Цікавым мне падаўся тут выраз «капа яек». Я ўявіў яйкі ў копцы, стажку, у які звычайна складаюць сена. Гістарычныя слоўнікі падказваюць аднак, што «капа» з націскам на апошнім складзе – гэта старая мера лічэння, некалі распаўсюджаная ў Вялікім Княстве Літоўскім. «Капа» – гэта 60 штук нечага, у дадзеным выпадку яек.

Гэтыя прыклады паказваюць, як велікодныя звычаі збераглі ў сабе памяць пра мінуўшчыну, сталі водгукам гісторыі, дзеяў нашых продкаў. Вельмі хацелася б, каб гэтыя традыцыі, якія налічваюць не адну сотню гадоў, не згаслі на нас і захаваліся для нашых нашчадкаў. А да неабыякавых людзей хацелася б скіраваць просьбу: запісаць па магчымасці старыя песні ад бабуль і дзядуляў, якія яшчэ «хадзілі ў валоўнікі», ды падзяліцца сваімі запісамі на старонках «Ашмянскага весніка». Магчыма, нам усім разам удасца захаваць і прызабытую ўжо песню «Зялёнае віно» ды рэканструяваць сам валачобны абрад, які быў адметнасцю нашага рэгіёна.

Віктар ШУКЕЛОВІЧ, Жупраны.

Фота: газета «Звязда»



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *